Новыя санкцыі Еўразвязу супраць Менску і Масквы могуць абвясціць да 24 лютага


10-ы пакет санкцыяў Еўразвязу пасля ўварвання Расеі ва Украіну павінен быць гатовы да першай гадавіны ўварвання – 24 лютага. Пра гэта паведамляе Reuters.

Сцяг Еўразвязу. Фота Аліса Ганчар/ Белсат

Польшча і Літва прапануюць ЕЗ забараніць больш расейскіх прапагандысцкіх медыяў і адключыць больш расейскіх банкаў ад глабальнай сістэмы абмену паведамленнямі SWIFT. Таксама гэтыя краіны хочуць, каб Еўрапейскі Звяз увёў абмежаванні ў дачыненні да расейскага ядравага сектару.

Апроч таго, прапануюцца новыя санкцыі ў дачыненні Беларусі, каб перакрыць магчымасці абыходу раней уведзеных абмежаванняў.

Паводле словаў аднаго з дыпламатаў, «усё цяжэй дамагчыся неабходнай аднадушнасці ў ЕЗ для новых санкцыяў».

12 студзеня журналіст Рыкард Юзьвяк паведаміў, што афіцыйны Менск пазбег новых санкцыяў дзякуючы Кіеву.

МЗС Украіны абвяргае інфармацыю аб просьбе Украіны не ўключаць Беларусь у апошні пакет санкцый ЕЗ супраць Расеі. Спікер ведамства Алег Нікаленка заявіў, што гэтая інфармацыя не адпавядаюць рэчаіснасці.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў