Вайна ва Украіне. Падсумоўваем падзеі 11-га дня


«Белсат» падводзіць вынікі 11-га дня поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі нядзелі 6 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

У Варшаве прайшла акцыя «Жанчыны супраць вайны». Жанчыны ў белым ізноў выйшлі на вуліцы разам, каб сказаць не гвалту, нянавісці і вайне ва Украіне. Першая такая акцыя прайшла ў Менску 12 жніўня 2020 года як рэакцыя на жорсткія затрыманні і забойствы ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў. 6 сакавіка 2022 года. Варшава, Польшча.
Фота: ТК / Белсат

Ва Украіне

Прэм’ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль падпісаў зварот да краінаў Групы сямі з просьбаю прыпыніць сяброўства РФ ды Беларусі ў Міжнародным валютным фондзе і ўсіх арганізацыях Сусветнага банку.

Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч заявіў, што беларускае войска цяпер не выкарыстоўваецца супраць Украіны.

Украінскі Генеральны штаб апублікаваў абноўленыя лічбы стратаў расейскіх войскаў. На дзень 6 сакавіка гэта больш за 11 тысячаў чалавек.

У Нацыянальнай гвардыі паведамілі, што з пачатку ўварвання расейскіх войскаў ва Украіну да тэрытарыяльнай абароны падключыліся 100 тысяч украінцаў.

Па ўсёй Кіеўскай вобласці з 6 да 7 сакавіка з 20:00 да 7:00 уводзіцца каменданцкая гадзіна.

Эвакуацыя з Ірпіню на Кіеўшчыну працягваецца, нягледзячы на адсутнасць зялёнага калідору.

У Харкаве расейскія войскі абстралялі «Градамі» фізічна-тэхнічны інстытут, у якім месціцца навукова-даследчая ўстаноўка «Крыніца нейтронаў», у актыўнай зоне якой загружаныя 37 паліўных ядравых элементаў.

Знішчэнне ядравага абʼекту і сховішчаў ядравых матэрыялаў можа прывесці да маштабнай экалагічнай катастрофы.

Меркаванні
Польскі тыл Украіны
2022.03.06 15:06

Увечары 6 сакавіка над Харкавам збілі расейскі самалёт. Пілот катапультавацца не паспеў і загінуў на месцы. Самалёт упаў у раёне Кулынічоў.

У Марыупаль для эвакуацыі людзей выправіліся аўтобусы. Не зважаючы на запланаваны зялёны калідор, у горадзе трываюць абстрэлы.

У гэты ж час у марыупальскім напрамку ўкраінскія абаронцы контратакавалі і знішчылі 3 танкі праціўніка, 4 БМП, 2 «Тыгры» і каля трыццаці расейскіх акупантаў. Двое захопнікаў трапілі ў палон, паведамляюць у Міністэрстве абароны Украіны.

У ваколіцах Вінніцы быў нанесены ракетны ўдар, па аэрапорце. Уладзімір Зяленскі паведаміў, што лётнішча Вінніцы цалкам знішчанае – па ім былі выпушчаныя 8 ракетаў. Паводле папярэдняй інфармацыі, абстралялі аэрапорт з тэрыторыі Прыднястроўя, дзе размешчаная расейская групоўка войскаў.

У Адэсе над морам збілі расейскі вайсковы самалёт. Украінскія вайскоўцы заяўляюць, што за 11 дзён вайны яны збілі ўжо 45 самалётаў.

У Ахтырцы расейцы знішчылі ЦЭЦ. Загінулі 5 мірных жыхароў. У горадзе няма ацяплення. Часткова няма вады і электрычнасці. Расейская авіяцыя знішчыла харчовую базу гораду, склад будаўнічыя матэрыялаў і стаянку. Пад абстрэл трапіў жылы сектар. Інфармацыя пра колькасць пацярпелых удакладняецца.

У Кіеве затрымалі братоў-беларусаў. Паводле Службы бяспекі Украіны, былі атрыманыя звесткі пра шчыльную супрацу затрыманых са спецслужбамі Расеі і Беларусі. СБУ сцвярджае, што затрыманыя – «прапагандысты, якія маюць прарасейскія і прабеларускія погляды».

Гучаць меркаванні, што гаворка пра братоў Міхаіла і Аляксандра Канановічаў, якія кіравалі Валынскім рэгіянальным аб’яднаннем беларусаў.

У Расеі

Акцыі пратэсту супраць вайны ва Украіне 6 сакавіка прайшлі па ўсёй Расеі. Вядома пра больш як 4000 затрыманых на антываенных акцыях у 56 гарадах краіны.

Уладзімір Пуцін паразмаўляў з прэзідэнтам Турэччыны Рэджэпам Эрдаганам. Апошні казаў, што гатовы зрабіць свой унёсак у мірнае рашэнне і што ўсеагульнае спыненне агню патрэбнае, каб пракласці шлях да міру. Паводле расейскіх дзяржаўных медыяў, адказаў, што прыпыненне «спецаперацыі» магчымае толькі ў выпадку «спынення Кіевам баявых дзеянняў» і выканання патрабаванняў Крамля. Вайна, запэўніў Пуцін, «ідзе паводле плану».

Таксама паведамляецца, што ў гэты ж дзень Пуцін паразмаўляў з прэзідэнтам Францыі Эманюэлем Макронам.

Радыё «Свабода» афіцыйна прыпыніла сваю дзейнасць на тэрыторыі Расеі. «Гэтае рашэнне нам навязалі праз наступ рэжыму Пуціна на праўду», – сказаў прэзідэнт радыё «Свабода» Джэймі Флай. Радыё «Свабода» працавала ў РФ з 1991 года.

«Visa» і «Mastercard» прыпыняюць дзейнасць у Расеі. Паведамляецца, што цяпер яны працуюць над спыненнем аперацыяў на тэрыторыі Расеі. З прэс-рэлізаў кампаніяў вынікае, што карткі, выпушчаныя ў Расеі, спыняюць працу за межамі краіны. Карткі, выпушчаныя за мяжою, спыняюць працу ў Расеі.

Артыкулы
«Калі не выстаіць Украіна, Беларусі не будзе». Беларусы распавядаюць пра свой удзел у абароне Украіны
2022.03.06 12:17

У Беларусі

6 сакавіка з’явілася фота ліста ад імя першага намесніка міністра абароны Віктара Гулевіча: ён прасіў аб адстаўцы ў сувязі з тым, што не ўдаецца ўкамплектаваць батальённыя групы праз масавую адмову браць удзел у баявых дзеяннях.

Міністэрства абароны Беларусі назвала фэйкам прашэнне аб адстаўцы начальніка Генеральнага штабу. Паводле яго, подпіс у лісце не падобны да сапраўднага, а таксама там памылка: Гулевіч можа прасіць аб адстаўцы не ў міністра абароны, як у лісце, а толькі ў Лукашэнкі. Укамплектаванасць вайсковых злучэнняў стоадсоткавая, сцвярджае Мінабароны, «і яны ўжо выконваюць задачы, толькі на сваёй тэрыторыі».

Кампанія «Olvi PLC», часткай якой ёсцт «Лідскае піва», заявіла пра згортванне бізнесу ў Беларусі і спыненні экспарту ў Расею. Кіраўніцтва кампаніі заявіла, што заробак 840 работнікам піўзаводу ў Лідзе пакуль будзе выплочвацца. Прычына такога рашэння – расейскае ўварванне ва Украіну, якое ажыццяўляецца і з тэрыторыі Беларусі.

Новыя інвестыцыі ў «Лідскае піва» спыняюцца ад сёння, а згортванне бізнесу ў Беларусі будзе ажыццяўляцца паступова. «Лідскае піва» – пятая частка даходу ўсёй кампаніі «Olvi», якая таксама валодае піўзаводамі ў Фінляндыі, Эстоніі, Латвіі ды Літве.

У свеце

Вярхоўны камісар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў у справах уцекачоў Філіпа Грандзі заявіў, што за 10 дзён з расейскага нападу на Украіну з краіны выехалі паўтара мільёна ўцекачоў.

Тым часам Вярхоўная Рада Украіны заклікае Грандзі і Чырвоны Крыж неадкладна стварыць гуманітарныя калідоры для эвакуацыі дзяцей з гарачых пунктаў. Пакуль тыя, хто эвакуююцца з украінскіх гарадоў, трапляюць пад расейскія абстрэлы.

16 тысяч добраахвотнікаў ужо гатовыя ваяваць за Украіну, з іх 3 тысячы – з ЗША. Прадстаўнік украінскай амбасады ў Вашынгтоне кажа, што 3000 чалавек з ЗША адгукнуліся на заклік служыць у міжнародным батальёне Украіны, які дапаможа супрацьстаяць сілам захопу Расеі.

Артыкулы
«Не бойцеся. Калі вас выйдзе мільён, усіх не кінуць у турму». Лідар гурта «Океан Ельзи» – пра беларусаў і вайну
2022.03.06 14:47

ВК, Belsat

Стужка навінаў