Падчас прызначэння новых кадраў у сацыяльны блок ураду Аляксандр Лукашэнка выказаўся пра стаўленне да работнікаў розных сфераў, якія выступалі супраць яго ў 2020 годзе.
Лукашэнка адзначыў, што некаторыя кіраўнікі спрабуюць апраўдваць людзей, якія бралі ўдзел у паслявыбарчых пратэстах 2020 года, спасылаючыся на іхныя таленты і прафесіяналізм.
«Я лічу, што яны вельмі таленавітыя, таму яны павінны працаваць», – працытаваў словы некаторых міністраў Лукашэнка.
Аднак пры гэтым ён падкрэсліў, што такога падыходу быць не павінна, асабліва ў публічных сферах. Лукашэнка назваў такіх людзей «ворагамі нашай дзяржавы», якія «сядзяць да пары, да часу пад венікам». Маўляў, найбольш такіх людзей у сферах аховы здароўя, адукацыі, СМІ, культуры і спорту.
,,«Мы перажылі з вамі гэты перыяд. Трэба ўмець дараваць. Трэба ўмець. Калі гэта магчыма. Але калі чалавек парушыў, пераступіў закон, свядома гэта зрабіў, якое тут можа быць прабачэнне? Я гэта кажу ў гэтым коле таму, што ну як можна прабачыць публічным людзям? Усе публічныя людзі – ахова здароўя, адукацыя, СМІ, культура спорт… Усе публічныя. І калі вы парушылі недзе парадак, закон, калі вы выступалі супраць дзяржавы, гэта ж бачыў увесь народ. Вы публічныя людзі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Звяртаючыся да міністра культуры Руслана Чарнецкага, Лукашэнка заклікаў навесці парадак у падпарадкаванай чыноўніку сферы:
«Калі ў цябе там ёсць нейкія гайданні… трэба гэта спыніць. Ты дзяржаўны чалавек. Яны павінны быць такія, як ты. Вось і ўся размова», – сказаў Лукашэнка.
3 сакавіка Лукашэнка праводзіць кадравыя прызначэнні. Руслан Чарнецкі, як і шэраг іншых міністраў з ранейшага ўраду, застаўся пры сваёй пасадзе. З новых зацвярджэнняў: Мікалай Снапкоў атрымаў пасаду першага намесніка прэм’ер-міністра; Уладзімір Каранік – намесніка прэм’ер-міністра; выканальнікам абавязкаў кіраўніка Гарадзенскай вобласці замест Караніка прызначаны Юрый Караеў; пасаду міністра сувязі і інфарматызацыі атрымаў Кірыл Залескі.
Раман Шавель belsat.eu