Краіны Еўрапейскага Звязу ў бліжэйшыя дні пастараюцца выступіць з адзіным рашэннем супраць тарыфаў прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. Чакаюцца контрмеры ў дачыненні да амерыканскага імпарту на суму да $28 млрд, паведамляе «Reuters».
Еўразвяз у адказ на тарыфы на свае тавары, уведзеныя ЗША, зробіць дадатковы падатак на пастаўкі з Амерыкі. Яны закрануць вельмі шырокую групу тавараў – ад зубной ніткі да брыльянтаў.
Чакаецца, што Еўрапейская камісія ўвечары 7 красавіка прапануе спіс амерыканскіх тавараў, на якія накладуць дадатковыя пошліны.
Калі ЕЗ увядзе дадатковы падатак на амерыканскія тавары пры ўвозе ў Еўразвяз, то яны стануць даражэйшыя для пакупнікоў з ЕЗ, а значыць, менш запатрабаваныя. Такі ж інструмент выкарыстоўвае Доналд Трамп у дачыненні шэрагу краінаў, каб абмежаваць імпарт у ЗША.
Кітай, Канада і Мексіка, якія таксама трапілі пад тарыфы ЗША, ужо прынялі меры ў адказ.
Выданне адзначае, што ўжо ёсць асцярогі, што ўсё ператворыцца ў глабальную гандлёвую вайну, робячы тавары больш дарагімі для мільярдаў спажыўцоў і кідаючы эканоміку ва ўсім свеце ў рэцэсію.
Тарыфныя войны, якія пачаў Доналд Трамп, ужо прывялі да зніжэння цаны долара ў свеце. Як распавяла «Белсату» экспертка BEROC Анастасія Лузгіна, беларусам краху долара чакаць не варта, але свае ашчаджэнні лепш захоўваць у некалькіх валютах, бо курсы могуць значна вагацца.
Арсен Рудэнка belsat.eu