ЗСУ прасоўваюцца на левым беразе Дняпра. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 602-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 18 кастрычніка чытайце ў нашым аглядзе.

Салдат ЗСУ ідзе па прыфрантавому гораду Аўдзееўка. Нешматлікія мірныя жыхары, якія засталіся ў горадзе, спрабуюць працягваць сваё жыццё ў падвале будынкаў з дапамогай валанцёраў. Аўдзееўка, Данецкая вобласць, Украіна. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Ozge Elif Kizil / Anadolu Press / Abaca Press / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Цягам апошніх содняў Узброеныя сілы РФ працягнулі наступальныя аперацыі на купянскім кірунку, спрабуючы выціснуць праціўніка за раку Аскіл.

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі пра адбіццё больш за 15 атак расейцаў каля населеных пунктаў Сынькоўка, Іванаўка і Кіслоўка ў Харкаўскай вобласці, і 9 атак каля сяла Надзея ў Луганскай.

У гэты ж час на суседнім ліманскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, УС РФ не праводзілі штурмавых дзеянняў.

Пры гэтым ЗСУ на паўночным усходзе Украіны атакавалі каля населеных пунктаў Сынькоўка, Іванаўка, Першатраўневае, Арлянка, Сяргееўка і Дзіброва. Агулам у Міністэрстве абароны РФ заявілі пра адбіццё 14 атак праціўніка.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку працягваецца наступ украінскіх вайскоўцаў на поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.

Аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць баі ў ваколіцах сяла Клішчыеўка.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша аб прасоўванні ЗСУ на паўночным усходзе ад населенага пункту, у выніку войскі РФ занялі пазіцыі за чыгуначнай лініяй. Такім чынам цяпер участак чыгункі ў ваколіцах сёлаў Клішчыеўка і Андрэеўка перайшоў пад поўны кантроль украінцаў.

Спробы расейцаў аднавіць становішча каля Клішчыеўкі былі безвыніковымі.

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

На поўначы ад Данецку расейскія вайскоўцы атакуюць у ваколіцах Аўдзееўкі, імкнучыся атачыць горад.

Між тым у Deepstate адзначаюць, што актыўнасць УС РФ на гэтым участку фронту істотна знізілася.

Гэтая інфармацыя ўскосна пацвярджаецца Генштабам ЗСУ, якія фіксуе ўсяго 5 атак праціўніка побач з горадам.

Пры гэтым расейскі ваенкор Сямён Пегаў сцвярджае, што войскам РФ удалося пашырыць зону кантролю каля населеных пунктаў Первамайскае і Севернае (на захадзе ад Аўдзееўкі).

У гэты ж час на суседнім мар’інскім кірунку актыўнасць расейцаў застаецца на высокім узроўні: паводле ўкраінскага камандавання, за содні сілам абароны краіны ўдалося адбіць больш за 20 атак праціўніка каля Мар’інкі і Новаміхайлаўкі.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

Мінабароны РФ паведаміла пра адбіццё ўкраінскай атакі каля сяла Чырвонае ў Запарожскай вобласці (на ўсходзе ад гораду Вуглядар). Доўгі час гэты ўчастак фронту заставаўся адносна стабільным.

Пры гэтым асноўныя баявыя дзеянні па-ранейшаму ідуць на поўдні ад гораду Арэхаў.

У Генштабе ЗСУ пішуць пра няўдалыя спробы войскаў РФ аднавіць становішча на паўднёвым захадзе ад сяла Работына.

Пегаў дадае інфармацыю пра контратаку з боку сяла Капані на Новаданілаўку. Таксама расейцы імкнуліся адсунуць ЗСУ ад сяла Вэрбовае.

Аналітыкі Deepstate гавораць, што спробы войскаў РФ перахапіць ініцыятыву на мелітопальскім кірунку звязаныя з прыбыццём рэзерваў.

Херсонскі кірунак (лінія фронту ў аднайменным рэгіёне)

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што 17 кастрычніка штурмавыя групы марской пяхоты ВМС Украіны працягнулі атакі ўздоўж Антонаўскага чыгуначнага моста на Дняпры і занялі сяло Пойма на левым беразе ў Херсонскім раёне. Пасля заняцця абароны і прыбыцця рэзерваў, ЗСУ выйшлі да паўночных ускрайкаў суседняга сяла Пішчанаўка і, імаверна, занялі некалькі жылых дамоў.

Паводле крыніцы, бліжэй да ночы 18 кастрычніка расейцы нанеслі масіраваныя ўдары па ўкраінскіх пазіцыях каля населеных пунктаў і побач з мостам, у выніку чаго ЗСУ панеслі істотныя страты і страцілі баяздольнасць.

Між тым украінская прысутнасць на левым беразе захоўваецца, і казаць пра аднаўленне расейцамі становішча зарана.

«Рыбарь» паведамляе, што цяпер украінцы перакідаюць дадатковыя сілы на левы бераг Дняпра ў ваколіцах сяла Крынкі (далей на ўсход па лініі сутыкнення) і плануюць адначасова ўдарыць на абодвух участках.

Цікава, што праўкраінскі крыніцы стараюцца не ўзгадваць лінію фронту ў Херсонскай вобласці, што ўскосна ўказвае на так званы рэжым цішыні з боку ЗСУ.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

 

Стужка навінаў