Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп 2 красавіка ва ўрачыстай абстаноўцы ў ружовым садзе Белага дому пачаў гандлёвую вайну з усім светам. Увядзенне нябачаных з пачатку ХХ стагоддзя павальных тарыфаў на імпарт тавараў у ЗША ён назваў «днём вызвалення» Амерыкі.
«Сёння – дзень вызвалення. Гэта адзін з самых важных дзён у амерыканскай гісторыі, гэта – дэкларацыя амерыканскай эканамічнай незалежнасці», – сказаў прэзідэнт ЗША, перадае Бі-Бі-Сі.
На ягоную думку, тарыфы зробяць «Амерыку вялікай і багатай», бо гандлёвыя партнёры нажываюцца на ЗША, прадаючы ім больш тавараў, чымся купляючы ў іх, а тарыфы вышэйшыя за амерыканскія.
Якімі будуць тарыфы
У цэлым ніводная краіна не пазбегне амерыканскіх збораў на імпарт. Мінімальны тарыф складзе 10 %. Зваротны тарыф 34 % уведзены супраць Кітаю, 20 % – супраць Еўразвязу, 24 % – супраць Японіі і 26% – супраць Індыі. Такія краіны, як М’янма і В’етнам, мусяць заплаціць імпартныя мыты памерам каля 50 %. Праўда, у дачыненні Беларусі і Расеі тарыфы не ўведзеныя, а супраць Украіны яны складуць 10 %.
Агульныя мыты набудуць моц 5 красавіка, павышаныя – 9 красавіка. Пры гэтым Доналд Трамп адзначыў, што гатовы да перамоваў і да іх адмены ў абмен на скасаванне тарыфаў гэтымі краінамі або на перадачу яму Канады і Грэнландыі.
Пры гэтым Еўразвяз, Кітай, Канада і Мексіка не выключаюць увядзення новых мытаў у адказ. А некаторыя з іх ужо байкатуюць амерыканскія тавары.
Эканамісты мяркуюць, што ў выніку рашэння Трампа сярэдні падатак на імпартныя тавары ў ЗША вырасце да 10–15 % з цяперашніх 3–4 %. На іхную думку, спадзеў амерыканскай адміністрацыі на тарыфы для развіцця ўласнай эканомікі архаічны і даказаў сваю безгрунтоўнасць яшчэ ў Вялікую дэпрэсію 1930-х гадоў, вольны ж гандаль, наадварот, спрыяе росту эканомік.
Таксама павышаны падатак на спажыванне імпартных тавараў заплацяць уласна грамадзяне ЗША, у выніку чаго вырастуць цэны, эканоміка запаволіцца, жыць будзе цяжэй. А зборы ад мытаў, як паказаў першы тэрмін Трампа, амаль цалкам ідуць прадпрыемствам і фермерам, які цярпяць ад зваротных тарыфаў.
Адзначым: уводзячы тарыфы супраць усяго свету, ЗША разглядаюць магчымасць зняць санкцыі з беларускага калію. Нібыта ў абмен на вызваленне часткі палітычных вязняў, але не выключана, што для гандлёвай вайны з Канадаю.
Якуб Хруст belsat.eu