Святлана Ціханоўская заявіла, што для прыцягнення Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за здзейсненыя злачынствы дэмакратычныя сілы збіраюцца выкарыстоўваць механізм Міжнароднага суда ААН.
Пра гэта беларуская дэмакратычная лідарка выказалася ў інтэрв’ю выданню «Голас Амерыкі».
,,«Мы хочам выкарыстоўваць міжнародныя механізмы – Міжнародны крымінальны суд (ICC), Міжнародны суд ААН (ICJ), каб прыцягнуць Лукашэнку і яго паслугачоў да адказнасці. Гэтыя інструменты даволі марудлівыя, але мы паслядоўныя ў сваім падыходзе і спадзяёмся, што вельмі хутка пачнём адмысловае расследаванне гэтых злачынстваў», – прыводзіць словы Ціханоўскай ейная прэс-служба.
Падчас інтэрв’ю кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі адзначыла, што ўдзел у Генеральнай асаблеіі ААН вельмі важны для беларускіх дэмакратычных сілаў, бо ААН – гэта добрая пляцоўка, «дзе мы сустракаемся не толькі са сваймі саюзнікамі, але і з краінамі, якія могуць быць карысныя нашай справе».
«Мы шукаем сусветных лідараў, якія маглі б дапамагчы нам. Людзі ў беларускіх турмах паміраюць. Гэта самая балючая тэма для нас. Я думаю, што краіны, якія ўсё яшчэ падтрымліваюць нейкія стасункі з рэжымам, могуць дапамагчы нам пераадолець гуманітарны крызіс», – адзначыла Ціханоўская.
Заданне дэмакратычных сілаў – пераканацца, што палітыка іхных замежных партнёраў не зменіцца, падкрэсліла Ціханоўская.
«Мы шукаем шляхі вызвалення палітвязняў з гуманітарных меркаванняў. Мы шукаем краіны, арганізацыі, якія маглі б стацца пасярэднікамі ў гэтым пытанні», – сказала беларуская дэмакратычная лідарка.
Нагадаем, што літоўскі ўрад 30 верасня на падставе матэрыялаў, сабраных Народным антыкрызісным упраўленнем, перадаў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе пазоў, датычны злачынстваў Лукашэнкі супраць чалавечнасці ў дачыненні беларусаў. Літва таксама заклікала іншыя краіны свету далучыцца да гэтай заявы.
Міжнародны суд ААН – галоўны судовы орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў. Гэтак, у гэтым судзе з 2008-га да 2011 года разглядалі пазоў Грузіі супраць Расеі з нагоды дыскрымінацыі грузінскага насельніцтва на падкантрольных Расеі Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. У 2017 годзе пазоў супраць Расеі падала Украіна (справа цяпер на стадыі разгляду).
У ліпені гэтага года Аляксандр Лукашэнка назваў Міжнародны суд ААН вельмі ангажаваным і адзначыў, што ён не захоча прызнаць «генацыду мірных беларускіх жыхароў або асудзіць злачынцаў, якія дажылі да старасці». Гэта казалася ў сувязі з бурнаюй дзейнасцю афіцыйных уладаў Беларусі ў справе раскручвання тэмы генацыду беларусаў падчас Другой сусветнай вайны.
Раман Шавель belsat.eu