Дзяржгазета апублікавала, а потым выдаліла артыкул, як правільна здавацца ў палон


Афіцыйнае выданне «Мінская праўда» 28 снежня апублікавала артыкул пад назвай «Не хачу паміраць! Як правільна здавацца ў палон». Але публікацыя на сайце была дасяжная нядоўга, яе выдалілі. Вось толькі ў ўэб-архіве артыкул застаўся, піша «Медиазона».

Інструкцыя «Як правільна здавацца ў палон?». Крыніца: unian.net

«Мінская праўда» апублікавала на сваім сайце артыкул, у якім вялося пра тое, што на тэрыторыі Беларусі цяпер можна пабачыць улёткі з заклікам не паддавацца на правакацыі расейскага кіраўніцтва і не ўдзельнічаць у злачыннай вайне супраць Украіны. Артыкул з’явіўся на сайце выдання 28 снежня пад назвай «Не хачу паміраць! Як правільна здавацца ў палон». Але праз некаторы час артыкул выдалілі. Тым не менш у щэб-архіве можна прачытаць артыкул.

«Беларусь павінная жыць! Грамадзяне Беларусі! Цяпер у Еўропе ідзе самая вялікая вайна з часу Другой сусветнай! Расейская Федэрацыя пад уяўнай падставай атакавала Украіну, але, не разлічыўшы сваіх сілаў, зазнала паразу. Захавайце мір у сваіх дамах. Не дайце ўцягнуць Радзіму ў вайну, дзе будуць паміраць нашыя дзеці», – піша «Мінская праўда».

Таксама газета апублікавала падрабязную інструкцыю, як правільна здавацца ў палон, і тэлефоны каардынацыйнага штабу, па якіх можна заявіць аб сваіх намерах або перадаць важную інфармацыю.

«Адшпіліце магазін і павесьце зброю на левае плячо руляй уніз. Падыміце і пакажыце пустыя рукі. Па магчымасці паказвайце высока кавалак белай тканіны. Гучна крычыце: «Здаюся!» Наблізьцеся па камандзе. Выконвайце ўсе каманды ўкраінскіх вайскоўцаў», – працытавала інструкцыю выданне.

Газета апублікавала таксама нумары ўкраінскіх службаў, куды можна тэлефанаваць, каб даведацца пра здачу ў палон. І выказала словы падзякі памежнікам, якія далі ўлёткі.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў