За два дні ў выбарах у КР узялі ўдзел больш за 4,5 тысячы чалавек


За двое содняў у выбарах у Каардынацыйную раду ўзялі ўдзел больш за 4,5 тысячы чалавек. Такія звесткі агучыла старшыня Выбарчай камісіі Алена Прыходзька.

Старонка галасавання на выбарах
Старонка галасавання на выбарах у Каардынацыйную раду.
Фота: Белсат

Станам на вечар 26 траўня ў галасаванні ўзялі ўдзел 4593 асобы. За першыя содні прагаласавалі 2463.

27 траўня на 8:00 менскага часу колькасць удзельнікаў дасягнула амаль 4900 чалавек.

Выбары пачаліся 25 траўня і працягнуцца да канца 27 траўня. Даведацца падрабязнасці пра выбары можна на старонцы Каардынацыйнай рады.

Важна! Для атрымання інфармацыі і галасавання неабходна карыстацца толькі афіцыйнымі каналамі Каардынацыйнай рады і не пераходзіць па спасылках, якія вам перасылаюць у прыватных паведамленнях.

Усяго для ўдзелу ў выбарах зарэгістраваныя 12 спісаў (спіс Аляксандра Азарава «Закон і правапарадак» пазней быў выключаны за неправамернае, на думку Выбарчай камісіі, выкарыстанне плану «Перамога» для перадвыбарчай агітацыі).

На платформу для галасавання пасля старту выбараў была ўчыненая масавая DDoS-атака з мэтаю перагрузіць сістэму і парушыць яе працу. Атаку ўдалося адбіць.

Акрамя таго, паведамлялася, што ў Беларусі ўлады пачалі блакаваць інтэрнэт і VPN-сэрвісы, каб не даць магчымасці беларусам у краіне ўзяць удзел у галасаванні.

Карыстальнікам у Беларусі таксама прыходзілі падазроныя спасылкі з заклікам прагаласаваць. У Выбарчай камісіі раілі па іх не пераходзіць.

Раней рэжым Аляксандра Лукашэнкі прызнаў усе 12 выбарчых спісаў экстрэмісцкімі фармаваннямі. Следчы камітэт адкрыў крымінальныя справы на 257 асобаў, якія выказалі жаданне балатавацца ў КР.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў