Санкцыі Еўразвязу супраць рэжыму Лукашэнкі – у тупіку: польскі амбасадар паскардзіўся на шведаў


У Бруселі даўно ідзе праца над новымі санкцыямі адносна Беларусі, але працу, нягледзячы на заклікі Еўрапарламенту, замаруджваюць розныя краіны, якія маюць свае інтарэсы ў супрацы з беларускімі прадпрыемствамі. Амбасадар Польшчы ў Еўразвязе Анджэй Садась паскардзіўся журналісту Польскага прэсавага агенцтва на прадстаўнікоў Швецыі.

Амбасадар Польшчы ў Еўразвязе Анджэй Садась. 23 лютага 2021 года.
Фота: Poland in the EU / Twitter

Раней выказваліся розныя версіі таго, чаму супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі не ўводзяцца новыя санкцыі Еўразвязу: неафіцыйна вінавацілі Украіну, Партугалію ды іншых зацікаўленых у беларускіх угнаеннях. Прэзідэнт Літвы нават абураўся прапановамі змякчыць санкцыйны ціск на Лукашэнку.

Швецыя, якая цяпер старшынствуе ў Еўразвязе і адказвае за перамовы наконт санкцыяў, «не імкнецца да хуткага кампрамісу», расказаў Польскаму прэсаваму агенцтву амбасадар Польшчы ў Еўразвязе Анджэй Садась: 

«Шведы практычна нічога не робяць у гэтай справе. Мы разлічвалі на тое, што скандынаўскае прэзідэнцтва [у Еўразвязе] ва ўсходнім напрамку будзе амбітным. На жаль, гэта не спраўдзілася. З вельмі вялікім расчараваннем мы прымаем той брак амбіцыяў адносна санкцыяў супраць Беларусі, гэтак патрэбных з увагі на пераслед апазіцыі ў гэтай краіне, заангажаванне ў вайне на баку Расеі, а таксама на планы размяшчэння на яе тэрыторыі ядравай зброі.

Мы не згодныя, каб сінхранізацыя беларускіх санкцыяў з расейскімі адначасова азначала зняцце абмежаванняў на асноўны экспартны прадукт, якім ёсць беларускі калій. Мы хочам новых санкцыяў, але не цаною скасавання раней прынятых».

Садась назваў тую ж прычыну, пра якую раней расказвалі іншыя крыніцы: аргументам для зняцця санкцыяў з беларускіх калійных угнаенняў можа стаць пытанне харчовай бяспекі на фоне вайны ва Украіне. Але адзін з дыпламатаў Еўразвязу, з якімі размаўляла Польскае прэсавае агенцтва растлумачыў, што гэты аргумент памылковы: беларускі калій на міжнародных рынках замянілі канадскім, цана на які такая самая, ды і цэны на пшаніцу на сусветных рынках ужо ніжэйшыя, чым да пачатку поўнамаштабнай вайны.

Польшча, нагадвае PAP, выступае за неадкладную сінхранізацыю санкцыяў адносна Беларусі і Расеі, што будзе азначаць сярод іншага забарону на ўвоз машынаў з Еўразвязу ў Беларусь і забарону на вываз мэблі з Беларусі ў Еўразвяз. Беларусь тым часам працягвае прадаваць у Еўразвяз падсанкцыйныя прадукты з драўніны і прадукцыю хімічнай прамысловасці, абыходзіць санкцыі праз фірмы-пракладкі.

Каментар
Фірмы-пракладкі і адкрытая кантрабанда. Як Беларусь абыходзіць санкцыі
2023.03.12 10:52

Алесь Наваборскі belsat.eu

 

Стужка навінаў