Аналітыка

Цэны на нафту ліхаманіць: вінаваты Трамп, долар і OPEC

img
Здабыча нафты ў Перу. Фота: Carlos Garcia Granthon/Fotoholica Press/LightRocket via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

На мінулым тыдні краіны OPEC пастанавілі павялічыць здабычу нафты, цэны на сыравіну адразу адрэагавалі, пайшлі ўніз. Аднак апошнімі днямі гэтае падзенне крыху кампенсавалася. Прычынаў таму некалькі: туманныя перспектывы амерыканскай эканомікі і гандлёвая вайна прэзідэнта ЗША.

3 сакавіка Арганізацыя краінаў-экспарцёраў нафты абвесціла пра павелічэнне здабычы нафты: была скасаваная ранейшая пастанова аб добраахвотным скарачэнні вытворчасці на 2,2 млн барэляў за содні. Здабыча будзе расці паступова, працэс расцягнецца ажно да верасня налета.


Такое рашэнне ўхвалілі прадстаўнікі Саудаўскай Аравіі, Расеі, Іраку, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, Кувейту, Казахстану, Алжыру і Аману. Яны ўлічылі «здаровы стан рынку і прагнозы пазітыўных перспектываў».


Пры гэтым у паведамленні OPEC адзначаецца, што «дзеля стабільнасці нафтавых рынкаў» пастанову ад павелічэнні здабычы прыпыняць ці наогул скасуюць. Усё будзе залежыць ад «рынкавых умоваў».


На фоне пастановы арганізацыі цэны на нафту маркі «Brent» апусціліся з $ 71 да $ 68,5 за барэль (кошт гэтай сумесі так ці іначай уплывае на цэны 70 % сартоў нафты на сусветным рыку).

Графік цаны нафты «Brent» у канцы лютага – пачатку сакавіка 2025 года. Крыніца: tradingview.com
Графік цаны нафты «Brent» у канцы лютага – пачатку сакавіка 2025 года. Крыніца: tradingview.com

Эксперт у пытаннях нафтавага рынку Міхаіл Круціхін у каментары «Белсату» растлумачыў, што тады сыравіна патаннела не толькі з увагі на рашэнне OPEC:

,,

«Гэта было супадзенне двух чыннікаў: пацвярджэнне графіку здабычы альянсам і гандлёвая вайна Доналда Трампа супраць Кітаю, Канады, Мексікі. Мыты азначаюць пэўнае запавольванне выпуску прадукцыі, пэўнае запавольванне эканомікі і, адпаведна, скарачэнне спажывання нафты».


Павелічэнне здабычы сыравіны разам з імаверным скарачэннем попыту на яе, паводле законаў рынку, непазбежна прывядзе да істотнага падзення цаны. Чаму ж краіны-экспарцёры пагадзіліся на гэта?


«У OPEC маецца ўпэўненасць у тым, што яны ўжо страцілі здольнасць сур'ёзна ўплываць на цану нафты шляхам стрымлівання здабычы. Рэзка яны рабіць гэтага не жадаюць, яны прытрымліваюцца старога плану», – кажа аналітык.


Агулам ён прадракае, што Арганізацыя краінаў-экспарцёраў нафты хутка разваліцца, і на рынку з'явіцца багата таннай сыравіны:

,,

«Мяркуючы па ўсім, да канца года краіны OPEC выйдуць на нейкі новы ўзровень здабычы, пасля чаго можна будзе казаць, што OPEC+ спыніў сваю ролю як картэль, маніпуляцыю аб'ёмамі здабычы дзеля падтрымання цэнаў. Удзельнікі альянсу будуць здабываць столькі нафты, колькі захочуць або здолеюць прадаць. Маю адчуванне, што гэты картэль спыніць існаванне да канца года».


Паводле Круціхіна, у прыбытку застануцца краіны, дзе здабываць нафту танна, гэта Саудаўская Аравія і яе партнёры ў Персідскай затоцы:


«Пастаўнікі нафты з высокім сабекоштам будуць фактычна выціснутыя з рынку. Гэта найперш Расея і, імаверна, пацярпяць амерыканскія пастаўнікі нафты, бо ў іх ад новых праектаў чакаюць, што цана будзе не менш за $ 60 за барэль. Калі будзе меней, то новыя праекты не атрымаюць фінансавання, і рост здабычы ў ЗША будзе стрымлівацца. А вось у Расеі будзе нашмат больш сур'ёзна. Калі цэны апусцяцца да $ 50, гэта будзе сур'ёзны ўдар, і не так шмат у Расеі застанецца нафты з сабекоштам, які дазваляе рэнтабельна здабываць».

Доналд Трамп на паслявыбарчым сходзе «AmericaFest». Фінікс, Арызона. 22 снежня 2024 года. Фота: Gage Skidmore / Flickr, CC BY-SA 2.0

Трамп увёў мыты на сталь і алюміній. Гэта ўдар па Канадзе, якую ён хоча зрабіць «51-м штатам»

навіны

Пасля 5 сакавіка, калі OPEC паведаміла пра сваю пастанову, – аніякай стабільнасці: нафтавыя цэны вагаюцца то ўверх, то ўніз. На момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу за барэль сумесі «Brent» давалі $ 70,28. «Reuters» адзначае, што 12 сакавіка сыравіна падаражэла праз падзенне долару. Ён таннее з увагі на пагрозу рэцэсіі ў ЗША, эканамічнага спаду не выключыў прэзідэнт Трамп.


Пры гэтым падаражэнне нафты магло б быць шпарчэйшым, калі б не гандлёвая вайна, з якою палітык пайшоў на Канаду, Мексіку, Кітай і ЕЗ. Узаемны абмен мытамі пагражае запавольваннем росту найбуйнейшых эканомік свету. У такіх варунках попыт на нафту падае, і цэны на сыравіну меліся б знізіцца.


Зрэшты, сусветныя цэны на нафту не ўплываюць наўпрост на кошт паліва на ўнутраным рынку Беларусі. З 2022 года за расейскую сыравіну для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў краіна плаціць расейскімі рублямі. І хаця формула цэнаўтварэння невядомая, штораз, «Белнафтахім», калі ў Беларусі даражэе бензін, звычайна абгрунтоўвае гэта падаражэннем нафты.


Новы рост цэнаў на паліва канцэрн растлумачыў мудрагеліста: «З улікам усебаковай ацэнкі эканамічнай сітуацыі, кан'юнктуры рынку нафты і нафтапрадуктаў у сумежных дзяржавах». Да якіх высноваў прыйшлі чыноўнікі пасля «ўсебаковай ацэнкі эканамічнай сітуацыі» і як кан'юнктура рынку ў суседзяў уплывае на нас, застаецца толькі здагадвацца.


Бензін і дызпаліва падаражэюць ажно на 16 капеек, кошты пачнуць паэтапна павышаць 15 сакавіка.


Летась цэны на паліва выраслі ў Беларусі на 8 капеек.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10