Расейскія ракеты пашкодзілі аб'ект інфраструктуры і 19 жылых дамоў у Кіеве і вобласці


Падчас ранішняга абстрэлу ракетамі Кіева і Кіеўскай вобласці пацярпелі 19 жылых дамоў і абʼект крытычнай інфраструктуры. Аб гэтым паведамляе UNIAN са спасылкай на кіраўніцтва краіны і рэгіёну.

Падчас расейскага абстрэлу раніцай пацярпеў дом у вёсцы Капылоў у Кіеўскай вобласці. Па папярэдніх дадзеных, пацярпелых няма. Адзначаецца, што выбух быў такой сілы, што ў дамах мясцовых жыхароў выбіла вокны. На месцы інцыдэнту працуюць экстранныя службы

«Кіеўская вобласць, сяло Капылоў. Падчас ранішняй атакі зафіксавана траплянне ў жылую забудову», – паведамілі ў Офісе прэзідэнта Украіны.

У сваю чаргу кіраўнік Кіеўскай ВВА Аляксей Кулеба паведаміў пра пашкоджанне 18 прыватных дамоў у вобласці.

«У Кіеўскай вобласці працягваецца паветраная трывога. Вораг атакуе сталіцу і вобласць. Знаходзьцеся ў хованках і бяспечных месцах. У выніку ранішняй атакі пашкоджаны 18 прыватных дамоў. Пашкоджаны дахі і вокны», – удакладніў Аляксей Кулеба.

Папярэдне, пацярпелых няма. Акрамя таго, пажар на абʼекце крытычнай інфраструктуры лакалізаваны.

Паведамляецца, што раніцай у суботу, 14 студзеня, у Кіеве прагрымелі магутныя выбухі, пасля чаго ў горадзе была абʼяўлена паветраная трывога. У Кіеўскай гарадской ваеннай адміністрацыі паведамілі, што расейскія акупанты атакавалі горад ракетамі. Цэллю ўдару стаў абʼекткрытычнай інфраструктуры ў Дняпроўскай раёне сталіцы Украіны. Мэр Кіева Віталь Клічко таксама паведаміў аб падзенні абломкаў ракеты на нежылы будынак у Галасееўскім раёне Кіева. Па папярэдніх дадзеных, ніхто не пацярпеў.

Пазней паветраная трывога «распаўзлася» і на іншыя вобласці, у прыватнасці Чарнігаўскую, Чаркаскую, Палтаўскую, Сумскую і Данецкую.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў