навіны

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда пра запыт Літвы наконт Лукашэнкі: «Ведамства правядзе правяранне»

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Асад Ахмад Хан
Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Асад Ахмад Хан. Фота: icc-cpi.int
podpis źródła zdjęcia

Пасля таго, як 30 верасня Літоўская Рэспубліка перадала Міжнароднаму крымінальнаму суду доказы злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Асад Ахмад Хан выступіў з заяваю.

Пракурор паведаміў, што перадача справы дзяржаве-ўдзельніцы не прыводзіць аўтаматычна да пачатку расследавання, але пацвердзіў, што ведамства правядзе папярэдняе правяранне.

«Літоўская Рэспубліка скіравала зварот у маю канцылярыю, ажыццяўляючы сваю прэрагатыву як дзяржавы – ўдзельніцы Рымскага статуту Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) у адпаведнасці з артыкулам 14(1) Статуту.

У сваім звароце Літоўская Рэспубліка просіць маё ведамства расследаваць меркаваныя злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя ў Рэспубліцы Беларусь, якая не ёсць дзяржаваю – ўдзельніцаю МКС, паказваючы, што частка элементаў меркаваных злачынстваў была здзейсненая на тэрыторыі Літвы, дзяржавы – ўдзельніцы МКС.

У прыватнасці, у звароце сцвярджаецца, што пачынаючы з красавіка 2020 года і, прынамсі, з 1 траўня 2020 года часткова працягваюцца да гэтага дня злачынствы супраць чалавечнасці, уключаючы дэпартацыю, пераследы і іншыя бесчалавечныя акты, што здзяйсняліся супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі праз загад высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, палітычных кіраўнікоў, кіраўнікоў праваахоўных органаў і вайскоўцаў, і што частка гэтых злачынстваў была здзейсненая на тэрыторыі Літвы, што падпадае пад юрысдыкцыю Суда ў часовым, тэрытарыяльным і матэрыяльным дачыненні (паводле зместу) такіх злачынстваў.

У выніку ўрад Літвы звярнуўся да майго ведамства з просьбаю расследаваць усе мінулыя, цяперашнія і будучыя злачынствы, што падпадаюць пад юрысдыкцыю Суда, у тым ліку згаданыя злачынствы, учыненыя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і часткова на тэрыторыі Літвы, прынамсі, з 1 траўня 2020 года.

У адпаведнасці з Рымскім статутам дзяржава-ўдзельніца можа перадаць у маё ведамства сітуацыю, у якой, як уяўляецца, было здзейсненае адно або некалькі злачынстваў, што падпадаюць пад юрысдыкцыю Суда, з просьбаю да кіраўніцтва расследаваць яе з мэтаю вызначэння таго, ці варта высунуць абвінавачанне аднаму або некалькім канкрэтным асобам у здзяйсненні гэтага злачынства.

Перадача справы дзяржаве-ўдзельніцы не прыводзіць аўтаматычна да пачатку расследавання. Я магу пацвердзіць, што маё ведамства правядзе папярэдняе правяранне для разгляду запыту ў межах юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда і вызначэння, грунтуючыся на заканадаўчых патрабаваннях, наяўнасці разумных падставаў для пачатку расследавання. Любая зацікаўленая фізічная або юрыдычная асоба, якая хоча падаць у пракуратуру інфармацыю пра гэтыя або іншыя меркаваныя злачынствы, учыненыя ў межах юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суда, можа выкарыстоўваць «OTPLink» – абароненую платформу для атрымання такіх матэрыялаў», – гаворыцца ў звароце пракурора Міжнароднага крымінальнага суда Карыма Асада Ахмада Хана.

Нагадаем, Літва перадала ў Гаагу доказы злачынстваў Лукашэнкі. Упершыню ў гісторыі трыбуналу дзяржава – ўдзельніца Рымскага статуту заяўляе пра злачынствы, здзейсненыя ў краіне, што не далучылася да статуту. Злачынствы, у якіх абвінавачваюцца цяперашнія ўлады Беларусі, – дэпартацыя, пераслед беларусаў у выгнанні ды «іншыя негуманныя акты аналагічнай цяжкасці».

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10