навіны

Лукашэнку ў Гаагу: Пракурор Міжнароднага суда ўжо можа пачынаць выдаваць ордары на арышт

Прэс-канферэнцыя ў Гаазе, Нідэрланды. 30 верасня 2024 года
Прэс-канферэнцыя ў Гаазе, Нідэрланды. 30 верасня 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

1 кастрычніка ў Гаазе, у амбасадзе Літвы ў Нідэрландах, прайшла прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў літоўскага Міністэрства юстыцыі, дэмакратычных сілаў Беларусі і экспертаў у галіне міжнароднага права з нагоды падачы Вільняй звароту ў Міжнародны крымінальны суд для прыцягнення да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі.

Прэс-канферэнцыя была прысвечаная перадачы ўрадам Літвы ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе дакументаў аб трансгранічных злачынствах супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі

Апроч абранай прэзідэнткі Беларусі, кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай і ейнага намесніка, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі, удзел у ёй узяло кіраўніцтва міністэрства юстыцыі Літвы. На прэс-канферэнцыю запрошаныя таксама міністр замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант і генеральная дырэктарка БелТА Ірына Акуловіч, але яны на яе не з'явіліся.

«Міжнародны крымінальны суд павінен забяспечыць справядлівасць»


Намесніца міністра юстыцыі Літвы Габія Грыгайце Даўгірдэ адзначыла, што літоўскі ўрад у супрацы з «доўгатэрміновымі партнёрамі з Беларусі» працаваў больш як год у зборы дакументаў для падачы ў Міжнародны крымінальны суд.

«Літва гатовая прадставіць усе неабходныя дакументы і патлумачыць акалічнасці адносна таго, што злачынствы, якія здзяйсняюцца ў Беларусі, з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці», — заявіла прадстаўніца Літвы.

Таксама што Беларусь саўдзельнічала ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, і «рэжыму таксама будзе месца ў будучым трыбунале адносна гэтай агрэсіі». Таксама Літва прадстаўляе дакументы адносна датычнасці рэжыму Лукашэнкі да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, праводзіць гібрыдную агрэсію супраць Літвы.

«Міжнародны крымінальны суд павінен забяспечыць справядлівасць у гэтай сітуацыі, каб міжнароднае правасуддзе дзеяла і рэжым Лукашэнкі быў прыцягнуты да адказнасці», — сказала намесніца міністра юстыцыі.

Прэс-канферэнцыя 30 верасня 2024 г. у Гаазе, Нідэрланды. (Фота: Белсат)
Прэс-канферэнцыя 30 верасня 2024 г. у Гаазе, Нідэрланды. (Фота: Белсат)

Што будзе далей?

Юрыст, дарадца літоўскага ўраду ў справах з МКС Аарыф Абрагам заклікаў усе зацікаўленыя бакі працягваць дакументваць злачынствы, якія робіць рэжым Лукашэнкі, бо гэта «важна, каб забяспечыць правасуддзе».

«Гэтыя злачынствы [якія адбываюцца з 2020 года] з’яўляюцца злачынствамі супраць чалавечнасці. Яны здзяйсняюцца супраць цывільнага насельніцтва. Гэта супярэчыць беларускаму заканадаўству», — адзначыў ён, падкрэсліўшы, што рэжым спрабуе знішчыць любое іншадумства.

Пры гэтым юрыст дадаў, што рэжым таксама працягвае здзяйсняць злачынствы за межамі Беларусі:

«Рэжым прымусіў да дэпартацыі сотні тысячаў беларусаў, і гэта злачынствы, здзейсненыя насуперак міжнароднаму праву. Гэта элемент мэтаскіраванай дзяржаўнай палітыкі. І такія дзеянні маюць маштабны характар».

Паводле яго, маштаб рэпрэсіяў, выкарыстанне ўсіх магчымасцяў для гэтага і наяўнасць акрэсленай групы ахвяраў — тых, хто крытыкуе рэжым, сведчыць пра наяўнасць злачынстваў супраць чалавечнасці.

«Людзі фактычна пазбаўленыя права вяртацца ў сваю родную краіну, паколькі ім пагражаюць рэпрэсіі», — сказаў Абрагам.

Ён адзначыў, што зварот у Міжнародны крымінальны суд спачатку будзе падлягаць папярэдняму разгляду, будзе рабіцца яго аналіз, пасля чаго будзе ацэньвацца прымальнасць звароту. І калі ён будзе адпавядаць крытэрам прыняцця для разгляду, мае пачацца расследаванне ўчыненых злачынстваў.

«Чатыры крытэры будуць улічвацца. Пасля па выніках будзе прынятае рашэнне адносна выдачы ордару на арышт. З боку Літвы пададзеная моцная заяўка», — заявіў юрыст.

Паводле яго, пракурор можа не чакаць завяршэння фармальнага расследавання, а ўжо пачаць выдаваць ордары на арышт.

Абрагам таксама заклікаў іншыя дзяржавы рабіць свае ўласныя звароты ў Міжнародны крымінальны суд. Паводле яго, новыя дакументы можна наўпрост перадаваць у суд, каб пакараць тых, хто чыніць злачынствы, і перадухіліць здзяйсненне наступных злачынстваў.

Прэс-канферэнцыя 30 верасня 2024 г. у Гаазе, Нідэрланды. (Фота: НАУ)
Прэс-канферэнцыя 30 верасня 2024 г. у Гаазе, Нідэрланды. (Фота: НАУ)

Вольная Беларусь падпіша Рымскі статут

«Сёння гістарычны дзень для сотняў тысяч тых, хто пацярпеў ад беларускага рэжыму. Сённяшні дзень нясе ім надзею, надзею на справядлівасць. Я спадзяюся, што ўсе вінаватыя да злачынстваў, будуць прыцягнутыя да адказнасці», — заявіла абраная прэзідэнтка Беларусі.

Ціханоўская падзякавала Літве за дапамогу беларусам і за перадачу справы ў МКС як «першы крок аднаўлення справядлівасці ў Беларусі». Яна заклікала іншыя краіны паказаць «сваю прыхільнасць ідэалам і каштоўнасцям дэмакратычнай супольнасці» і падтрымаць зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд.

Яна падкрэсліла, што Рымскі статут МКС стане першай міжнароднай дамовай, якую падпіша Беларусь пасля падзення дыктатуры, каб міжнародныя злачынцы не маглі ў ёй схавацца і былі прыцягнутыя да адказнасці.

Ціханоўская падзякавала ўсім краінам, якія дапамагаюць падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы, палітвязняў і медыі. Яна таксама нагадала, што нядаўна пачаў працу Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі беларускім палітзняволеным і іхным сем’ям, у які ўжо зрабілі ахвяраванні Швецыя і Нарвегія. Абраная прэзідэнтка заклікала іншыя краіны паследаваць іхнаму прыкладу.

Лукашэнка ўвойдзе ў гісторыю як міжнародны злачынца

Намеснік кіраўніцы АПК Латушка адзначыў, што ад моманту першай сустрэчы з намесніцай міністра Габіяй Грыгайце Даўгірдэ і кіраўніком Міжнароднага юрыдычнага прадстаўніцтва Міністэрства юстыцыі Літвы Рычардам Дзіковічом да падачы звароту ў МКС прайшло 375 дзён.

«Цягам 4 гадоў беларусы жылі ў стане поўнай безнадзейнасці. Наш народ, прайшоўшы праз пекла страт за мірную абарону дэмакратычных каштоўнасцяў, адчувае сябе пакінутым і забытым. Аднак сёння сотні тысяч ахвяр здабылі надзею на справядлівасць. Спадзяванне, што аднойчы вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці», — заявіў Латушка.

Паводле яго, Міністэрства юстыцыі Літвы разам з юрыстамі і экспертамі стварыла «новы прэцэдэнт», упершыню ў практыцы МКС перадаўшы справу ў дачыненні да дзяржавы, якая не з’яўляецца ўдзельніцай Рымскага статута.

«Гэты дзень увойдзе ў гісторыю. І асабістую гісторыю Лукашэнкі, а дакладней — асабістую крымінальную справу дыктатара, які ўвойдзе ў гісторыю менавіта як міжнародны злачынца», — сказаў Латушка, дадаўшы, што «ва ўсіх падручніках пра яго будуць успамінаць не як пра першага прэзідэнта, а як пра апошняга беларускага дыктатара і міжнароднага злачынцу».

Ён таксама звярнуўся да найвышэйшых чыноўнікаў рэжыму:

,,

«Цягнік Лукашэнкі ў Гаагу крануўся сёння. Лукашэнка ўжо знаходзіцца ў ім. І ён даедзе да месца прызначэння. Цяпер ужо — без варыянтаў. Для Лукашэнкі няма шляху назад. Запушчаны працэс правасуддзя незваротны. Мы заклікаем усе дэмакратычныя краіны далучыцца і падтрымаць працэс аднаўлення справядлівасці, які быў запушчаны Літвой. І распачаць аналагічныя дзеянні, каб надаць максімальную хуткасць цягніку „Менск — Гаага“».


Латушка заклікаў чыноўнікаў, прапагандыстаў задумацца, ці хочуць яны быць «спадарожнікамі Лукашэнкі» ў «цягніку да Гаагі», або надышоў час «сысці».

«Вы ведаеце, што для гэтага трэба зрабіць. Вы ведаеце, куды адпраўляць інфармацыю», — сказаў палітык.

Прэс-канферэнцыя 30 верасня 2024 г. у Гаазе, Нідэрланды. (Фота: НАУ)
Прэс-канферэнцыя 30 верасня 2024 г. у Гаазе, Нідэрланды. (Фота: НАУ)

Пасланне чыноўнікам і іншым дыктатарам


Адказваючы на пытанне, ці не пагоршыць у зварот у Міжнародны крымінальны суд становішча беларускіх палітвязняў, Ціханоўская адзначыла, што адказнасць за гэта будзе ляжаць на рэжыме Лукашэнкі.


«Мы мусім паказаць, што сістэма міжнароднай справядлівасці працуе. Што мы не пакідаем гэтых людзей. І мы таксама пакутваем ад іх лёсу. Мы мусім паказаць, што юрыдычныя механізмы працуюць, і мы мусім абараняць гэтых людзей. Я думаю, што гэты крок дазволіць нам даслаць сігнал людзям пры ўладзе», — заявіла абраная прэзідэнтка.


Паводле Латушкі, зварот у МКС дае «вельмі моцнае пасланне» прадстаўнікам рэжыму: 


«Вельмі важна стварыць для іх сітуацыю выбару, каб яны зразумелі, на якім баку яны. ... Ці, можа, больш бяспечна сысці ў адстаўку, адступіцца, чым удзельнічаць у рэпрэсіях».


На думку палітыка, гэты зварот дапаможа змяніць сітуацыю ў краіне, і «можа быць, дыктатар будзе арыштаваны прадстаўнікамі гэтых элітаў, калі яны будуць моцна незадаволеныя».


Ціханоўская заклікала чыніць максімальны ціск на рэжым Лукашэнкі і падтрымліваць беларусаў, адрозніваючы іх пры гэтым ад расейцаў. Паводле яе, неабходная не палітыка залагоджвання дыктатара, а зрабіць усё, каб вінаватыя былі прыцягнутыя да адказнасці.


Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Літвы Дзіковіч адзначыў, што Літва выкарыстоўвае любыя сродкі, каб прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці, распачынаючы справы на нацыянальным і міжнародным узроўні.


«Трэба рабіць любыя намаганні дзеля таго, каб забяспечыць справядлівасць... Мы мусім рабіць усё, каб дасягнуць нашых мэтаў», — заявіла намесніца міністра юстыцыі Літвы Грыгайце Даўгірдэ, заклікаўшы ствараць надзею і заставацца пры гэтым рэалістамі.

,,

«Мы не ведаем да канца, што будзе рабіць рэжым. Але мы робім тое, што магчыма для нас зрабіць. Мы робім усё, каб гарантавалася вяршэнства права», — падкрэсліў юрыст Абрагам.


Як адзначыла Ціханоўская, злачынцы пакуль бачаць слабасць дэмакратыі і адчуваюць сябе непакаранымі. Прычым, дадала яна, крымінальная справа супраць Лукашэнкі стане пасланнем таксама іншым дыктатарам, што «справядлівасць запануе».

Будынак Міжнароднага крымінальнага суду. Гаага, Нідэрланды. 20 верасня 2024 года. Фота: Nicolas Economou / NurPhoto / Getty Images

«Гэты дзень увойдзе ў гісторыю Беларусі». Літва перадала ў Гаагу доказы злачынстваў Лукашэнкі

навіны

30 верасня Літва звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд і прадставіла доказы злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненыя Лукашэнкам у дачыненні беларусаў. Злачынствы, у якіх абвінавачваюцца цяперашнія ўлады, — дэпартацыя, пераслед беларусаў у выгнанні і «іншыя негуманныя акты аналагічнай цяжкасці». Гэта прэцэдэнт: упершыню ў гісторыі трыбуналу дзяржава — удзельніца Рымскага статуту заяўляе пра злачынствы, здзейсненыя ў краіне, што не далучылася да статуту.

Літоўскі ўрад звярнуўся да пракурора Міжнароднага крымінальнага суда на просьбу НАУ і на падставе матэрыялаў, сабраных арганізацыяй на чале з Латушкам.

У Вільні ўпэўненыя, што маштабныя рэпрэсіі ў нашай краіне вымушаюць беларусаў эміграваць, а гэта можна лічыць дэпартацыяй. Літва — адна з дзяржаваў, дзе ўцекачы знайшлі прытулак, таму яна і перадала ў Гаагскі трыбунал матэрыялы, сабраныя Народным антыкрызісным упраўленнем. Літва заклікала іншыя дзяржавы далучыцца да ініцыятывы Літвы «дзеля трыумфу справядлівасці» і нагадала, што Вільня першаю звярнулася ў трыбунал з «украінскім кейсам», у выніку якога быў выдадзены ордар на арышт Уладзіміра Пуціна.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Асад Ахмад Хан у адказ паведаміў, што перадача справы дзяржаве-ўдзельніку не прыводзіць да аўтаматычна да пачатку расследавання, але пацвердзіў, што ведамства правядзе папярэднюю праверку для разгляду запыту ў рамках юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда.

Афіцыйны Менск пакуль не адрэагаваў на заяву Літвы аб перадачы ў Гаагскі трыбунал дакументаў. Эксперты тым часам адзначаюць, што гэта не ад нечаканасці — дзеянні ўладаў сведчаць пра тое, што яны рыхтаваліся да гэтага. Рэакцыя яшчэ будзе, але да разрыву дыпламатычных стасункаў не дойдзе, лічыць палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.


Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10