Шуфлядка

Як змагацца ў Беларусі? Што карыснага яшчэ можна зрабіць, каб за гэта не пасадзілі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнік акцыі трымае ў руках плакат з турэмнымі кратамі, якія сімвалізуюць беларускае насельніцтва ў турмах і несвабоду ў Беларусі, у другую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Кракаў, Польшча
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Удзельнік акцыі трымае ў руках плакат з турэмнымі кратамі, якія сімвалізуюць беларускае насельніцтва ў турмах і несвабоду ў Беларусі, у другую гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Кракаў, Польшча. 9 жніўня 2022 года. Фота: Artur Widak / NurPhoto via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Амаль пяць гадоў у Беларусі трываюць масавыя рэпрэсіі, хоць вулічныя пратэсты даўно задушаныя. Значную частку грамадзянскай супольнасці «ліквідавалі» ці назвалі «экстрэмістамі». «Белсат» спытаў дарадцу Ціханоўскай, праваабаронцу і беларуску, якая толькі нядаўна з’ехала за мяжу ад пераследу, пра тое, як цяпер у Беларусі можна праяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сход ветэранаў АМАП. Менск, Беларусь. 3 лютага 2025 года. Фота: Милиция Минска / Telegram

Новы віток затрыманняў, шалёны рост завочных судоў, клетка ў жаночай калоніі. Трэнды рэпрэсіяў у 2025 годзе

навіны

Адкрытыя пратэсты ў Беларусі ў 2025 годзе практычна немагчымыя: нават адзіночны пікет заканчваецца затрыманнем праз 10 хвілінаў. Апазіцыйныя палітычныя партыі ліквідаваныя і практычна забароненыя, таксама ліквідаваныя больш за 1500 няўрадавых арганізацыяў, мноства незалежных медыяў названыя «экстрэмісцкімі». Аляксандр Лукашэнка называе ўдзельнікаў мірных пратэстаў «ворагамі народу» і адкрыта заклікае да іх дыскрымінацыі. За кратамі не менш за 1239 палітычных зняволеных – гэта толькі тыя, каго ўнеслі ў спіс «Вясны», а некаторыя пакараныя і іхныя сваякі баяцца дадатковых рэпрэсіяў за статус палітвязня.


Што рабіць тым, хто яшчэ не расчараваўся ў ідэях дэмакратычных зменаў і хоча зрабіць нешта карыснае для Беларусі? 


Ці зразумела, дзе межы дазволенага?


У Беларусі немагчыма легальна рабіць ніякія палітычныя ці сацыяльныя праекты, кажа «Белсату» Ліза (імя змененае), якая нядаўна з’ехала з Беларусі пасля палітычнага арышту. Маўляў, у Беларусі «зусім ужо дыхаць нельга»: людзі яшчэ пяць разоў падумаюць перад тым, як паскардзіцца на зусім не палітычныя праблемы ў раённую адміністрацыю ці школу. Баяцца не толькі за сябе, але і за іншых, каго ўцягваюць у свае справы.


Ліза некалькі разоў згадвае, што «за экстрэмісцкую дзейнасць» у 2022 годзе ліквідавалі нават «Ахову птушак Бацькаўшчыны». Кажа: заявіш, што табе не падабаецца высяканне лясоў ці нізкая якасць вады з крана, дык рызыкуеш зрабіцца «польскім наймітам».

,,

«Ведаеце, нават птушкі Беларусі абвешчаныя ў нас экстрэмісцкімі! Ужо не ведаю, кузурак нейкіх ахоўваць – ужо скажуць, што сабралася больш за трох, усіх арыштаваць».


Праваабаронца «DissidentBy» Вячаслаў Касінераў кажа «Белсату», што ў Беларусі сапраўды нельга адкрыта выражаць свае думкі ці падаваць петыцыі, але грамадзянскія ініцыятывы ў краіне засталіся, хай і пад пільнай увагай спецслужбаў. «Адкат» да ўмоваў, якія былі да 2020 года, пры гэткім рэжыме Вячаслаў не лічыць магчымым, бо пратэсты-2020 былі сапраўдным шокам для ўладаў, у іх застаўся страх перад грамадскай актыўнасцю.


Як зразумець, што можна? Напрыклад, у Беларусі раней ладзілі акцыі «Ежа замест бомбаў» – раздачу вегетарыянскай і веганскай ежы бедным і бяздомным. Сілавікам гэтыя акцыі ніколі не падабаліся: нярэдка іх разганялі, а ўдзельнікаў затрымлівалі. Ініцыятыва «Ежа супраць бомбаў» спыніла актыўнасць у Беларусі ў студзені 2022 года. Пытаем Касінерава, ці магчыма зараз зрабіць нешта падобнае, калі асцярожна і «не супраць бомбаў»?

,,

«Магчыма! – адказвае Касінераў. – Пытанне толькі, да якога моманту. У прынцыпе, магчыма зрабіць амаль што заўгодна. Пытанне ў тым, каб актывісты, супольнасці людзей не сталі аднаразовай акцыяй».


Беларусы і раней рабілі акцыі амаль у партызанскіх умовах, адзначае ён. Важна перадаваць ранейшы і цяперашні досвед, акумуляваць яго і не марнаваць. Працяглыя акцыі маюць большы эфект за разавыя. А здароўе і жыццё людзей першаснае – тое, чым рызыкаваць нельга. Кажа, хацеў бы бачыць пазітыўныя змены, «прамяні надзеі», але Лукашэнка пакуль не зварочвае з палітыкі задушэння ўсяго навокал, асабліва звязанага з актуальнымі і вострымі грамадска-палітычнымі пытаннямі. «Трыгерныя тэмы»: вайна ва Украіне, свабода слова, выбары, сілавікі… Гэтымі тэмамі ў Беларусі можна займацца, толькі калі ведаць усе правілы бяспекі і захоўваць ананімнасць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя «Ежа замест бомбаў» у Рэйк’явіку, Ісландыя. 1 траўня 2010 года. Фота: Jesse Garrison / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Акцыя «Ежа замест бомбаў» у Рэйк’явіку, Ісландыя. 1 траўня 2010 года. Фота: Jesse Garrison / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0

Умоўная «ежа не супраць бомбаў» магчымая, аднак адразу прыцягне максімальную ўвагу сілавікоў, папярэджвае Касінераў. Ці будуць кепскія наступствы, невядома. Але праваабаронцы рэгіструюць каля сотні выпадкаў палітычнага крымінальнага пераследу на месяц – трэба ўлічваць, што «канвееру перамалоту ўсіх непажаданых» не адключалі. 


Аляксандр Дабравольскі, дарадца абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай, у каментары «Белсату» канстатуе:

,,

«Абсалютна бяспечных магчымасцяў для дзеяння ў Беларусі няма. Мы разумеем, што ніхто не адчувае сябе ў бяспецы. Кожны можа быць арыштаваны за дробязі, не толькі за лайкі ў сацыяльных сетках. Але імкнуцца да больш бяспечных дзеянняў можна і трэба».


«Усе ўсё разумеюць»


Людзі размаўляюць між сабой, перагаворваюцца, усё разумеюць, але «нікуды гэта не выходзіць», расказвае Ліза. І калі адныя проста баяцца пераследу, іншыя не могуць сабе дазволіць рызыкаваць, бо адказныя за блізкіх, а хтосьці хацеў бы з’ехаць, але не мае на гэта грошай. У асяроддзі Лізы, як яна расказвае, усе думаюць так: каб выжыць, трэба засяродзіцца на сабе і сваёй сям’і, дачакацца лепшых часоў.


Але гэта не апатыя ці абыякавасць, тлумачыць Ліза. Прынамсі, у ейным асяроддзі ёсць і тыя, хто застаўся, і тыя, хто з’ехаў ці нават уцякаў балотамі, аднак няма тых, хто расчараваўся ў ідэях пратэстаў 2020 года і лічыў бы, што «больш нічога не будзе».

,,

«Усе жывуць надзеяй. Усе чакаюць. І адна і тая ж думка ў паветры: што калісьці гэта скончыцца, калісьці мы сцягі свае падастаем і зможам размаўляць адкрыта».


Яна дапускае, што апатыя можа панаваць сярод тых, для каго дэмакратыя ад пачатку не была блізкай ідэяй. Пры гэтым Ліза ўпэўненая, нават тыя, хто да 2020 года лічыў, што «хай будзе як будзе», на ўласныя вочы пабачылі, «як усё гніла». Страшна – так, было марна – не.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мурал з партрэтам Алеся Бяляцкага ў Вільні, Літва. 21 снежня 2022 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мурал з партрэтам Алеся Бяляцкага ў Вільні, Літва. 21 снежня 2022 года. Фота: Белсат

Спраўдзіць, ці адпавядаюць уражанні Лізы рэальнай сітуацыі ў Беларусі, ва ўмовах рэпрэсіяў цяжка. З аднаго боку, сацыёлагі адзначаюць (PDF) рост долі беларусаў, якія кажуць пра давер уладам. З другога боку, нават праўладныя беларусы, як паказала нядаўняе апытанне, хацелі б адлігі.

Педагог Таццяна Карпіневіч, якая праз данос Вольгі Бондаравай была вымушаная тэрмінова з'ехаць з Беларусі. Варшава, Польшча. 31 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

«Быў страх і шок». Настаўніца Таццяна Крапіневіч распавядае, як гэта – ісці на ўрок да 5-класнікаў пасля «размовы» з КДБ

Гісторыі

Ліза адзначае праблему са школамі: вучняў нагружаюць дзяржаўнай ідэалогіяй. Старэйшым дзецям можна яшчэ сказаць, што гэтага не трэба слухаць, дый старэйшыя могуць рабіць самастойныя высновы. А што рабіць з малымі дзецьмі? Калі бацькі скажуць пяці-шасцігадоваму дзіцяці нешта супраць дзяржаўнай ідэалогіі, дык яно пойдзе ў садок ці школу, скажа: «Мая мама гаворыць так» – і маці з бацькам могуць кінуць за краты, а дзіця трапіць у дзіцячы дом. Паводле Лізы, бацькоў гэта вельмі хвалюе і палохае, бо хочацца ратаваць дзяцей ад ператварэння ў «інтэлектуальных пачвар».


З другога боку, нават сярод сілавікоў застаюцца тыя, хто сімпатызуе дэмакратычнаму руху. Ліза расказвае, як у міліцыі да яе ставіліся з падкрэсленай павагай, даведаўшыся пра палітычны артыкул. Адзін міліцыянт нават сказаў па-беларуску, што падтрымлівае яе і наогул шануе беларускую мову. Такога яна не чакала – маўляў, вярнулася вера ў людзей: пра гэты аддзел Ліза чула зусім іншыя чуткі, а аказалася, што там ёсць прынамсі тры чалавекі, якія могуць ставіцца да іншых з павагай. Які гэта быў аддзел, спецыяльна не кажа: «Хай працуюць сабе цішком».


Дык што рабіць?


Ліза наракае: яшчэ ў 2019 годзе купіла сабе бела-чырвоны пухавік на вялікай зніжцы, хацела б яго насіць, раз ужо набыла, але праз спалучэнне колераў «выйшла на вуліцу – думала тры інсульты атрымаю». У такіх умовах Ліза можа параіць толькі адно: размаўляць па-беларуску, зрабіць беларускую мову паўсядзённай, натуральнай для асяроддзя і сучаснай. Усё іншае небяспечна, ніякую іншую дзейнасць дзеля Беларусі немагчыма зрабіць шырокай.

,,

«Адзінае, што можна зрабіць, – гэта цішком зберагчы сваю нацыянальную ідэнтычнасць да таго часу, калі ўсё гэта стане магчымым, каб быў тады нейкі рэсурс чалавечы, інтэлектуальны ці эмацыйны», – лічыць Ліза.


Касінераў думае інакш: спектр магчымасцяў яшчэ дастаткова шырокі. У праваабаронцаў ёсць шмат справаў, якімі яшчэ можна займацца ў Беларусі. Ён прапаноўвае адкрыць сайт Dissidentby.com (з Беларусі – праз VPN і ў рэжыме інкогніта): там можна знайсці, чым заняцца чалавеку нават з мінімальным рэсурсам. Галоўны прынцып – клапаціцца пра бяспеку і лічбавую гігіену, рэкамендацыяў пра гэта хапае. 

,,

«Дапамагаць хоць нейкім спосабам можна заўсёды, – падкрэслівае Касінераў. – Існуюць сеткі салідарнасці, існуюць невялікія аб’яднанні, якія дапамагаюць людзям, дапамагаюць перадаваць нейкія рэсурсы, якія падтрымліваюць іншых людзей, якія дапамагаюць арганізоўваць перадачу інфармацыі знутры і ў калоніях».


Праваслаўны вернік і былы палітзняволены Андрэй Аўсіевіч. Андрэй быў абвінавачаны ў «распальванні сацыяльнай варожасці» і асуджаны на 3,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Варшава, Польшча. 23 лютага 2025 года. Фота: Белсат

«Калі б Хрыстос з'явіўся ў Менску – назаўтра быў бы палітвязнем». Размаўляем з праваслаўным вернікам Андрэем Аўсіевічам, які больш за 1100 дзён правёў у няволі

Гісторыі

Ёсць тое, што можа зрабіць нават адзін чалавек, а падпольная група людзей можа зрабіць яшчэ больш, працягвае ён. Можна рабіць хоць адукацыйныя праекты, хоць акцыі прамога дзеяння. Але Касінераў заклікае вучыцца ў падпольных рухаў, якія існавалі ў экстрэмальных умовах: у Трэцім Райху ці ў СССР часоў масавага тэрору. Нагадвае пра групу «Белая ружа»: нават у Нямеччыне 1942 года знаходзіліся людзі, якія раскідвалі антынацысцкія ўлёткі і пісалі на сценах лозунгі супраць нацыстаў. А цяпер магчымасцяў куды больш.


Касінераў заклікае беларусаў не чакаць, што «прыйдзе хтосьці з-за мяжы», што «прыляціць чараўнік на верталёце», які ўсіх вызваліць. Кажа, калі нейкія змены і магчымыя, то толькі знутры. Таму трэба максімальна захаваць працу ў Беларусі, каб людзі працягвалі глядзець у бок дэмакратыі і правоў чалавека, рухацца ў гэты бок.


Дабравольскі прапаноўвае такія кірункі дзейнасці:


  • несупраца з рэжымам;
  • салідарнасць і дапамога;
  • распаўсюд праўды;
  • абарона сваіх правоў, дзе гэта магчыма;
  • захаванне ідэнтычнасці.


«Рэжым карыстаецца нашымі рукамі» ў сваіх мерапрыемствах, падкрэслівае ён. Калі працуеш на заводзе – працуй, але ў межах сваіх абавязкаў. Але калі начальнік ці ідэолаг кажа, што трэба з’ездзіць туды, выступіць там, падпісаць тое ці заплаціць за гэтае – шукай спосабы гэтага не рабіць. Калі просяць выдаць інфармацыю, якую могуць скарыстаць супраць іншых, не давай. 

,,

«Несупраца з рэжымам – першае правіла тых, хто хоча дамагчыся зменаў», – даводзіць Дабравольскі.


Ён раіць згадаць школьныя часы: як дзеці прыдумляюць, як не хадзіць на нелюбімыя ўрокі, так можна адкруціцца ад прымусовых акцыяў, незаконных і амаральных справаў. Калі моцна пагражаюць, можна пайсці на кампраміс. Але, напрыклад, ад незаконнага пабору можа абараніць просьба даць пісьмовае распараджэнне.


Салідарнасць у тых умовах, што склаліся ў Беларусі, вельмі важная, нават калі яна непублічная і не афішуецца. Варта прасіць дапамогі, калі яна патрэбная, варта чуць тых, хто просіць, варта нават незаўважна дапамагаць тым, хто не просіць. 


Што датычыць распаўсюду праўды, Дабравольскі заклікае дзеяць асцярожна, шукаць бяспечныя спосабы, не рызыкаваць дарэмна, бо ўлады Беларусі «вельмі баяцца праўды». Гэта можна рабіць нават не праз сацсеткі, якія манітораць сілавікі, а праз асабістыя размовы з тымі, каму можна давяраць. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супольны рэйд дружыннікаў і міліцыянтаў у Першамайскім раёне Менску, Беларусь. 19 снежня 2024 года. Фота: Милиция Минска / Telegram
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Супольны рэйд дружыннікаў і міліцыянтаў у Першамайскім раёне Менску, Беларусь. 19 снежня 2024 года. Фота: Милиция Минска / Telegram

Абарона правоў, калі гэта не тычыцца палітычных правоў, магчымая нават у цяперашняй Беларусі, калі акуратна звяртацца, кажа Дабравольскі. Калі раскапалі вуліцу і нічога не робяць, можна прасіць, каб улады дапамаглі. Але не крытыкаваць рэжым, а казаць, што грамадскія праблемы павінны вырашацца своечасова, а адказныя інстанцыі павінны працаваць. Кажа, адстойванне сваіх правоў малымі справамі – гэта таксама нармальна. І дадае: калі ўпэўненыя, што за гэта не пакараюць.


Таксама варта рыхтавацца да таго, што «прыйдзе час». Дабравольскі заклікае захоўваць беларускую ідэнтычнасць, чытаць беларускую літаратуру і глядзець беларускія фільмы і YouTube-каналы, размаўляць па-беларуску з людзьмі, якім можна давяраць. Нагадвае: у інтэрнэце варта выкарыстоўваць VPN, каб улады не адсачылі.

,,

«Калі хочаце рабіць штосьці больш радыкальнае, гэта ўжо не негвалтоўны супраціў, гэта ўжо іншае, – дадае Дабравольскі. – Я думаю, што большасць людзей зараз можа рабіць такія малыя рэчы, якія важныя для таго, каб змяняць сітуацыю».


Ён просіць не рызыкаваць без сэнсу і разумець, які сэнс у дзеяннях.


За беларускую мову яшчэ не садзяць


Хоць негатыўнае стаўленне да беларускай мовы ў Беларусі сустракаецца, яго менш, чым пазітыўнага, расказвае Ліза. Застаюцца нават невялікія кампаніі, у якіх працаўнікі адкрыта размаўляюць па-беларуску. Галоўнае, кажа Ліза, не трапіцца на вочы даносчыцы Вользе Бондаравай.

,,

«Я не думаю, што гэта неяк небяспечна – размаўляць па-беларуску, – кажа Ліза. – Але ж увагу да сябе прыцягнуць можна. Ёсць такое… гледзячы з кім размаўляць. Ведаеце, зараз такі час у Беларусі, што небяспечным можа аказацца ўсё!»


Яна распавядае пра сябра, які вельмі ўпарты: перажыў ператрусы, але застаецца ў Беларусі, працягвае размаўляць па-беларуску. Але нават ён пераходзіць на расейскую, калі да яго падыходзіць міліцыянт. У людзей у Беларусі ёсць унутраны страх, што штосьці здарыцца, калі будзеш размаўляць па-беларуску. 


Алесь Наваборскі belsat.eu 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10