навіны

«Прапановаў наконт аднаўлення стасункаў не атрымлівалі» – МЗС Літвы выкрыла хлусню Рыжанкова

Літва
Ілюстрацыйны здымак. Фота: mova.livejournal.com
podpis źródła zdjęcia

Літва адрэагавала на заяву міністра замежных справаў Беларусі Максіма Рыжанкова, што Беларусь нібы накіроўвала Вільнюсу прапановы пра нармалізацыю стасункаў паміж нашымі краінамі. Ніякіх такіх паведамленняў не атрымлівалі, сцвярджаюць там.

26 верасня на партале sb.by быў апублікаваны каментар міністра замежных справаў Беларусі Максіма Рыжанкова, у якім ён гаворыць пра важнасць нармалізацыі стасункаў паміж Беларуссю і Літвой і ўзгадвае, што адпаведныя запыты ўжо пасылаліся ў Літву праз дыпламатычныя каналы. 28 верасня афіцыйная Вільня на гэты каментар адрэагавала.

«Міністэрства замежных справаў Літвы праз дыпламатычныя каналы не атрымала прапановаў беларускага боку, пра якія гаворыцца ў апублікаваным артыкуле міністра замежных справаў Беларусі», – гаворыцца ў паведамленні МЗС Літвы, якое цытуе «LRT».

Таксама ў ведамстве патлумачылі, што аднаўленне і нармалізацыя стасункаў будуць магчымы толькі тады, калі Менск правядзе дэмакратычныя рэформы і справядлівыя выбары, вызваліць палітычных зняволеных, возьме на сябе адказнасць за рэпрэсіі, кампенсуе шкоду пацярпелым не толькі ў Беларусі, але і ва Украіне, а асобы, якія ажыццяўляюць рэпрэсіі, будуць прыцягнутыя да адказнасці.

«Кіроўны ў Беларусі рэжым працягвае рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці краіны, трымае ў жорсткіх умовах больш за 1 300 палітычных зняволеных, працягвае саўдзельнае падтрыманне Расеі ў яе незаконнай агрэсіі супраць Украіны, дапамагае ёй абыходзіць заходнія санкцыі, праводзіць дэзінфармацыйныя і гібрыдныя атакі на суседнія дзяржавы», – дадае да свайго адказу МЗС Літвы.

Літоўскія палітыкі ўжо адзначылі, што каментар Рыжанкова можа быць звязаны з выбарамі, якія пройдуць у Літве ў кастрычніку гэтага года, і нават назвалі гэта правакацыяй. МЗС Літвы таксама акцэнтавала ўвагу на тым, што «мэты рэжыму Лукашэнкі без сумневаў пагражаюць нацыянальнай бяспецы Літвы».

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10