Міністэрства замежных справаў Латвіі адказала на пытанне «Белсату» адносна стаўлення да звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд для расследавання злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых у Беларусі.
«Міністэрства хацела б паведаміць Вам пра сваё падтрыманне звароту Літоўскай Рэспублікі ў МКС. Акрамя таго, Міністэрства шчыльна супрацоўнічае з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі пры ацэнцы зместу звароту і аргументаў, прадстаўленых Літоўскай Рэспублікай», – адзначыла прэс-сакратар МЗС Латвіі Дыяна Эглітэ.
Яна таксама запэўніла «ў нязменнай прыхільнасці Латвійскай Рэспублікі падтрыманню працы МКС у яго прасоўванні глабальнай справядлівасці і эфектыўнай сістэмы міжнароднага крымінальнага правасуддзя».
З адказамі замежнапалітычных ведамстваў Бельгіі, Ірландыі, Славеніі, Фінляндыі, Чэхіі ды Эстоніі можна азнаёміцца тут.
Нагадаем, што 30 верасня ўрад Літвы пры падтрыманні беларускіх дэмакратычных сілаў перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы пра «трансмежныя злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя Лукашэнкам і ягонымі саўдзельнікамі ў дачыненні беларусаў». Вільня патлумачыла свой крок тым, што больш не можа бяздзеяць. Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, што ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы ў прыцягненні Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці ў МКС.
Міністэрства замежных справаў Польшчы ўжо падтрымала зварот Літвы ў МКС. У польскім ведамстве заявілі, што «ёсць абгрунтаваныя падставы меркаваць, што рэжым Лукашэнкі мог учыніць злачынствы, вызначаныя ў статуце Міжнароднага крымінальнага суда». А міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў назваў зварот Літвы ў Гаагу «бесперспектыўным».
Апроч таго, спікер МКС Фадзі эль-Абдала заявіў: не зважаючы на тое, што Беларусь не ёсць чальцом Міжнароднага крымінальнага суда, той можа прыцягнуць краіну да адказнасці за ўдзел у дэпартацыі Расеяй украінскіх дзяцей, калі будуць доказы гэтага. Ён нагадаў, што ўзімку 2024 года ўлады Беларусі паказалі групу ўкраінскіх дзяцей з акупаванага Расеяй гораду Антрацыт. Іх адправілі ў Магілёў, дзе размясцілі ў санаторыі, а беларускія вайскоўцы ладзілі для іх трэнінгі. Пасля гэтага намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка падаў у МКС доказы імавернага дачынення Лукашэнкі да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская заявіла, што для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за здзейсненыя злачынствы дэмакратычныя сілы збіраюцца выкарыстоўваць таксама механізм Міжнароднага суда ААН.
Глеб Нержын belsat.eu