У Пераходным кабінеце паведамілі пра гатовасць узору альтэрнатыўнага беларускага пашпарта


У Аб’яднаным пераходным кабінеце распавялі аб працы над альтэрнатыўным пашпартам грамадзяніна Беларусі. Плануецца, што ім будуць карыстацца беларусы, якія з розных прычынаў не могуць аформіць афіцыйнага дакументу. Ужо распрацаваны дызайн новага пашпарту, перадае карэспандэнт «Белсату».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат
Hавiны
Вайна, палітвязні, сюрпрызы Лукашэнку. Пра што казаў Аб’яднаны пераходны кабінет на прэс-канферэнцыі
2023.02.14 19:35

Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету ў міжнародных справах Валерый Кавалеўскі паведаміў, што прасоўванне альтэрнатыўнага беларускага пашпарта вядзецца ў сінхранізацыі з Еўракамісіяй. Ужо распрацаваны дызайн дакументу:

«Была створаная група з адмыслоўцамі ў геральдыцы, гісторыкамі, дызайнерамі. Была атрыманая вельмі важная і патрэбная падтрымка ад прыватных беларускіх донараў. Усе сродкі на гэтую ініцыятыву былі выключна беларускія. Распрацаваны дызайн гэтага дакументу».

Як распавёў Кавалеўскі на прэс-канферэнцыі Кабінету, плануецца, што пашпарт дазволіць перасякаць межы:

«Дакумент цалкам адпавядае ўсім патрабаванням Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі, то бок дакумент можа быць прыдатны не толькі для таго, каб пацвярджаць беларускае грамадзянства, а таксама для выкарыстання ў паездках».

Цяпер, паводле прадстаўніка Кабінету, вядзецца праца над тым, каб гэты альтэрнатыўны пашпарт пагадзіліся прызнаваць розныя дзяржавы:

«Праект па-ранейшаму падтрымліваецца Еўракамісіяй, яны зацікаўленыя ў тым, каб гэта стала рэальнасцю, але вельмі шмат будзе залежаць ад таго, як мы выбудуем дыялог з нацыянальнымі дзяржавамі ў ЕЗ, бо рашэнне будзе залежаць менавіта ад іх пазіцыі».

Шмат якія беларусы могуць застацца без пашпартоў праз пазбаўленне грамадзянства, якое ўзаконілі цяперашнія ўлады. Акрамя таго, існуе праблема замены пратэрмінаваных пашпартоў беларусаў у эміграцыі, некаторыя асобы баяцца звяртацца ў амбасады. А ў пасольстве Беларусі ў Польшчы, напрыклад, вялікія чэргі, і чакаць прыёму для афармлення дакументаў даводзіцца месяцамі.

Разбор
Што рабіць тым, каго абяцаюць пазбавіць грамадзянства? Спыталі палітыкаў і экспертаў
2022.12.14 20:22

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў