навіны

Трамп не ўводзіў мытаў супраць Беларусі і Расеі. Як на іх паўплываюць мыты супраць рэшты свету?

Прэзідэнт ЗША прэзентуе спіс краінаў, супраць якіх уводзіць мыты
Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп прэзентуе спіс краінаў, супраць якіх уводзіць мыты, на акцыі «Дзень вызвалення». Вашынгтон, ЗША. 2 красавіка 2025 года. Фота: The White House / Flickr
podpis źródła zdjęcia

Злучаныя Штаты ўвялі мыты супраць большай часткі свету, у тым ліку бальшыні постсавецкіх краінаў, але абмінулі Беларусь і Расею. Што гэта азначае і навошта Трамп гэта робіць, у эфіры «Вот Так» растлумачыў эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў.

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп 2 красавіка ўрачыста абвясціў гандлёвую вайну амаль усяму свету – за выключэннем Беларусі, Расеі, Кубы, Паўночнай Карэі і шэрагу іншых краінаў пад санкцыямі ЗША. У эфіры «Вот Так» доктар эканамічных навук і расейскі апазіцыйны палітык Уладзіслаў Іназемцаў растлумачыў, што мыты Трампа выклічуць рост цэнаў і скарачэнне прапановы 

,,

«Амерыка цяпер наносіць удар па самой сабе больш, чымся па астатнім свеце, як гэта ні дзіўна», – кажа Іназемцаў.


Экспарт Кітаю ў ЗША – толькі адна сёмая частка ад усяго экспарту Кітаю, доля экспарту ў Штаты ў Еўразвязу яшчэ меншая, тлумачыць ён. Пастаўнікі тавараў у ЗША, за выключэннем суседніх са Штатамі Канады і Мексікі, страцяць менш, як уласна Штаты. Сапраўды хвалявацца варта за ЗША, Канаду і Мексіку.

А што Расея, краіны СНД ды іншыя постсавецкія дзяржавы? Трамп увёў мыты 31 % супраць Малдовы, 27 % супраць Казахстану, 10 % супраць Азербайджану, Арменіі, Грузіі, Кыргызстану, Таджыкістану, Туркменістану, Узбекістану і Украіны. Супраць Беларусі і Расеі мытаў не ўводзілі – гэта тлумачылі тым, што ўведзеныя раней санкцыі ўжо робяць немагчымым хоць нейкі значны гандаль.

На думку Іназемцава, на краіны СНД ніякага эфекту не будзе, бо яны пастаўляюць у ЗША даволі мала – збольшага сыравіну, але і тую больш пастаўляюць у Еўропу і на Блізкі Усход. Да ЗША даходзіць не надта вялікая частка азербайджанскай, казахскай ці расейскай нафты. І для Трампа пытанне стаіць не пра сыравіну, а прамысловыя вырабы. Ягоная ідэя – вярнуць прамысловую вытворчасць у ЗША, у гэтай тэме «СНД ні пра што».

Асноўны ўдар будзе па еўрапейскіх кампаніях і буйных прамысловых карпарацыях, якія вырабляюць тавары для ЗША ў Еўропе, Канадзе, Мексіцы ці Кітаі, кажа Іназемцаў. Еўрапейскія кампаніі ўжо пачынаюць працаваць над тактыкай адказу. Ім давядзецца пераарыентавацца на іншыя рынкі. Наколькі гэта магчыма, стане відаць за найбліжэйшыя год ці два. Эканаміст прапануе прыгадаць 2014-ы, калі Уладзімір Пуцін увёў эмбарга на еўрапейскія харчы. У выніку ў 2014 і 2015 гадах экспарт харчоў у Расею працягваў расці. 

Сенат ЗША загадзя падтрымаў законапраект, які прадугледжвае мыты аж 500 % краінам, якія купляюць расейскія нафту і ўран – гэтак Расеі пагражаюць наступствамі за патэнцыйную адмову спыніць агонь ва Украіне. На думку Іназемцава, гэта паказвае толькі «маштаб папулізму» ў ЗША. Расейскую нафту купляюць шмат якія краіны: Кітай, Індыя, Турэччына, нават еўрапейскія краіны яшчэ купляюць расейскія нафтапрадукты. Калі ўводзіць такія мыты супраць краінаў, якія даюць пад 30 % вонкавага гандлю, то гэта будзе «стрэлам у галаву амерыканскай эканоміцы, не расейскай», кажа эканаміст. Расея пачне прадаваць нафту праз пасярэднікаў, хаваць паходжанне прадукцыі.

Чаго хоча Трамп?

«Трамп хоча, каб у Амерыку вярнулася індустрыйная вытворчасць, – тлумачыць Іназемцаў. – У 1950-ыя Злучаныя Штаты выраблялі палову ўсяго прамысловага прадукту ў сусветным маштабе. А цяпер гэтая доля ўпала да 14–15 %. Трамп хоча зрабіць Амерыку індустрыялізаванаю краінаю. Лагічная гэтая ідэя, рэалізавальная яна? Гэта можна абмяркоўваць вельмі доўга».

,,

«Трамп, падобна, хоча паставіць інтарэсы спажыўца ніжэй за інтарэсы вытворцаў. Ён хоча, каб у краіне выраблялася большая частка таго, што там спажываецца».


Гэтая мэта ў прынцыпе дасяжная, верыць Іназемцаў, але здзіўляецца падыходам Трампа. Каб збудаваць завод, трэба некалькі гадоў. Вялікія карпарацыі мяняюць падыходы ў свеце яшчэ павольней. Калі б Трамп хацеў стварыць праграму рэіндустрыялізацыі Штатаў, то яна мусіла быць разлічаная на як мінімум 15 гадоў: праз два гады ўвядзём такія мыты, праз чатыры падвоім, праз дзесяць увядзём спецыяльныя квоты на імпарт… Еўразвяз рабіў падобнае – напрыклад, квоты на імпарт сельскагаспадарчай прадукцыі. Калі б так зрабілі ў ЗША, ідэі Трампа можна было б рэалізаваць. Але калі проста ўводзіць мыты, перакананы эканаміст, вытворчасць не вернецца ў ЗША, а кампаніі проста сыдуць на іншыя рынкі.

Закрыццё канкрэтнага рынку не выклікае катастрофы для вялікіх эканомік, даводзіць Іназемцаў. У Еўразвязе магчымае запавольванне тэмпаў росту, дапускае ён, але ацэньвае патэнцыйнае запавольванне на 0,1–0,2 адсоткавага пункту валавога ўнутранага прадукту. Хіба калі Трамп загоніць эканоміку ЗША ў рэцэсію, то «фінансавая хваля» пойдзе па іншым свеце, але гэтая хваля не разбурыць эканомікі еўрапейскіх краінаў.

Што можна аддаць Трампу, каб ён скасаваў мыты? Іназемцаў мяркуе, што пытанне не ў гэтым. Калі б Трамп хацеў саступак, пачынаў бы гандлявацца: «або мы ўводзім мыты на вашую прадукцыю, або…» Але спісу патрабаванняў не выстаўлялі, калі не лічыць абвінавачванні кшталту «Канада завальвае ЗША наркотыкамі» (пры тым, што абсалютная бальшыня наркотыкаў трапляе ў Штаты не з Канады). Уцямных патрабаванняў ад ЗША Іназемцаў не бачыў.

belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10