Аналітыка

Гандлёвая вайна Трампа: у свеце чакаюць патанення паліва, а ў Беларусі яно даражэе

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: fxquadro / Freepik
podpis źródła zdjęcia

Гандлёвая вайна прэзідэнта ЗША ўсё больш выразна даецца ў знакі: падаюць фондавыя рынкі, таннее нафта, узнікла пагроза сусветнай рэцэсіі. Паны б'юцца, а ў халопаў чубы трашчаць – Беларусь хоць і не ўцягнутая ў тарыфную вайну наўпрост, аднак аскепкі ўсё адно да нас прыляцяць.

Фондавыя рынкі засумавалі. Там гандлююць акцыямі кампаніяў, і калі паперы даражэюць, багацеюць іх уласнікі і самыя фірмы. Гандлёвая вайна Доналда Трампа аптымізму інвестарам, мякка кажучы, не дадае, акцыі распрадаюць, і яны таннеюць.


Азіяцкія рынкі пачалі панядзелак, 7 красавіка, з самага істотнага падзення з часу сусветнага эканамічнага крызісу 2008 года. Напрыклад, фондавы індэкс «MSCI Asia Pacific Index», што ўлучае самыя дарагія кампаніі з 13 краінаў Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну, упаў больш чым на 7 %. Агенцтва «Bloomberg» піша, што найбольш пацярпелі кітайскія фірмы.


Тайванскі фондавы рынак упаў на 9,8 %, у Японіі і Паўднёвай Карэі галоўныя індэксы знізіліся на 4 %, у Індыі – на 5,1 %.

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп прэзентуе спіс краінаў, супраць якіх уводзіць мыты, на акцыі «Дзень вызвалення». Вашынгтон, ЗША. 2 красавіка 2025 года. Фота: The White House / Flickr

Трамп не ўводзіў мытаў супраць Беларусі і Расеі. Як на іх паўплываюць мыты супраць рэшты свету?

навіны

Еўрапейскія фондавыя рынкі за кампанію з азіяцкімі таксама пачалі дзень з падзення. Нямецкі індэкс «DAX» – у мінусе на 10 %, індэкс найбуйнейшых кампаніяў рэгіёну «Stoxx Europe 600» – на 5,1 %, брытанскі «FTSE 100» – на 6 %, французскі «Cac 40» – на 7 %.


Мацней за ўсё таннеюць акцыі абаронных і прамысловых кампаніяў. Напрыклад, кошт папераў нямецкага канцэрну «Rheinmetall», што вырабляе ўзбраенні, упаў на 27 %, і гандляванні імі прыпынілі.


Натуральна, што ліхаманіць і амерыканскі фондавы рынак. Сённяшнія гандляванні адкрыліся падзеннем індэксу «Dow Jones» на 3,2 %, «S&P 500» упаў на 3,4 %, а «Nasdaq Composite» — на 3,96 %.


Трамп толькі развёў рукамі на гэта:

,,

«Я не хачу, каб нешта падала, аднак часам даводзіцца прымаць лекі, каб нешта выправіць».


Ад фондавых рынкаў не адстае і нафта. На момант рыхтавання гэтага артыкулу барэль сумесі «Brent» каштаваў $ 64, і гэта мінімум з сакавіка 2021 года. Цана гэтай маркі так ці іначай уплывае на кошт шмат якіх гатункаў нафты на сусветным рыку.


Яшчэ 2 красавіка за бочку «Brent» давалі $ 74,90.

Графік цаны нафты «Brent» за 5 гадоў. Крыніца: investing.com
Графік цаны нафты «Brent» за 5 гадоў. Крыніца: investing.com

«Мы на мяжы сусветнага крызісу, і гэта акурат звязана з трампаўскімі тарыфамі, што могуць спарадзіць сусветны крызіс, бо ўсе пачынаюць адказваць», – сказаў у каментары «Вот Так» расейскі эканаміст Ігар Ліпсіц.


Прэзідэнт ЗША 2 красавіка на ўрачыстай цырымоніі ў ружовым садзе Белага дому абвясціў пра «дзень вызвалення» Амерыкі і ўвядзенне гандлёвых тарыфаў супраць шмат якіх краінаў. Пазіцыя Трампа такая: увесь свет нажываецца на Штатах, бо амерыканскія тавары абкладзеныя паўсюль высокім мытам, а вось самыя ЗША толькі зазнаюць страты ад імпарту.


У Еўразвязе плануюць адказаць сваймі тарыфамі, а Кітай ужо прыняў бой і абклаў усе амерыканскія тавары, што будуць завозіцца ў краіну, мытам 34 %.


«Спалучэнне крокаў ЗША і крокаў у адказ прывядзе да падзення сусветнага гандлю, адпаведна, будуць падаць аб'ёмы вытворчасці і будзе скарачацца патрэба ў энергіі, паліве. І попыт на нафту будзе падаць», – растлумачыў Ліпсіц.


Менавіта ў звязку з такімі песімістычнымі чаканнямі нафта цяпер і таннее.

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп сыходзіць пасля размовы з журналістамі ў Белым доме. Вашынгтон, ЗША. 3 красавіка 2025 года. Фота: Evan Vucci / AP / East News

Долар ліхаманіць. Ці бегчы ў абменнік?

Аналітыка

Ад продажу нафты і газу бюджэт Расеі летась атрымаў 30 % ад усіх прыбыткаў, гэта 11,1 трлн рублёў, або 130,3 млрд долараў. І падзенне цаны на вуглевадароды прывядзе да таго, што нашая ўсходняя суседка будзе бяднець. У выніку Расея не здолее купляць беларускіх тавараў столькі, як раней.


Да таго ж тамтэйшы Цэнтрабанк, змагаючыся з ростам цэнаў, ладзіць жорсткую грашовую палітыку: крэдыты дарагія, кампаніі і людзі пачынаюць менш усяго купляць. У такіх варунках рынак сціскаецца для ўсіх тавараў, у тым ліку беларускіх.


«Беларуская эканоміка сёння цалкам залежыць ад расейскай. Амаль 70 % нашага экспарту – гэта экспарт у Расею. Мы не маем іншых буйных краінаў-партнёраў. Ёсць Кітай, але мы там больш купляем, чымся прадаём туды. Мы ў манапольнай залежнасці ад Расеі, і падзенне на тым рынку азначае падзенне і на нашым – і досыць рэзкае», – заявіў «Белсату» прадпрымальнік, вядоўца праграмы «Атмасфера» на YouTube-канале «Белсат News» Аляксандр Кныровіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтобусны прыпынак у Менску, Беларусь. 9 ліпеня 2023 года. Фота: Adam Berry/Getty Images
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтобусны прыпынак у Менску, Беларусь. 9 ліпеня 2023 года. Фота: Adam Berry/Getty Images

Адзінае, што ў гэтай сітуацыі можа хоць неяк сагрэць душу, – зніжэнне коштаў бензіну пасля патанення нафты. У рынкавых эканоміках гэта наўпроставая залежнасць, аднак не ў Беларусі. З 2022 года за расейскую сыравіну для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў краіна плаціць расейскімі рублямі, аднак колькі нафта для нас каштуе і ад чаго залежыць гэтая цана – невядома. Пра гэта Менск з Масквою дамаўляецца за зачыненымі дзвярыма.


Падобна, ніякай падрабязнай інфармацыі не з'явіцца і пасля афіцыйнага візіту ў Расею 7 красавіка прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына, які мае абмеркаваць пастаўкі нафты з расейскім калегам Міхаілам Мішусціным. Прынамсі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Турчыным перад візітам таго ў Маскву запэўніваў, што раней Уладзімір Пуцін «падтрымаў нас ува ўсіх пытаннях, пачынаючы з фінансавых і заканчваючы цэнаўтварэннем на нафту».  

Здабыча нафты ў Перу. Фота: Carlos Garcia Granthon/Fotoholica Press/LightRocket via Getty Images

Цэны на нафту ліхаманіць: вінаваты Трамп, долар і OPEC

Аналітыка

«Гаворка ішла пра тое, каб мы адрэгулявалі цану паставак расейскай нафты, каб нашыя прадпрыемствы працавалі», – сказаў Лукашэнка, дадаўшы, што адпаведныя даручэнні Пуцін даў кіраўніку кампаніі «Роснефть» Ігару Сечыну.


«Падчас візіту трэба папрасіць урад Расеі, каб гэтыя пытанні былі развязаныя канчаткова, бо там былі даручэнні ўраду Расеі зрабіць тое-тое, тое-тое, тое-тое, каб яны былі развязаныя», – загадаў палітык Турчыну.


Ці патаннее нафта для Беларусі, калі расейскія ўлады зробяць «тое-тое», невядома, як і невядома, якімі будуць цэны на бензакалонках у выніку цяперашніх перамоваў з Крамлём. Пакуль жа паліва ў нашай краіне даражэе – тым часам, як, напрыклад, у Польшчы падлічваюць, наколькі кошты на бензін знізяцца. З 15 сакавіка літр паліва штотыдзень даражэе ў Беларусі на 2 капейкі, агулам цэны вырастуць на 16 капеек.


Акадэмічны дырэктар даследчага цэнтру BEROC Леў Львоўскі адзначае, што тарыфная вайна Трампа наўпрост не закране Беларусь і Расею, бо дзве краіны вельмі мала гандлююць з ЗША. У эфіры «Студыі Белсат» 6 красавіка эканаміст сказаў, што ўскосна на нас гэтая бойка паўплывае праз сусветныя рынкі:


«Тут усё будзе залежыць ад таго, як будуць развівацца гандлёвыя войны. Калі ўсё пойдзе паводле самага крутога і непрыемнага сцэнару, гэта насамрэч можа падштурхнуць да сусветнай рэцэсіі, базава будзем чакаць, што невялікай рэцэсіі. Тым не менш, рэцэсія для нас найперш азначае, што цэны на нафту знізяцца. Беларусь і Расея залежаць ад цаны на нафту».


Акрамя таго, беларускі бюджэт можа мець страты праз тое, што краіна будзе менш прадаваць калійных угнаенняў, не выключае аналітык:

,,

«З улікам тарыфаў супраць Канады канадскі калій можа пачаць ісці некуды ў бок ад амерыканскага рынку. Калі канадскі калій пойдзе больш у бок свету, беларускага калію спатрэбіцца менш».


І трэці чыннік, што можа адбіцца на Беларусі, – Кітай, які праз эканамічную бойку з ЗША можа істотна запаволіць рост і купляць менш беларускіх тавараў.


Пры гэтым кіраўнік беларускага ўраду Турчын яшчэ не ведае, чаго нам чакаць ад гандлёвае вайны:


«Час пакажа. Трамп паводзіцца як бізнесовец: патрабуй большага, потым паглядзім, як пагандлявацца. Багата агулам навінаў розных. Я ж казаў пра „чорных лебедзяў“».


Пра «чорных лебедзяў» ён казаў у красавіку, калі разважаў пра небяспеку для беларускай эканомікі і прызнаваў, што рызыкаў шмат:


«Гэта санкцыйны ціск, праблемы ў вонкавым гандлі. Аднак найгалоўнейшае, што мы цяпер жывём у эпоху "чорных лебедзяў". Які "чорны лебедзь" з'явіцца заўтра, вельмі цяжка спрагназаваць».


Зрэшты, высокія тарыфы – запрашэнне Трампа да перамоваў. Раней ён казаў, што гатовы знізіць мыта, калі іншыя краіны «прапануюць нешта фенаменальнае». Калі гандлёвая вайна не працягнецца доўга і скончыцца замірэннем з амерыканскім «рэвалюцыянерам», найгоршыя сцэнары экспертаў могуць не спраўдзіцца.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10