Расея можа размясціць такія комплексы, як «Орешник», на тэрыторыі Беларусі ў другой палове 2025 года. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Аляксандра Лукашэнкі. У Генштабе паспрабавалі патлумачыць, навошта гэта робіцца.
«Навіна – магчымасць размяшчэння такіх комплексаў, як „Орешник“, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у другой палове наступнага года», – заявілі ў «Пуле Первого».
Між тым намеснік начальніка Генеральнага штабу Узброеных сілаў Беларусі Сяргей Лагадзюк сказаў БелТА, што пастанова пра размяшчэнне комплексу ў Беларусі прынятая «ў адказ на крокі, што прымаюцца Злучанымі Штатамі і Нямеччынаю ў размяшчэнні ракетаў сярэдняй далёкасці ў Еўропе».
«Мы атрымалі ад свайго галоўнакамандуючага задачу: супольна з расейскімі спецыялістамі наш вайскова-прамысловы комплекс будзе і далей развіваць гэтую зброю. Актыўны ўдзел у гэтых працэсах абумоўлены тым, што ўжо цяпер узровень лакалізацыі ў гэтым комплексе нашых прадпрыемстваў вельмі вялікі», – адзначыў Лагадзюк.
Пры гэтым ён прызнаў, што ЗША і Нямеччына толькі заяўлялі пра планы размяшчэння ракетаў сярэдняй далёкасці. Пакуль гэтага не адбылося. У ліпені 2024 года заяўлялася, што працэс пачнецца толькі ў 2026 гозе. То бок, «Орешник» у Беларусі мае з’явіцца раней. Пры гэтым здавалася, што размяшчэнне ракетаў будзе мець «эпізадычны» характар і напачатку разглядаецца як часовае.
Аляксандр Лукашэнка пасля паседжання Найвышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы ў Менску 6 снежня папрасіў Уладзіміра Пуціна размясціць на тэрыторыі Беларусі новыя сістэмы ўзбраення і найперш – «Орешник». Кіраўнік Расеі пагадзіўся.
На думку палітычнага аглядальніка радыё «Свабода» Валера Карбалевіч, гэта прапагандысцкі крок і запужванне Захаду.
«Тут і блеф, і эскалацыя. Пуцін падвышае стаўкі, умацоўвае пазіцыі перад магчымымі перамовамі ў замірэнні ва Украіне. Ён хоча іх весці з пазіцыі сілы. Размяшчэнне ў Беларусі ракеты “Орешник” – адзін з элементаў гэтай пазіцыі сілы. І адначасова гэта ўцягванне Беларусі ў геапалітычную барацьбу з Захадам, узмацненне залежнасці ад Расеі, асабліва ў вайсковым плане, – кажа Карбалевіч. – Цалкам зразумела, навошта гэта Пуціну. Навошта гэта Беларусі і Лукашэнку – ёсць вялікія пытанні».
Якуб Хруст belsat.eu