Беларусы па ўсім свеце плануюць адзначыць Дзень Волі – 107-ую гадавіну абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. «Белсат» збірае анонсы імпрэзаў, спіс будзе дапаўняцца.
У Беларусі ўжо сёмы год не будзе маштабных акцыяў на Дзень Волі: рэжым Аляксандра Лукашэнкі не надта шануе беларускую гісторыю, асабліва не любіць Беларускай Народнай Рэспублікі, якая паўстала 107 гадоў таму. Беларусаў дзесяцігоддзямі пераследавалі за святкаванне Дня Волі: святы, якія прайшлі хаця б адносна спакойна, можна пералічыць па пальцах адной рукі. У сённяшніх умовах масавых рэпрэсіяў не выпадае спадзявацца на свята ці нават адкрыты пратэст 25 сакавіка.
Беларусы за мяжою адзначаюць Дзень Волі значна вальней: штогод у дзясятках гарадоў ладзяцца канцэрты, мітынгі ды іншыя імпрэзы.
Выбраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская сёлета заклікала беларусаў ладзіць імпрэзы за мяжой, а людзям у Беларусі прапанавала ў гэты дзень глядзець YouTube або дапамагаць асобам у патрэбе. Офіс Ціханоўскай збірае анонсы акцыяў за мяжой, абяцае ім інфармацыйнае падтрыманне. Анонсы ў сацыяльных сетках просяць пазначаць тэгам #БНР107.
На момант публікацыі анансаваны шэраг акцыяў на Дзень Волі. Вось якія анонсы публікаваў Офіс Ціханоўскай і якія знайшоў «Белсат».
Галоўная акцыя – у Варшаве 23 сакавіка
Імаверна, найбуйнейшая акцыя пройдзе ў Варшаве. Плануюць вялікае шэсце, прамовы палітычных і грамадскіх дзеячаў, музычныя выступы. Святкаванне ў польскай сталіцы пачнецца ў нядзелю, 23 сакавіка, а 13:00 на пляцы Трох Крыжоў. «Белсат» выступае адным з інфармацыйных партнёраў акцыі. На Дзень Волі ў Варшаве збіраюць грошы праз «BYSOL».

Дзе яшчэ плануюцца акцыі ў Польшчы
Беласток. Вялікая праграма святкавання. 23 сакавіка – малебен за беларускі народ; спектакль; мітынг-канцэрт з удзелам Лявона Вольскага. 25 сакавіка – канцэрт «Гісторыя пра волю» ды іншыя імпрэзы; сімвалічны забег «Bieg Wolności». 26 сакавіка – канцэрт Naviband. 27 сакавіка – святочныя заняткі «Мова Нанова».
Быдгашч. 28 сакавіка – прагляд фільму «Пад шэрым небам».
Варшава. 22 сакавіка – лекцыя гісторыка Алеся Смаленчука «БНР: перамога і катастрофа 1918 года».
Вроцлаў. 20 сакавіка – сустрэча з Уладзімірам Арловым і Яраславам Іванюком «Ад Рагвалода да БНР». 25 сакавіка – марш і мітынг, канцэрт Алеся Дзянісава.
Гданьск. 25 сакавіка – вялікая праграма: ускладанне кветак, кірмаш, напісанне лістоў палітычным вязням, выставы, канцэрт «Naviband».
Жэшаў. 22 сакавіка – «Дзень салідарнасці з беларускім народам»: прагляд фільму «Апошнія словы», дыскусія і канцэрт Аляксандра Памідорава.
Кракаў. Вялікая праграма святкавання. 22 сакавіка – паседжанне палітычнага клубу; 23 сакавіка – вандроўка-экскурсія і паседжанне гістарычнага клубу; 25 сакавіка – марш, мітынг і канцэрт; 29 сакавіка – творчы майстар-клас; з 18 сакавіка да 8 красавіка – выстава карцінаў Наталлі Борд.
Лодзь. 25 сакавіка – прагляд фільму «Беларусь 23.34».
Познань. 23 сакавіка – марш і мітынг.
Шчэцін. 25 сакавіка – мітынг каля філармоніі.
Дзе яшчэ плануюцца акцыі ў Еўропе і Азіі
Браціслава, Славаччына. 23 сакавіка – канцэрт і кірмаш.
Брусель, Бельгія. 23 сакавіка – святочная віктарына.
Валенсія, Іспанія. 23 сакавіка – святочны пікнік.
Вена, Аўстрыя. 23 сакавіка – сустрэча з Уладзімірам Арловым і Яраславам Іванюком «Ад Рагвалода да БНР». 29 сакавіка – святкаванне ў бары.
Вільня, Літва. Вялікая праграма святкавання. 22 сакавіка – ушанаванне памяці Кастуся Каліноўскага і ягоных паўстанцаў на Лукішках; вандроўка да юбілею Францішка Багушэвіча. 23 сакавіка – традыцыйны нядзельны мітынг на плошчы Кудзіркі; святочны сплаў па Віліі на байдарках; дыскусія з Палінаю Шарэндаю-Панасюк у «Беларускім замку». 24 сакавіка – віктарына і спектакль. 25 сакавіка – акцыя каля Сейму Літвы з удзелам Святланы Ціханоўскай, Паліны Шарэнды-Панасюк і літоўскіх дэпутатаў; аўтапрабег; акцыя памяці і экскурсія па могілках; вечаровы мітынг на Лукішках; акцыя каля амбасады Беларусі; святкаванне ў «Карчме 1863». 30 сакавіка – вандроўка з гісторыямі пра Вільню.
Кёльн, Нямеччына. 30 сакавіка – марш і сустрэча з Уладзімірам Арловым і Яраславам Іванюком «Ад Рагвалода да БНР».
Коўна, Літва. 25 сакавіка – ускладанне кветак на магілу Клаўдзія Дуж-Душэўскага.
Лімасоль, Кіпр. 25 сакавіка – прагляд фільму «Чарнобыльская малітва».
Лондан, Злучанае Каралеўства. 29 сакавіка, 14:00 – сустрэча ў грамадскай залі сядзібы Згуртавання беларусаў (52 Penn Road London N7 9RE).
Мюнхен, Нямеччына. 25 сакавіка – экспедыцыя да магілы беларускага біскупа Сцяпана ў Зальцбурзе; сустрэча з Уладзімірам Арловым і Яраславам Іванюком «Ад Рагвалода да БНР».
Прага, Чэхія. 22 сакавіка – ушанаванне памяці прэзідэнтаў Рады БНР, 27 сакавіка – канцэрт Вольнага хору.
Рыга, Латвія. 22 сакавіка – прагляд фільму «Жыве Беларусь». 30 сакавіка – святочны канцэрт Змітра і Геральда Бартосікаў, Юстыны і Таццяны Карпіловіч.
Стакгольм, Швецыя. 25 сакавіка – адзначэнне Дня Волі з 18:00 на Wallingatan 34.
Таллін, Эстонія. 25 сакавіка – святочны забег.
Тэль-Авіў, Ізраіль. 28 сакавіка – святочны кірмаш; канцэрт Ірэны Катвіцкай.
Дзе плануюцца акцыі ў Амерыцы
Злучаныя Штаты – шмат сходаў у розных гарадах.
Атланта, ЗША. 23 сакавіка – святочны пікнік.
Бостан, ЗША. 25 сакавіка – узняцце беларускага сцяга пры гарадской мэрыі; 30 сакавіка – канцэрт «Naviband».
Бэлвію (каля Сіетлу, штат Вашынгтон), ЗША. 23 сакавіка – «Гуканне Волі»: святкаванне Дня Волі і Гуканне вясны.
Вашынгтон (акруга Калумбія), ЗША. 23 сакавіка – святочны пікнік.
Лос-Анджэлес, ЗША. 23 сакавіка – святочны пікнік.
Остын, ЗША. 30 сакавіка – святочная акцыя.
Ролі (Паўночная Караліна), ЗША. 23 сакавіка – марш і імпрэза.
Сан-Францыска, ЗША. 23 сакавіка – святочны пікнік.
Саўт-Рывэр (Нью-Джэрзі), ЗША. 29 сакавіка – мітынг, канцэрт і пікнік (пры неспрыяльным надвор’і – перанос на 30 сакавіка).
Філадэльфія, ЗША. 29 сакавіка – святкаванне з музыкаю, гульнямі і адмысловым госцем.
Чыкага, ЗША. 23 сакавіка – сустрэча да Дня Волі.
Таронта, Канада. 22 сакавіка – шэсце і імпрэза ў Беларускім цэнтры.
Эдмантан, Канада. 22 сакавіка – імпрэза на Дзень Волі і Гуканне вясны.
***
Калі хочаце дадаць імпрэзу ў гэты спіс, пішыце да @edytorBLST у Telegram!
Алесь Наваборскі belsat.eu