У адказ на забойства жаўнера Варшава можа поўнасцю закрыць мяжу


28 траўня падчас спробы прарыву праз беларуска-польскую мяжу адзін з мігрантаў напаў з нажом на польскага жаўнера і нанёс яму сур’ёзнае ранне, у выніку якога жаўнер памёр. Польскі МЗС выклікаў у адказ на гэта выклікаў часовага паверанага ў справах Беларусі Аляксея Панкраценку і, уручыўшы яму ноту пратэсту, запатрабаваў спыніць правакацыі на польска-беларускай мяжы і выдаць падазраванага ў забойстве польскага грамадзяніна.

Польскія памежнікі кантралююць польска-беларускую мяжу.
Фота: KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

Ці ўдасца Варшаве дамагчыся сваіх патрабаванняў, пра гэта «Белсат» паразмаўляў з былым часовым павераным у справах Польшчы ў Беларусі, журналістам Onet.pl Вітальдам Юрашам.

Менск патрабуе зняць санкцыі

На думку Вітальда Юраша, наўрад ці Менск пойдзе на тое, каб выдаць Польшчы забойцу загінулага жаўнера. Бо ў заяве прадстаўніка МЗС Беларусі Анатоля Глаза прагучала, што трэба ўзнавіць усе кантакты на мяжы.

«Калі я правільна разумею, што ён сказаў, то Беларусь патрабуе зняцця санкцыяў наўзамен нейкіх незразумелых абяцанняў. Але такога не можа быць, улічваючы вайну ва Украіне», – адзначыў суразмоўца «Белсата».

Пры гэтым Вітальд Юраш шчыра прызнаўся ў тым, што ён быў бы гатовы даць шанец дамовіцца з Менскам, каб той мог выйсці з зоны ўплыву Расеі.

«Я быў бы гатовы на такога роду ўгоду, хоць гэта і амаральна. Але такога шанцу я не бачу, мне асабіста здаецца, што мы Беларусь прайгралі і пры гэтым прайгралі на гады», – заявіў журналіст Onet.pl.

На думку Вітальда Юраша, Варшава ў сувязі са смерцю польскага жаўнера можа ўвесці яшчэ больш жорсткія санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму. Напрыклад, ён лічыць магчымым поўнае закрыццё мяжы. Аднак, удакладняе суразмоўца, гэта не павінна быць датычна пасажырскага патоку, бо можа ўдарыць па звычайных людзях.

На пытанне аб тым, ці было спланаванае такое забойства загадзя тым жа Крамлём, Вітальд Юраш адказаў, што ён так не лічыць.

«Пры такім напружанні такое [забойства жаўнера] можа адбыцца вельмі лёгка. Пры гэтым я не ўпэўнены, што гэта апошні такі выпадак. А вось калі дойдзе да нейкай перастрэлкі на мяжы з удзелам мігрантаў, якія падобныя на групу «Вагнэра», то гэта ўжо будзе спланаванае [дзеянне]. А гэтага выключыць нельга», – адзначае суразмоўца.

Што будзе далей?

На думку Вітальда Юраша, калі з беларускага боку будуць падобныя правакацыі і калі мігранты адкрыюць агонь па польскіх салдатах, то трэба адкрыць агонь у адказ і застрэліць усіх, хто будзе гэта рабіць.

«Пры гэтым, – падкрэсліў журналіст, – я кажу ўсіх незалежна ад таго, хто будзе ў першым радзе, а хто ў другім. А калі ў другім радзе будуць прадстаўнікі КДБ Беларусі, то трэба іх таксама забіць, бо гэтаму рэжыму трэба даць па мордзе ў такім выпадку, каб яны дакладна разумелі, што і як. Але я спадзяюся, да такога не дойдзе».

У той жа час, лічыць Юраш, Масква наўрад ці дамагаецца таго, каб прымусіць Варшаву адказваць на падобныя правакацыі і каб пачаць ваенныя дзеянні.

«Я не думаю, што Масква хоча вайны з NATO. Масква няздольная ўзяць Харкаў, выйграць вайну з Украінай, у яе няма дастаткова сіл, каб пачаць вайну з NATO. Масква вельмі хоча таго, каб мы паверылі, што вось-вось будзе трэцяя сусветная вайна, што яны прыменяць ядравую зброю, што трэба здавацца, кінуць Украіну», – адзначае журналіст.

Пры гэтым, адзначае Вітальд Юраш, яго вельмі абураюць такія заявы. Мала таго, расейская агентура ў Польшчы таксама падагравае такія настроі, кажучы пра тое, што Расея рыхтуецца да вайны з NATO. Але пры дапамозе чаго яна будзе ваяваць з Варшавай, Нямеччынай, Францыяй, пытаецца журналіст?

Вітальд Юраш падкрэсліў, што не хоча, каб на мяжы адбыліся перастрэлкі паміж мігрантамі і польскімі вайскоўцамі. Ён удакладніў, што ў польскіх вайскоўцаў павінна быць зброя, але нелятальная. І толькі ў выпадку калі мігранты прыменяць лятальную зброю, тады і польскія вайскоўцы павінны адказаць агнём, бо рэжым у Менску толькі такую мову і разумее

«Але агулам трэба старацца на гэтыя правакацыі адказваць разумна», – адзначыў суразмоўца «Белсата».

Hавiны
Памежны камітэт Беларусі зрабіў заяву ў сувязі з гібеллю польскага жаўнера
2024.06.07 11:57

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў