Праз тарыфную палітыку прэзідэнта ЗША Доналда Трампа долар слабее ў свеце, а ў бучыні курсы валют могуць сур’ёзна вагацца. «Белсат» спытаў у эксперткі BEROC Анастасіі Лузгіной, што адбываецца ў ЗША і ці варта праз гэта беларусам ужо пазбаўляцца ад долараў.
«Reuters» піша, што на фоне тарыфнай палітыкі прэзідэнта ЗША Доналда Трампа долар у ЗША дасягнуў шасцімесячнага мінімуму адносна еўра. «Deutsche Bank» папярэдзіў аб рызыцы крызісу даверу да долару ЗША, то бок інвестары і краіны могуць адмаўляцца ад долара. Банк чакае, што валютныя курсы будуць бязладна вагацца.
Індэкс долара Bloomberg Dollar Spot Index (BBDXY), які разлічвае гэтае агенцтва, у чацвер, 3 красавіка, упаў на 2,1%. Гэта стала самым рэзкім дзённым падзеннем паказчыка з моманту яго запуску ў 2005 годзе, падлічыў Bloomberg.
Долар ЗША ўпаў у адносінах да ўсіх валют краін G10. Так, курс еўра да долара вырас на 2, 7%, што стала самым значным ростам еўра амаль за дзесяць гадоў.
У пятніцу, 4 красавіка, індэкс даляра Bloomberg Dollar Spot змог трохі адскочыць. Тым не менш індыкатар ўсё яшчэ знаходзіцца паблізу мінімумаў з кастрычніка мінулага года, піша Bloomberg.
Трамп стварае нестабільнасць для долара
Анастасія Лузгіна кажа, што падзенне долара, у тым ліку да еўра – гэта рэакцыя фінансавых рынкаў на тое, што Доналд Трамп падняў тарыфы на імпартныя тавары з шэрагу краінаў, сярод якіх Еўропа і Кітай. Тарыфы азначаюць, што пры ўвозе тавараў у ЗША яны абкладаюцца дадатковым падаткам, то бок пакупнікам у ЗША прыйдзецца заплаціць больш.
На гэта адрэагавалі інвестары, якія чакаюць пагаршэння сітуацыі ў эканоміцы ЗША, што паўплывала на курс долара.
,,«Гэта можа сведчыць аб адтоку фінансавых рэсурсаў з Амерыкі ў сувязі з тым, што для інвестараў павышаецца нявызначанасць і рызыкі, звязаныя з рашэннямі Трампа. Можна падумаць, што тарыфы павінны падтрымаць долар, таму што менш будзе імпарту праз падвышэнне коштаў. Але гэта пад пытаннем, бо рынак прыстасоўваецца», – кажа Анастасія Лузгіна.
Экспертка згадвае прыклады Беларусі і Расеі, супраць якіх уведзеныя санкцыі, а гандлёвыя патокі ўсё роўна захоўваюцца.

«У выпадку ЗША гандлёвыя патокі будуць заставацца за кошт таго, што пойдзе большы імпарт з краін, дзе тарыфы меншыя або дзе іх няма. То бок тарыфы не азначаюць, што імпарт спыніцца», – працягвае Анастасія Лузгіна.
Яна адзначае, што тарыфы таксама могуць выклікаць інфляцыю ў ЗША праз падаражэнне імпарту.
,,«Гэта зноў-такі фактары нявызначанасці, турбулентнасці эканомікі. Інвестарам гэта не падабаецца. Тарыфы толькі ўведзеныя, а мы ўжо бачым ваганні долара ў бок яго зніжэння. Гэта больш рэакцыя рынку. Яна пакуль не падмацоўваецца працэсамі, якія адбываюцца ў эканоміцы, таму што рашэнні Трампа ўведзеныя літаральна на днях», – кажа Анастасія Лузгіна.
Яна лічыць, што долар будзе схільны ваганням і ў будучыні можа танець ўжо не праз рэакцыі інвестараў, а праз працэсы, якія будуць адбывацца ў эканоміцы ЗША.
«Гэта не азначае, што долар цяпер перастане быць сусветнай валютай. Адна з прычын – многія кантракты ў свеце намінаваныя ў доларах, тыя ж золатавалютныя рэзервы ў многіх краінах часткова ў доларах. Краіны, якія захоўваюць рэсурсы ў доларах, не зацікаўленыя ў тым, каб долар сышоў з сусветнай арэны», – адзначае экспертка.
Што рабіць беларусам?

Беларусам трэба мець на ўвазе, што рызыкі вагання долара павышаюцца, як у адзін, так і ў другі бок.
«Зразумела, што ў кожнага свая сітуацыя, але, калі даваць агульную рэкамендацыю, то пакуль мы больш нічога не можам рэкамендаваць, акрамя як дыверсіфікаваць свае зберажэнні – прынамсі трымаць іх у некалькіх валютах. Калі на адной валюце вы будзеце губляць, то на іншай валюце – выйграваць», – кажа Анастасія Лузгіна.
Яна падкрэслівае, што турбулентнасць з валютамі у бліжэйшы час захаваецца.
«Тарыфы ЗША адбіліся на іх валюце ў бок паслаблення. Але гэтыя тарыфы таксама могуць пагоршыць сітуацыю ў эканоміках тых краін, супраць якіх уведзеныя гэтыя тарыфы. І іх валюты таксама могуць зніжацца ў такім выпадку.
Таму я б рэкамендавала зрабіць сабе кошык з некалькіх валют, каб максімальна знізіць усе магчымыя рызыкі, бо на валютным рынку могуць адбывацца змены і вельмі хутка», – працягвае Анастасія Лузгіна.
Акрамя таго, беларусам нельга скідаць з рахункаў, як паводзіць сябе расейскі рубель да ўсіх замежных валют. Бо беларускі рубель шмат у чым паўтарае траекторыю расейскага праз тое, эканомікі Беларусі і Расеі моцна звязаныя. Таму для беларусаў сітуацыя залежыць не толькі ад палітыкі Трампа, але і ад стану расейскай эканомікі і чаканняў расейскіх інвестараў.
,,«Мы павінны глядзець, як паводзяць сябе сусветныя валюты ў адносінах адзін да аднаго, але яшчэ і ўлічваць фактар расейскага рубля, які апошнім часам умацоўваўся. Таксама ён можа і слабець. Тут ужо іншыя фактары дзейнічаюць: як будзе прасоўвацца правядзенне перамоваў паміж Украінай, ЗША і Расеяй. А таксама, якія вынікі будуць у знешнім гандлі Расеі. Гэтыя фактары нікуды не падзенуцца», – заключае Анастасія Лузгіна.
У апошнія месяцы расейскі рубель умацоўваўся да долара, а за ім і беларускі праз тое, што сітуацыя з перамовамі пакуль выглядае пазітыўнай для Расеі, а вонкавы гандаль гэтай краіны быў у плюсе. Аднак ужо ёсць прыкметы таго, што тэндэнцыі ў вонкавым гандлі Расеі могуць змяніцца, што будзе штурхаць курс долара ўверх.
Арсен Рудэнка belsat.eu