Нягледзячы на высокую занятасць Міжнароднага крымінальнага суда, ён будзе займацца справаю у дачыненні Аляксандра Лукашэнкі, якую перадала Літва разам з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Пры гэтым удзел іншых краінаў мог бы спрасціць і паскорыць гэты працэс.
Галоўны юрыдычны кансультант ураду Літвы ў справе прыцягнення рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці, адвакат брытанскай кампаніі Doughty Street Chambers Аарыф Абрагам адзначыў у каментары «Белсату», што пасля таго, як дзяржава-ўдзельніца Рымскага статуту перадала дакументы ў Міжнародны крымінальны суд «гэты працэс, у некаторым сэнсе, незваротны».
Паводле юрыста, адразу пасля перадачы дакументаў на падставе перададзенай Літвой інфармацыі мае пачацца папярэдняе расследаванне сітуацыі ў Беларусі.
«Калі пракурор пераканаецца, што выкананыя пэўныя тэсты — тэсты юрысдыкцыі, тэсты прымальнасці і тэсты інтарэсаў правасуддзя — для працягу справы, то пракурор пачне афіцыйнае расследаванне. І калі афіцыйнае расследаванне прыйдзе да высновы, што злачынствы супраць чалавечнасці здзяйсняюцца беларускім рэжымам, часткова на тэрыторыі Літвы, то пракурор папросіць суддзяў выдаць ордар на арышт тых, хто будзе прызнаны адказным», — адзначыў Абрагам.
Паводле яго, «няма ніякіх гарантыяў, што гэта адбудзецца», бо пракурор незалежны ў прыняцці рашэнняў. Аднак, дадаў юрыст, афіцыйнаму расследаванню справы і выдачы ордару могуць дапамагчы аналагічныя літоўскаму звароты іншых краінаў.
,,«Калі больш краін зробяць зварот у якасці дзяржавы-ўдзельніцы, гэта паказнік таго, што больш краін занепакоеныя сітуацыяй у Беларусі, што гэта выклікае непакой ва ўсёй міжнароднай супольнасці, і таму дзяржавы-ўдзельніцы, якіх налічваецца 124, павінны ўжо пачаць думаць, ці зробяць яны гэтак жа, як Літва. Гэта будзе вельмі карысна, калі яны гэта зробяць», — падкрэсліў юрыст.
Абрагам таксама прызнаў, што праз вялікую колькасць канфліктаў і злачынстваў у свеце, Міжнародны крымінальны суд і так мае шмат справаў, што вымагаюць фінансавання, рэсурсаў, персаналу. Аднак, дадаў ён, у выпадку расследавання дзяржавы-ўдзельніцы могуць пералічваць дадатковыя сродкі, камандзіраваць супрацоўнікаў у суд ды надаваць яму іншыя рэсурсы, «каб ён мог выконваць сваю функцыю і выконваць свой мандат».
30 верасня Літва звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд і прадставіла доказы злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненыя Лукашэнкам у дачыненні беларусаў. Злачынствы, у якіх абвінавачваюцца цяперашнія ўлады, — дэпартацыя, пераслед беларусаў у выгнанні і «іншыя негуманныя акты аналагічнай цяжкасці». Гэта прэцэдэнт: упершыню ў гісторыі трыбуналу дзяржава — удзельніца Рымскага статуту заяўляе пра злачынствы, здзейсненыя ў краіне, што не далучылася да статуту.
Літоўскі ўрад звярнуўся да пракурора Міжнароднага крымінальнага суда на просьбу НАУ і на падставе матэрыялаў, сабраных арганізацыяй на чале з Латушкам.
У Вільні ўпэўненыя, што маштабныя рэпрэсіі ў нашай краіне вымушаюць беларусаў эміграваць, а гэта можна лічыць дэпартацыяй. Літва — адна з дзяржаваў, дзе ўцекачы знайшлі прытулак, таму яна і перадала ў Гаагскі трыбунал матэрыялы, сабраныя Народным антыкрызісным упраўленнем. Літва заклікала іншыя дзяржавы далучыцца да ініцыятывы Літвы «дзеля трыумфу справядлівасці» і нагадала, што Вільня першаю звярнулася ў трыбунал з «украінскім кейсам», у выніку якога быў выдадзены ордар на арышт Уладзіміра Пуціна.
Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Асад Ахмад Хан у адказ паведаміў, што перадача справы дзяржаве-ўдзельніку не прыводзіць да аўтаматычна да пачатку расследавання, але пацвердзіў, што ведамства правядзе папярэднюю праверку для разгляду запыту ў рамках юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда.
Афіцыйны Менск пакуль не адрэагаваў на заяву Літвы аб перадачы ў Гаагскі трыбунал дакументаў. Эксперты тым часам адзначаюць, што гэта не ад нечаканасці — дзеянні ўладаў сведчаць пра тое, што яны рыхтаваліся да гэтага. Рэакцыя яшчэ будзе, але да разрыву дыпламатычных стасункаў не дойдзе, лічыць палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.
1 кастрычніка ў Гаазе дэмакратычныя сілы Беларусі разам з уладамі Літвы правялі супольную прэс-канферэнцыю, прысвечаную падачы дакументаў у МКС.
Ігар Кулей, Макар Мыш belsat.eu