У МЗС Украіны абвяргаюць інфармацыю аб просьбе не ўводзіць санкцыі супраць Беларусі


МЗС Украіны абвяргае інфармацыю аб просьбе Украіны не ўключаць Беларусь у апошні пакет санкцый ЕЗ супраць Расеі. Спікер ведамства Алег Нікаленка заявіў, што гэтая інфармацыя не адпавядаюць рэчаіснасці.

Паводле слоў Алега Нікаленкі, за падтрымку агрэсіі Расеі супраць Украіны на Беларусь зараз накладзены шэраг персанальных і сектаральных санкцый.

«Пры гэтым нам вядома аб абмеркаванні паміж дзяржавамі-сябрамі Еўрапейскага звязу пытання аб далейшай сінхранізацыі санкцый, накладзеных на РФ. У той жа час, паводле нашай інфармацыі, кансэнсусу ўнутры Еўразвязу пакуль няма. Украіна і партнёры зараз актыўна працуюць па максімальна змястоўным напаўненні дзясятага санкцыйнага пакета ЕЗ, прыняцце якога ўжо даўно наспела», – напісаў спікер МЗС Украіны.



Нагадаем, раней журналіст радыё «Свабоды» Рыкард Юзьвяк заявіў, што ЕЗ не ўвёў санкцыі супраць Беларусі ў апошнім пакеце, бо Украіна сама папрасіла гэтага не рабіць.

Дагэтуль кіраўніца Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заяўляла 10 студзеня, што Еўразвяз увядзе новыя санкцыі супраць Беларусі, бо яна ваенным чынам падтрымлівае Расею ў вайне супраць Украіны.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў