Улады Літвы не непакояцца ад таго, што перадача імі разам з дэмакратычнымі сіламі Беларусі справы ў дачыненні Аляксандра Лукашэнкі ў Міжнародны крымінальны суд пагоршыць стасункі з Беларуссю. Пра гэта ў каментары «Белсату» сказала намесніца міністра юстыцыі Літвы Грыгайце-Даўгірдэ.
Прадстаўніца літоўскага ўраду заявіла, што пры падачы дакументаў у дачыненні Лукашэнкі ў МКС там адзначылі, «што ў іх сапраўды шмат сітуацыяў на стадыі расследавання, і гэта зойме час, але, вядома, яны прыкладуць максімум намаганняў, каб пераканацца, што яны разгледзяць усе дэталі, якія былі нададзеныя суду».
«Ёсць шмат доказаў таго, што гэтыя меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасці здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі, таму натуральным следствам гэтага, вядома, могуць быць выдадзеныя ордары на арышт або, прынамсі, пракурор спачатку звернецца ў калегію суддзяў, каб гэтыя ордары на арышт былі выдадзеныя», — сказала Габія Грыгайце-Даўгірдэ.
Намесніца міністра адзначыла, што Літва ўжо абмяркоўвала гэтую ініцыятыву з магчымымі партнёрам і гатовая надалей супрацоўнічаць з краінамі, «каб гэтая сітуацыя была не толькі сітуацыяй Літвы».
«Ва ўсіх іншых суседніх дзяржавах вельмі падобная сітуацыя, так што ў вас ёсць два варыянты. Вядома, вы можаце заплюшчыць вочы, вы можаце пачаць разбірацца з гэтым самастойна на ўзроўні нацыянальнай юрысдыкцыі, але ёсць некаторыя неад’емныя праблемы, з якімі нацыянальныя юрысдыкцыі не могуць справіцца. Адна з іх — гэта пытанне асабістага імунітэту, таму мы разумеем, што калі Міжнародны крымінальны суд возьмецца за гэтую сітуацыю і пачне афіцыйнае расследаванне ў адпаведнасці з Рымскім статутам, яны фактычна могуць выдаць ордар на арышт кіраўніка дзяржавы, нават дзяржавы, якая не з’яўляецца чальцом», — заявіла яна.
Каментуючы магчымыя наступствы з боку рэжыму Лукашэнкі ў адказ на падачу Літвой дакументаў у МКС, Грыгайце-Даўгірдэ сказала, што «разрываць асабліва няма чаго, бо ў нас няма грунтоўных дыпламатычных стасункаў з Беларуссю».
30 верасня Літва звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд і прадставіла доказы злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненыя Лукашэнкам у дачыненні беларусаў. Злачынствы, у якіх абвінавачваюцца цяперашнія ўлады, — дэпартацыя, пераслед беларусаў у выгнанні і «іншыя негуманныя акты аналагічнай цяжкасці». Гэта прэцэдэнт: упершыню ў гісторыі трыбуналу дзяржава — удзельніца Рымскага статуту заяўляе пра злачынствы, здзейсненыя ў краіне, што не далучылася да статуту.
Літоўскі ўрад звярнуўся да пракурора Міжнароднага крымінальнага суда на просьбу НАУ і на падставе матэрыялаў, сабраных арганізацыяй на чале з Латушкам.
У Вільні ўпэўненыя, што маштабныя рэпрэсіі ў нашай краіне вымушаюць беларусаў эміграваць, а гэта можна лічыць дэпартацыяй. Літва — адна з дзяржаваў, дзе ўцекачы знайшлі прытулак, таму яна і перадала ў Гаагскі трыбунал матэрыялы, сабраныя Народным антыкрызісным упраўленнем. Літва заклікала іншыя дзяржавы далучыцца да ініцыятывы Літвы «дзеля трыумфу справядлівасці» і нагадала, што Вільня першаю звярнулася ў трыбунал з «украінскім кейсам», у выніку якога быў выдадзены ордар на арышт Уладзіміра Пуціна.
Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Асад Ахмад Хан у адказ паведаміў, што перадача справы дзяржаве-ўдзельніку не прыводзіць да аўтаматычна да пачатку расследавання, але пацвердзіў, што ведамства правядзе папярэднюю праверку для разгляду запыту ў рамках юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда. 1 кастрычніка ў Гаазе дэмакратычныя сілы Беларусі разам з уладамі Літвы правялі супольную прэс-канферэнцыю, прысвечаную падачы дакументаў у МКС.
Афіцыйны Менск пакуль не адрэагаваў на заяву Літвы аб перадачы ў Гаагскі трыбунал дакументаў. Але 26 верасня, напярэдадні падачы дакументаў у МКС, на партале sb.by быў апублікаваны каментар міністра замежных справаў Беларусі Максіма Рыжанкова, у якім ён гаворыць пра важнасць нармалізацыі стасункаў паміж Беларуссю.
Эксперты адзначаюць, што дзеянні ўладаў сведчаць пра тое, што яны рыхтаваліся да звароту ў Міжнародны крымінальны суд. Рэакцыя яшчэ будзе, але да разрыву дыпламатычных стасункаў не дойдзе, лічыць палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.
Ігар Кулей, Макар Мыш belsat.eu