навіны

Аляксандр Фрыдман: Разрыву дыпламатычных адносінаў з Літвой не будзе, але адносіны пагоршацца

Міжнародны крымінальны суд. Фота: PIROSCHKA VAN DE WOUW / Reuters / Forum
Міжнародны крымінальны суд. Фота: PIROSCHKA VAN DE WOUW / Reuters / Forum
podpis źródła zdjęcia

Афіцыйны Менск пакуль не адрэагаваў на заяву Літвы аб перадачы ў Гаагскі трыбунал дакументаў пра злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя Аляксандрам Лукашэнкам. Эксперты тым часам адзначаюць, што гэта не ад нечаканасці – дзеянні уладаў сведчаць пра тое, што яны рыхтавалі да гэтага. Рэакцыя яшчэ будзе, але да разрыву дыпламатычных стасункаў не дойдзе, лічыць палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман.

«Каб разарваць дыпламатычныя адносіны…думаю, што на гэты крок яны не пойдуць, але тое, што адносіны значна пагоршацца, - гэта відавочна», - сказаў Аляксандр Фрыдман у каментары «Белсату».

Узгадваючы заявы беларускіх уладаў апошніх дзён датычныя беларуска-літоўскіх стасункаў, эксперт прыходзіць да высновы, што ў Менску ведалі пра намеры Літвы. 

,,

«Яны проста рыхтаваліся да таго, што будзе, каб прынамсі паспрабаваць атрымаць нейкі прапагандысцкі профіт, што вось глядзіце: мы да Літвы з абдымкамі, мы жадаем сябраваць, выбудоўваць стасункі, а яны вось так супраць нас», - кажа ён.


Нагадаем, што на мінулым тыдні ў выданні «Беларусь сегодня» выйшаў артыкул міністра замежных спраў Беларусі Максіма Рыжанкова, у якім ён назваў беларуска-літоўскія дачыненні найгоршымі за ўсю гісторыю двухбаковай супрацы і заклікаў Літву вярнуцца да «нармальнага раўнапраўнага дыялогу».

Там жа ён сцвярджаў, што Менск неаднаразова даводзіў Літве гатовасць да перамоваў. Міністэрства замежных справаў Літвы абвергла гэтую інфармацыю, паведаміўшы, што не атрымлівала ад Беларусі ніякіх прапановаў дзеля аднаўлення стасункаў. Умоваю такіх перамоваў у заяве літоўскага МЗСу называюцца дэмакратычныя рэформы ў нашай краіне, вызваленне палітвязняў і пакаранне вінаватых у рэпрэсіях.

Больш зразумелымі ў святле сённішніх падзей становяцца заявы самаго
Аляксандра Лукашэнкі, якія ён зрабіў яшчэ 17 верасня, а таксама тлумачэнні на гэты конт ягонай прэс-сакратаркі Наталлі Эйсмант.

«Мэта – прыцягнуць прэзідэнта Беларусі да адказнасці і выключыць яго з парадку дня. Як яны пішуць, каб прэзідэнт Беларусі, калі пачнуцца мірныя перамовы ва Украіне, не мог узяць удзелу ў гэтых перамовах», - казаў Лукашэнка.

«Раней нагодай яны спрабавалі зрабіць сітуацыю з нібыта скрадзенымі дзецьмі, якім мы насамрэч дапамагалі, аздараўлялі і, натуральна, вярталі дадому. Цяпер новая тэма – нібыта мы выкінулі беглых з Беларусі на Захад», - тлумачыла Эйсмант яшчэ тады, калі шырокай грамадскасці яшчэ нічога не было вядома пра зварот Літвы да гагскага трыбуналу.

Літва
патлумачыла асобным прэс-рэлізам сваю матывацыю.

,,

«Рэжым Беларусі недаацэньвае рашучасць і прынцыповасць Літвы (ў гэтым плане. Нельга ігнараваць такую беспакаранасць, бо мы бачым, што гэта ліецца праз межы, і гэта – пагроза рэгіянальнай бяспецы», - адзначыў ў размове з «Белсатам» літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.


Нашыя суразмоўцы перакананыя, што з гэткімі заявамі ў Міжнародны суд мусяць звярнуцца і іншыя краіны.

Як паведамлялася, Літва звярнуўся ў Міжнародны крымінальны суд і прадставіла доказы злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненыя Аляксандрам Лукашэнкам у дачыненні беларусаў.

Злачынствы, у якіх абвінавачваюцца цяперашнія ўлады, – дэпартацыя, пераслед беларусаў у выгнанні і «іншыя негуманныя акты аналагічнай цяжкасці».

Гэта прэцэдэнт: упершыню ў гісторыі трыбуналу дзяржава – удзельніца Рымскага статуту заяўляе пра злачынствы, здзейсненыя ў краіне, што не далучылася да статуту.

Падрабязней глядзіце ў сюжэце.

Ірына Дарафейчук, Марыя Голдстэйн, «Белсат»

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10