навіны

«З цікавасцю прынялі да ўвагі». Што думаюць у краінах Еўропы пра зварот у МКС адносна Беларусі

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан. Фота: International Criminal Court - ICC / Facebook
Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан. Фота: International Criminal Court - ICC / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Міжнародны крымінальны суд разглядае зварот Літвы адносна магчымасці прыцягнуць да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Публічна літоўскі зварот падтрымала пакуль толькі Польшча. «Белсат» спытаў улады іншых краінаў, што яны думаюць на гэты конт.

«Белсат» 4 кастрычніка даслаў пісьмовыя пытанні пра стаўленне да звароту Літвы ў МКС у Міністэрствы замежных справаў усіх краінаў Еўропы, якія ратыфікавалі Рымскі статут, а таксама ў МЗС нееўрапейскай Канады і Украіны, якая не ратыфікавала дакументу. За тыдзень мы атрымалі адказы толькі з шасці краінаў, з якімі і прапануем азнаёміцца.

,,

«Ірландыя асуджае палітычныя рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека, учыненыя ў Беларусі пасля ашуканскіх прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Як рашучы прыхільнік Міжнароднага крымінальнага суда (МКС), мы лічым права ўсіх дзяржаваў-удзельніц перадаваць справы пракурору МКС важным механізмам для забеспячэння расследавання і судовага пераследу злачынстваў, якія падпадаюць пад юрысдыкцыю суда. Ірландыя падтрымлівае незалежныя і бесстароннія расследаванні пракурора як неабходныя для выканання мандату МКС у спыненні беспакаранасці», – гаворыцца ў адказе з ірландскага МЗС.


Пра даўнюю прыхільнасць да Міжнароднага крымінальнага суда, яго незалежнасці, бесстароннасці і ролі ў забеспячэнні міжнароднага крымінальнага правасуддзя заявілі і ў вонкавапалітычным ведамстве Чэхіі. Там паведамілі, што «з цікавасцю» адзначылі зварот Літвы і заяву Пракурора МКС пра папярэдняе расследаванне, але пакуль не маюць «дадатковых каментароў».

«Рэспубліка Славенія вітае аператыўны адказ пракурора МКС на пазоў Літоўскай Рэспублікі, у тым ліку пачатак папярэдняга расследавання, і будзе сачыць за далейшым развіццём падзеяў. Славенія глыбока занепакоеная ростам рэпрэсіяў і пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Згодна з асноўнымі кірункамі сваёй вонкавай палітыкі падкрэслівае важнасць забеспячэння адказнасці і падтрымлівае ўсе намаганні ў выяўленні і рэагаванні на масавыя парушэнні правоў чалавека», заявілі ў славенскім МЗС.

Там падкрэслілі, што падтрымліваюць мандат суда «ў барацьбе з беспакаранасцю за самыя цяжкія злачынствы ды незалежнае і бесстаронняе ажыццяўленне правасуддзя судом». 

Падчас паседжання МКС. Фота: International Criminal Court - ICC / Facebook
Падчас паседжання МКС. Фота: International Criminal Court - ICC / Facebook

У МЗС Бельгіі назвалі барацьбу «з беспакаранасцю за самыя сур’ёзныя злачынствы, якія выклікаюць міжнародную занепакоенасць», сваім прыярытэтам. Але заявілі, што не далучацца «да Літвы ў гэтым канкрэтным выпадку».

У бельгійскім ведамстве адзначылі, што юрысдыкцыя МКС распаўсюджваецца на выпадкі, калі абвінавачваны ў злачынстве ёсць грамадзянінам дзяржавы-ўдзельніцы або калі меркаванае злачынства было ўчыненае прынамсі часткова на тэрыторыі дзяржавы-ўдзельніцы. 

«Аднак Беларусь не ёсць дзяржавай-удзельніцай. Такім чынам, меркаванае злачынства павінна было быць учыненае часткова на тэрыторыі дзяржавы-ўдзельніцы. Гэта апошняя гіпотэза фактычна ёсць асноваю для юрысдыкцыі ў гэтым літоўскім пазове. Перавага для дзяржавы-ўдзельніцы ў перадачы сітуацыі ў Суд у тым, што, у адрозненне ад рашэння proprio motu пракурора, пракурору не трэба атрымліваць дазволу ад суда, каб пачаць расследаванне», гаворыцца ў адказе МЗС Бельгіі.

Падчас паседжання МКС. Фота: International Criminal Court - ICC / Facebook
Падчас паседжання МКС. Фота: International Criminal Court - ICC / Facebook
Суддзі Міжнароднага крымінальнага суда. Фота: International Criminal Court - ICC / Facebook

Памерлі, сядзяць або яшчэ на волі. Каму можа скласці кампанію Лукашэнка ў вышуку МКС

навіны

Нагадаем, што 30 верасня ўрад Літвы пры падтрыманні беларускіх дэмакратычных сілаў перадаў у офіс пракурора МКС матэрыялы пра «трансмежныя злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя Лукашэнкам і ягонымі суўдзельнікамі ў дачыненні беларусаў». Вільня патлумачыла свой крок тым, што больш не можа бяздзеяць. Беларускія дэмакратычныя сілы заклікалі краіны, што ратыфікавалі Рымскі статут, падтрымаць намаганні Літвы ў прыцягненні Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці ў МКС.

Міністэрства замежных справаў Польшчы ўжо падтрымала зварот Літвы ў МКС. Там заявілі, што «ёсць абгрунтаваныя падставы меркаваць, што рэжым Лукашэнкі мог учыніць злачынствы, вызначаныя ў статуце Міжнароднага крымінальнага суда». Пры гэтым 3 кастрычніка міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў назваў зварот Літвы ў Гаагу «бесперспектыўным».

Апроч таго, спікер МКС Фадзі эль-Абдала заявіў: не зважаючы на тое, што Беларусь не ёсць чальцом Міжнароднага крымінальнага суда, той можа прыцягнуць краіну да адказнасці за ўдзел у дэпартацыі Расеяй украінскіх дзяцей, калі будуць доказы гэтага. Ён нагадаў, што ўзімку 2024 года ўлады Беларусі паказалі групу ўкраінскіх дзяцей з акупаванага Расеяй гораду Антрацыт. Іх адправілі ў Магілёў, дзе размясцілі ў санаторыі, а беларускія вайскоўцы ладзілі для іх трэнінгі. Пасля гэтага намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка падаў у МКС доказы імавернага дачынення Лукашэнкі да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская заявіла, што для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за здзейсненыя злачынствы дэмакратычныя сілы збіраюцца выкарыстоўваць таксама механізм Міжнароднага суда ААН. 

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10