Фірмы-пракладкі і адкрытая кантрабанда. Як Беларусь абыходзіць санкцыі


Беларускія чыноўнікі прызнаюць, што ў выніку санкцыяў некаторыя галіны страцілі да 40–50 % экспарту. Вядзецца перадусім пра дрэваапрацоўванне і азотныя ўгнаенні. Пры гэтым улады спрабуюць абыходзіць санкцыі і абмежаванні, выкарыстоўваючы розныя схемы. «Белсат» разбіраўся ў гэтых схемах.

Яшчэ ў красавіку 2022 года кіраўнік «Беллеспаперапраму» Міхаіл Касько казаў, што санкцыі ЕЗ закранулі больш за 40 % экспарту дрэваапрацоўчай галіны. Чыноўнік прызнаў, што шмат якія прадпрыемствы галіны «балюча шукаюць новыя рынкі збыту».

Міхаіл Касько, кіраўнік «Беллеспаперапраму». Скрыншот відэа belpresscenter. Крыніца: Yuotube / belpresscenter

Прэсавая служба канцэрну ў пачатку бягучага года паведаміла, што адным з новых рынкаў збыту стаў Кыргызстан. Летась прадпрыемствы «Беллеспаперапраму» экспартавалі ў Кыргызстан прадукцыі ў тры разы больш у параўнанні з 2021 годам. Журналісты Беларускага расследавальніцкага цэнтру (БРЦ) высветлілі, што значна выраслі пастаўкі прадукцыі драўніны і ў Казахстан. Але насамрэч за гэтай статыстыкай хаваюцца спробы абыходу санкцыяў ЕЗ супраць афіцыйнага Менску.

«Немагчыма дакладна сказаць, колькі рознымі шляхамі Беларусь вывозіць сваёй прадукцыі драўніны ў краіны ЕЗ, паколькі Белстат даўно не паказвае статыстыкі. Мы параўноўвалі кошты і пастаўкі паводле звестак Eurostat, якая ў адкрытым доступе. З гэтых звестак вынікае, што ў сакавіку 2022 года, калі Еўразвяз увёў санкцыі супраць беларускай дрэваапрацоўкі, то ў гэты перыяд пастаўкі драўніны з Казахстану і Кыргызстану пачалі расці ў геаметрычнай прагрэсіі», – кажа ў размове з «Белсатам» Ксенія Вязнікоўцава, журналістка Беларускага расследавальніцкага цэнтру.

Паводле еўрапейскай статыстыкі, з Казахстану ў ЕЗ экспарт драўніны вырас у 74 разы, а з Кыргызстану – прыкладна ў 18 тысяч разоў, калі параўнаць перыяды 2022 года з 2021 годам.

Імпарт ЕЗ тавараў з кодам 44 з Кыргызстану, звесткі Еўрастату. Крыніца: investigatebel.org

Адметна, што гэтыя краіны не адрозніваюцца высокай лясістасцю, калі параўноўваць з лічбамі Беларусі, кажа расследавальніца. У нашай краіне афіцыйна лясістасць складае каля 41 %, хоць гэта і выклікае сумневы. У Казахстане і Кыргызстане гэтыя паказнікі складаюць каля 4–6 %.

Імпарт ЕЗ тавараў з кодам 44 з Казахстану, даныя Еўрастату. Крыніца: investigatebel.org

«Калі браць у грашовым вымярэнні, то выручка беларускага боку за пастаўленую драўніну склала каля 30 мільёнаў еўраў. Паводле нашых падлікаў, такую суму атрымалі арганізатары гэтай схемы паставак прадукцыі», – распавядае Ксенія Вязнікоўцава.

Еўрапейскія санкцыі на беларускую драўніну пазначаюцца кодам 44. Гэты код прадугледжвае абмежаванні на піламатэрыялы, брус, дошкі, фанеру, драўнінныя пілеты, брыкеты, ДВП.

Расследaванні
Як перакрылі кісларод беларускай дрэваапрацоўцы
2022.03.04 20:56

«Горадня Азот» пад санкцыямі, а вось прадукцыя заводу – не

Яшчэ адна схема, пра якую стала вядома, – гэта абыход санкцыяў пры пастаўках карбаміду ў краіны ЕЗ з прадпрыемства «Горадня Азот». Спецыфіка санкцыяў, звязаных з гарадзенскім вытворцам, у тым, што ў чорным спісе ЕЗ запісаны менавіта «Горадня Азот», але абмежаванняў для продаж прадукцыі за мяжой няма. Адпаведна, прадпрыемства наўпрост не можа пастаўляць угнаенне, але іншая фірма можа займацца пастаўкамі прадукцыі. Улады і кіраўніцтва гарадзенскага «Азоту» ствараюць адмысловыя фірмы-пракладкі, якія потым падпісваюць кантракты з фірмамі ЕЗ на пастаўку карбаміду.

Журналісты БРЦ маюць інфармацыю толькі пра дзве гарадзенскія фірмы, якія нібыта належаць прыватным асобам. Пад выглядам уласнай прадукцыі яны загружаюцца карбамід на «Азоце» і вязуць у ЕЗ.

«Напрыклад, адна з фірмаў абавязвалася паставіць сербскай кампаніі карбаміду за год на суму каля 20 мільёнаў еўраў. Але гэта толькі адна пастаўка. Насамрэч якія аб’ёмы і колькі пастаўляецца, сказаць даволі складана», – распавядае Ксенія Вязнікоўцава.

Hавiны
Літоўскі бізнесмен прызнаўся, што дапамагаў «Горадня Азоту» абыходзіць санкцыі ЕЗ
2023.03.07 20:46

Падобным чынам намагаецца абыходзіць персанальныя еўрапейскія санкцыі і кіраўнік «Амкадору», алігарх, набліжаны да Лукашэнкі, Аляксандр Шакуцін. Бізнесовец на прыватную асобу зарэгістраваў у Літве фірму, якая, у сваю чаргу, зарэгістравала фірму ў Нямеччыне і ў выніку прадае прадукцыю заводу ў краінах Еўропы.

Бізнесовец Аляксандр Шакуцін.
Фота: belsat.eu

Санкцыі ўвялі, але кантролю няма

«Варта раздзяляць еўрапейскі бізнес і еўрапейскія ўлады. Пасля таго, як улады ўвялі санкцыі на тую ж беларускую драўніну, спажыўцы ці бізнес у Польшчы і Літве адчулі дэфіцыт на сыравіну. І калі з’явілася магчымасць нейкім чынам атрымліваць драўніну, нехта вырашыў рызыкнуць і атрымаць яе. У Еўразвязе ёсць орган, які ўводзіць санкцыі, але няма органу, які б кантраляваў іх выкананне», – тлумачыць Ксенія Вязнікоўцава.

Паводле суразмоўцы «Белсату», пастаўкі беларускага ўгнаення і драўніны ў абыход санкцыяй ЕЗ – гэта кантрабанда. Гэтыя схемы даволі простыя і амаль заўсёды аднолькавыя. Расследавальніца тлумачыць, што калі чыноўнікі хочуць паставіць беларускую драўніну ў Польшчу, то знаходзяць нейкую кампанію ў Кыргызстане ці Казахстане, ствараюць дакументы, што сыравіна – уласнасць гэтай кампаніі.

Hавiны
Аб’яднаны пераходны кабінет агучыў стратэгію санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі
2023.03.09 15:41

«Няма неабходнасці рабіць складанае лагістычнае кола, драўніна проста з Беларусі едзе на Захад. У сертыфікатах гэтая сыравіна паказваецца як з Кыргызстану або з Казахстану. На мытні пры гэтым часам немагчыма адсачыць першапачатковую прыналежнасць грузаў. Мытнікі могуць выяўляць, што, умоўна кажучы, сыравіна нібы з Азіі, але запакаваная ў скрыні, напрыклад, «Пінскдрэву». Тады пытанні адразу ж узнікаюць, і пачынаецца разбор. Але ў большасці выпадкаў зразумець прыналежнасць тавару проста паводле вонкавага выгляду немагчыма», – кажа прадстаўніца БРЦ.

Тым не менш, улады краінаў ЕЗ сочаць за навінамі ў публічнай прасторы і рэагуюць на факты парушэння санкцыйнага заканадаўства. Пасля расследаванняў журналістаў у Літве затрымалі і распачалі крымінальныя справы супраць прадстаўнікоў фірмаў, якія дапамагалі абыходзіць санкцыі прадпрыемства «Горадня Азот».

У Нідэрландах з’явілася ініцыятыва для стварэння адзінага для ЕЗ органу, які будзе сачыць за выкананнем абмежаванняў. Ініцыятыву падтрымала абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.

Hавiны
Ціханоўская – дыпламатам: Ніякага паслаблення санкцыяў без спынення рэпрэсіяў
2023.03.10 15:18

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў