Еўразвяз марудзіць з новымі санкцыямі супраць Беларусі праз пытанне аб угнаеннях


Новы пакет санкцыяў Еўразвязу супраць афіцыйнага Менску па-ранейшаму не ўзгоднены праз пытанне аб угнаеннях, паведаміў журналіст радыё «Свабода» ў Бруселі Рыкард Юзьвяк.

Сцяг Еўразвязу.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Пакет санкцый ЕЗ у дачыненні Беларусі па-ранейшаму завісае праз пытанне аб угнаеннях. Не чакайце, што гэта будзе вырашана ў найбліжэйшы час», – напісаў журналіст у Twitter.

Раней, 10 студзеня, старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заяўляла, што Еўразвяз мае намер увесці новыя санкцыі ў дачыненні Беларусі за падтрыманне расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Аднак Рыкард Юзьвяк паведамляў, што Партугалія, Бельгія, Нідэрланды і Францыя выступаюць за вывад беларускіх калійных угнаенняў з-пад санкцыяў, бо баяцца праблемаў з харчаваннем у краінах Паўднёвага паўшар’я. Нібыта ўплывовыя краіны гэтага рэгіёну заяўляюць аб небяспецы голаду ў выпадку недахопу ўгнаенняў. Таксама Юзьвяк адзначаў, што ЕЗ ўжывае да Беларусі больш мяккія санкцыі ў параўнанні з Расеяй на просьбу афіцыйнага Кіева.

У канцы лютага еўрапейскія санкцыі, якія распаўсюджваюцца на 243 фізічныя асобы і 32 юрыдычныя, былі падоўжаныя. Тады таксама былі ўдакладненыя звесткі некаторых кампаніяў і фігурантаў санкцыйнага спісу: Беларускай калійнай кампаніі, генеральнага дырэктара «Беларуськалію» Івана Галаватага, а таксама расейскага мільярдэра Міхаіла Гуцэрыева, набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі. Супраць іх захоўваюцца санкцыі, якія, як паведамлялася раней, маглі быць адмененыя праз «харчовую бяспеку».

Рыкард Юзьвяк тады паведамляў, што, як і ў выпадку з апошнім пакетам санкцыяў ЕЗ супраць Расеі, узгодненым у канцы 2022 года, адносна ўгнаенняў і харчоў з Беларусі могуць быць выключэнні. Нібыта гэта робіцца «дзеля далейшага развязання праблемаў харчовай бяспекі ў трэціх краінах». Журналіст адзначаў, што праз гэты пункт для беларускага бізнесоўца Івана Галаватага і расейскага мільярдэра Міхаіла Гуцэрыева могуць адмяніць замарожванні актываў ЕЗ.

Святлана Ціханоўская падчас апошняй сустрэчы з прэзідэнткай Еўракамісіі Урзуляю фон дэр Ляен 17 лютага запэўнівала, што рэжым у Беларусі спрабуе абысці санкцыі на калійныя ўгнаенні і пад выглядам клопату пра харчовую бяспеку ў свеце спрабуе дабіцца змякчэння санкцыйнага рэжыму.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў