навіны

«Болей не можам сядзець склаўшы рукі». Літва растлумачыла зварот у суд у Гаазе супраць Лукашэнкі

img
Герб Літвы і шпіль на палацы вялікіх князёў літоўскіх. Вільня, Літва. 21 лютага 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Вільня дамагаецца ордару на арышт самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі.

Міністэрства юстыцыі Літвы ўслед за НАУ паведаміла пра зварот у Міжнародны крымінальны суд у звязку са злачынствамі, здзейсненымі цяперашнімі ўладамі Беларусі. 


У Вільні ўпэўненыя, што маштабныя рэпрэсіі ў нашай краіне вымушаюць беларусаў эміграваць, а гэта можна лічыць дэпартацыяй. Літва – адна з дзяржаваў, дзе ўцекачы знайшлі прытулак, таму яна і перадала ў Гаагскі трыбунал матэрыялы, сабраныя Народным антыкрызісным упраўленнем.


Літва сталася першаю краінаю, якая звярнулася ў Міжнародны крымінальны суд з увагі на сітуацыю ў Беларусі, падкрэсліла кіраўніца Мінюсту Эвэліна Дабравольска:

,,

«Урад Літвы больш не можа сядзець склаўшы рукі ў той час, як злачынствы супраць чалавечнасці працягваюць здзяйсняцца ў велічэзных маштабах у Беларусі, суседняй краіне, а ахвяры пакутуюць у выгнанні, у далечыні ад дому, сямей, сяброў. Беспакаранасць больш не можа працягвацца, і правасуддзе мае быць здзейсненае».


Міністарка заклікала іншыя дзяржавы далучыцца да ініцыятывы Літвы «дзеля трыумфу справядлівасці» і нагадала, што Вільня першаю звярнулася ў трыбунал з «украінскім кейсам», у выніку якога быў выдадзены ордар на арышт Уладзіміра Пуціна:

,,

«Цяпер мы робім ход, папрасіўшы суд расследаваць сітуацыю ў Беларусі, і мы чакаем ордару на арышт Лукашэнкі».


Намесніца кіраўніцы Міністэрства юстыцыі Літвы Габія Грыгайце-Даўгірдзе адзначыла, што «зверскія злачынствы, якія здзяйсняе беларускі рэжым на чале з Лукашэнкам, прывялі да таго, што тысячы ахвяраў апынуліся ўва ўсёй Еўропе».


«Літва гарантавала пэўную ступень бяспекі для беларусаў, з якімі мы шчыльна звязаныя. Сапраўдная бяспека і чалавечая годнасць будуць гарантаваныя толькі тады, калі Лукашэнка і ягоныя памагатыя будуць прыцягнутыя да адказнасці ў судзе. Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда мае ўсё, каб зрабіць гэта», – упэўненая намесніца міністаркі.


Літва перадала пракурору міжнароднага трыбуналу пераканаўчыя доказы крымінальнай адказнасці найвышэйшага кіраўніцтва беларускага рэжыму ў звязку са злачынствамі супраць чалавечнасці ў дачыненні беларускага народу, звярнуў увагу дарадца ўраду Літвы ў судзе ў Гаазе Арыф Эйбрагам:


«Гэтыя злачынствы велічэзныя ў маштабах, цяжкасці і сур’ёзнасці і ўлучаюць незаконную дэпартацыю, пераслед ды іншыя бесчалавечныя дзеянні. Усе яны здзейсненыя паводле наўпроставага загаду Лукашэнкі. Пракурор суда пачне неадкладнае расследаванне, а з часам, калі будуць выкананыя ўсе ўмовы, звернецца да суддзяў з просьбаю выдаць ордар на арышт. Самаабвешчаны “апошні і адзіны дыктатар Еўропы” можа стаць апошнім, і ёсць надзея, што аднойчы апынецца ў Гаазе».

Мітынг салідарнасці ў Дзень палітвязняў у Беларусі. Вільня, Літва. 21 траўня 2024 года. Фота: Белсат
Мітынг салідарнасці ў Дзень палітвязняў у Беларусі. Вільня, Літва. 21 траўня 2024 года. Фота: Белсат

У паведамленні Міністэрства юстыцыі Літвы таксама цытуецца абраная прэзідэнтка Беларусі, кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінету Святлана Ціханоўская. Яна заклікала міжнародную супольнасць далучыцца да намаганняў Вільні прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці:


«Ідзецца не толькі пра Беларусь, гаворка пра справядлівасць для ўсіх, хто цэніць дэмакратычны свет. Больш аніякай беспакаранасці. Мы заклікаем дапамагчы скончыць гэтае цараванне тэрору».


Ціханоўская адзначыла, што цяперашнія ўлады не толькі стварылі атмасферу страху, тэрору і пераследу ў Беларусі, але і намагаюцца дацягнуцца да беларусаў у выгнанні:


«Блізу 300 тысячаў беларусаў былі вымушаныя ўцячы. Але дыктатар распаўсюджвае сваю палітыку за межы нашай краіны, атакуючы нас шляхам запужвання, судовага пераследу, завочных працэсаў».


Беларуская лідарка таксама канстатавала, што «рэжым Лукашэнкі стварыў жахліва эфектыўную машыну масавых рэпрэсіяў»:


«Гэта не проста асобныя выпадкі пераследу, а паўнавартасная дзяржаўная палітыка. Заканадаўства было перайначанае дзеля сістэматычнай дыскрымінацыі ўсіх, каго дыктатар лічыць нелаяльным».


Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету, старшыня НАУ Павел Латушка назваў гэты дзень гістарычным:


«Гэта гістарычны дзень для міжнароднага правасуддзя, гісторыі Беларусі і асабістай гісторыі Лукашэнкі, а дакладней – асабістай крымінальнай справы дыктатара, які ўвойдзе ў гісторыю як міжнародны злачынца».

Будынак Міжнароднага крымінальнага суду. Гаага, Нідэрланды. 20 верасня 2024 года. Фота: Nicolas Economou / NurPhoto / Getty Images

«Гэты дзень увойдзе ў гісторыю Беларусі». Літва перадала ў Гаагу доказы злачынстваў Лукашэнкі

навіны

Злачынствы, у якіх абвінавачваюцца цяперашнія ўлады, – дэпартацыя, пераслед беларусаў у выгнанні і «іншыя негуманныя акты аналагічнай цяжкасці».


«Рэжым Лукашэнкі змусіў цывільнае насельніцтва пакінуць тэрыторыю Беларусі, стварыўшы атмасферу страху і тэрору пры дапамозе негуманнага, жорсткага абыходжання, абыходжання, што прыніжае годнасць, пры дапамозе палітычна матываванага пазбаўлення волі, катаванняў, згвалтаванняў, забойстваў, пазбаўлення фундаментальных правоў і іншых злачынных дзеянняў», – растлумачылі раней у НАУ.


Другая група злачынстваў – пераслед беларусаў за мяжою. Тут і пагрозы жыццю і здароўю; пераслед сваякоў, якія засталіся ў Беларусі; пазбаўленне маёмасці; завочныя і палітычна матываваныя прысуды; пазбаўленне доступу да базавых дзяржаўных паслугаў; атака вызначанай групы асобаў з дыскрымінацыйных матываў; ужыванне мовы нянавісці.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10