Гісторыі

«Калі б Хрыстос з'явіўся ў Менску – назаўтра быў бы палітвязнем». Размаўляем з праваслаўным вернікам Андрэем Аўсіевічам, які больш за 1100 дзён правёў у няволі

Праваслаўны вернік і былы палітзняволены Андрэй Аўсіевіч. Андрэй быў абвінавачаны ў «распальванні сацыяльнай варожасці» і асуджаны на 3,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Варшава, Польшча. 23 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Праваслаўны вернік і былы палітзняволены Андрэй Аўсіевіч. Андрэй быў абвінавачаны ў «распальванні сацыяльнай варожасці» і асуджаны на 3,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Варшава, Польшча. 23 лютага 2025 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

«Нават да пасадкі я не адчуваў сябе так свабодна, як зараз. Тут можна стаяць у сантыметры ад паліцэйскага і не губляць пачуцця камфорту», – кажа нам былы палітвязень Андрэй Аўсіевіч, які тры месяцы таму эвакуяваўся з Беларусі ў Польшчу і якому сёння мы можам дапамагчы стаць на ногі пасля турмы. У шчырай размове з «Белсатам» Андрэй распавядае, што трэба рабіць, каб «да цябе не чапляліся мянты» і чаму Лукашэнка не можа існаваць без рэпрэсіяў.

Блогер Вадзім Ермашук, таксама вядомы як «Vadimati». Ён быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі за «абразу Лукашэнкі» і «знявагу дзяржсімвалаў». Варшава, Польшча. 14 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

«Насамрэч нізкі статус – гэта ГУБАЗіК». Вадзім Ермашук пра чалавечнасць на самым нізе і пра тое, чаму Лукашэнка будзе паміраць у пакутах

Гісторыі

«Белсат»: – Як настрой увогуле?


Андрэй Аўсіевіч: – Усё нармальна. А як яшчэ можа быць, калі ты выязджаеш з турмы? Там так: нібыта вызваляешся з калоніі, але тут жа апынаешся ў іншай турме. Быццам бы на свабодзе, але цябе пастаянна кантралююць і капаюць на мазгі. Ходзіш і азіраешся. Нават калі нічога не робіш, усё адно сцеражэшся, калі бачыш мянтоў. Бо разумееш, што могуць падысці без дай прычыны і пацікавіцца чым-небудзь.

І вось толькі калі выязджаеш – цябе рэальна адпускае. Нават да пасадкі я не адчуваў сябе так свабодна, як зараз. Тут можна стаяць у сантыметры ад паліцэйскага і не губляць пачуцця камфорту. Ведаеш, што гэтыя людзі не будуць да цябе чапляцца проста так.


– Пасля вызвалення ты прабыў у Беларусі чатыры месяцы. Увесь час – у такім напружанні?


– Я ж кажу, адпусціла толькі тады, калі пераехаў мяжу. Як толькі пераехаў – адразу стала прасцей і лягчэй. Рэзка так.

«Калі цябе не чапаюць мянты, жыць можна нават там»


– У адным з інтэрвʼю ты прызнаваўся, што цябе ўразіла занядбанасць беларускіх гарадоў. Яшчэ тры-чатыры гады таму іх дагледжанасць, прынамсі з фасаднага боку, была падставай для гонару…

– Тое, што я пабачыў, выглядала менавіта так. Ты едзеш, глядзіш на будынкі і такое ўражанне, што на іх махнулі рукой: ай, не будзем ужо рамантаваць. Яны абсыпаюцца. У Горадні меней такіх, але ў Менску, Магілёве вельмі шмат збудаванняў, якія пачынаюць выглядаць проста кепска. Гэта было дзіўна для мяне. І смецця стала больш на вуліцах. Не кажучы ўжо пра міліцыянтаў… Хоць насамрэч іх не так шмат навідавоку: такое адчуванне, што яны цяпер баяцца хадзіць у форме. У форме ты іх бачыш, толькі калі яны прыходзяць да цябе ці калі сам прыходзіш да іх на пастарунак.

Праваслаўны вернік і былы палітзняволены Андрэй Аўсіевіч. Варшава, Польшча. 23 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Праваслаўны вернік і былы палітзняволены Андрэй Аўсіевіч. Варшава, Польшча. 23 лютага 2025 года. Фота: Белсат

– Ты правёў у няволі тры гады, адзін месяц і дзесяць дзён. Агулам – 1137 дзён. Які з іх запомніш на ўсё жыццё?

– Розныя былі моманты. Цёмныя і светлыя. Але каб адзін які дзень запомніўся, дык такога няма. Усё насамрэч перамешваецца ў памяці.


– Кажаш, былі і светлыя…


– Так, калі, напрыклад, не трэба было ісці працаваць на «промку». Выходны дзень. Калі мянтоў няма на зоне. І ты ляжыш на «нары» з кавай і кніжкай. І сонейка свеціць у вакно, і ты разумееш: дзень склаўся. Насамрэч, калі цябе не чапаюць мянты, то, у прынцыпе, жыць можна нават там. Добрых дзён усюды хапае.


– Як трэба сябе паводзіць на зоне, каб, як ты кажаш, «не чапляліся мянты»? Быць непрыкметным і трымаць язык за зубамі?


– Калі ты публічны чалавек – журналіст ці праваабаронца, – то «язык за зубамі» не дапаможа. Таксама і ў выпадку, калі трапіў туды па артыкуле, звязаным з «нападам на супрацоўніка МУС». Тады ад тваіх паводзінаў нічога ўжо не залежыць – на цябе існуе замова. І, як ты сябе ні паводзь – за табой будуць прыходзіць, цябе будуць кашмарыць, адпраўляць у ШІЗА і ПКТ. Усё залежыць ад таго, хто ты ёсць.

,,

Калі людзей кідаюць у калонію, скажам, за звычайныя каментары, то правіла такое: не ствараеш праблемаў мянтам ды іншым зняволеным – да цябе будзе менш увагі. Яны так адразу і кажуць: «Калі мы пра цябе не чуем – мы цябе не чапаем». Мне так наўпрост і сказалі. Вось сыходзячы з гэтага і складаеш свой план на жыццё там.


– Але праз ШІЗА ты прайшоў.

– Так, было 20 сутак.


«Лукашэнка не можа існаваць без гэтых рэпрэсіяў»


– У загалоўках беларускіх медыяў у выгнанні пра цябе найчасцей пісалі як пра «сына гарадзенскага протадыякана» і як пра праваслаўнага верніка. Ці дапамагала вера вытрываць у тых жудасных умовах?

– Канешне, дапамагала. Але, напэўна, не столькі нават вера ў Бога, колькі вера ў праўду. Вера ў справядлівасць. Гэта калі ты разумееш, што не ўчыніў нічога благога і знаходзішся тут не таму, што ты злачынец, а з-за іншых людзей, з іх віны. І гэта іх адказнасць. Глядзіш на іх і ведаеш: ты маеш рацыю, а ён – не. Ён проста хлусіць сам сабе, калі думае, што рацыю мае ён. Так для яго прасцей. Але ты ведаеш, хто насамрэч на баку праўды. І вось гэта сапраўды дапамагае вытрываць.

Праваслаўны вернік і былы палітзняволены Андрэй Аўсіевіч. Варшава, Польшча. 23 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Праваслаўны вернік і былы палітзняволены Андрэй Аўсіевіч. Варшава, Польшча. 23 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Freepik

Псіхолаг: «У беларусаў праблема з разуменнем сябе, і булінг – адна з нямногіх праяваў гэтай праблемы»

Гісторыі

– Андрэй, ты распавядаў, што наведваў царкву ў магілёўскай калоніі № 15. А ці спавядаўся там?

– Не, там не спавядаўся. Не хацелася нават. Цяжка спавядацца ў такія моманты.


– Выбачай, што лезем у дастаеўшчыну, але ўяві сабе: Хрыстос з'яўляецца сёння на вуліцах Менску…


– Мяркую, як толькі Хрыстос зʼявіўся б на іхныя вочы ў Менску – яго адразу б схапілі. Назаўтра стаў бы чарговым палітвязнем. Хутчэй за ўсё было б так.


– Цікава, колькі пратрымаўся б цяпер у Вашынгтоне... Кажаш, раніцай п'еш каву і чытаеш навіны. Бачыў, напэўна,
апублікаваную колькі дзён таму заяву Абʼяднанага пераходнага кабінету наконт санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. АПК патрабуе, між іншым, цалкам спыніць палітычныя рэпрэсіі, вызваліць усіх палітвязняў, дэкрыміналізаваць працу незалежных СМІ і г.д. І толькі пры выкананні агучаных умоваў «частка санкцыяў ЗША можа быць паэтапна прыпынена». Як лічыш, ці рэальна, каб лукашэнскаўскі рэжым пайшоў на гэта?

– Думаю, нерэальна, таму што Лукашэнка не можа існаваць без рэпрэсіяў. Калі іх спыніць, то сам, хутчэй за ўсё, скончыць сваё існаванне на гэтай пасадзе. Таму трэба працягваць на рэжым ціск і ціснуць яшчэ больш. Толькі гэта яны разумеюць. Так, яны пачынаюць румзаць у дзяржаўных СМІ, маўляў, нам гэтыя санкцыі да лямпачкі, у нас усё добра. Ну дык калі добра, то трэба паддаць, каб яшчэ лепей стала.

Але каб ім было да лямпачкі, не гаварылі б пра гэта ўвогуле. Кепска ім і некамфортна, і гэта адчуваецца. Таму і некаторых людзей выпускаюць. Лукашэнка б не пайшоў на гэта толькі для таго, каб паказаць, што ён такі добры дзядзечка.

Праваслаўны вернік і былы палітзняволены Андрэй Аўсіевіч. Варшава, Польшча. 23 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Праваслаўны вернік і былы палітзняволены Андрэй Аўсіевіч. Варшава, Польшча. 23 лютага 2025 года. Фота: Белсат

«Перастаньце перакручваць і хлусіць. Праўда адна!»


– Як ставішся да Святланы Ціханоўскай?

– У цэлым не бачу нічога кепскага ў яе дзеяннях. Яна не зрабіла нічога дрэннага беларускаму народу, за што яе можна было б крытыкаваць. Так, чую, што некаторыя пытаюцца: а дзе грошы? Але ж гэта не грошы
Святланы Ціханоўскай, якімі б яна магла свабодна распараджацца, а еўрапейскія грошы. І гэтае пытанне трэба адрасаваць еўрапейцам: для каго іх прызначаеце? Я так разумею.

Хтосьці яшчэ вінаваціць Ціханоўскую ў тым, што яна ездзіць на супердарагім картэжы. Я пабачыў той картэж – ніякі ён не супердарагі. Да таго ж да яе можна спакойна падысці і паразмаўляць – ніхто цябе з аховы за рукі не хапае і не выпіхвае.

А вось калі Лукашэнка па горадзе едзе – ачапляюць увесь раён, мінакоў прыбіраюць і на вуліцы запускаюць нейкіх людзей з вазкамі, каб стварыць выгляд, што гэта сапраўдныя гараджане. Параўнайце, гэта ж проста касмічная розніца паміж двума, калі можна так сказаць лідарамі… 

Але звычайна я не ўваходжу ў спрэчкі наконт гэтага. Для мяне гэта не тая тэма, аб якой варта спрачацца.


– А якая важная для цябе? Калі ўступаеш у бой?


– Напэўна, калі пачынаюць хлусіць, як у нашай краіне ўсё выдатна. Навошта хлусіць і перакручваць факты? Калі вы за зло і на баку злачынцаў, так і кажыце: так, я за тое, каб забівалі людзей, каб іх рэпрэсавалі і каб добра жыла толькі кучка выбраных. І тады да вас не будзе лішніх пытанняў. 

Але калі яны пачынаюць прыкрывацца словамі, што ў кожнага свая праўда… Не, не ў кожнага. Перастаньце перакручваць і хлусіць! Праўда адна, канешне. Праўда адна! Вось на гэтую тэму мне заўсёды хочацца пагаварыць.

Праваслаўны вернік і былы палітзняволены Андрэй Аўсіевіч. Варшава, Польшча. 23 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Праваслаўны вернік і былы палітзняволены Андрэй Аўсіевіч. Варшава, Польшча. 23 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі ідуць па цэнтры Варшавы каля Палацу культуры і навукі. Варшава, Польшча. 23 кастрычніка 2024 года. Фота: Белсат

«Зборы BYSOL – лакмусавая паперка стану беларусаў за мяжой». Сацыяльныя праблемы ў эміграцыі

Гісторыі

– Але лукашэнкаўская сістэма толькі на хлусні і трымаецца…

– Так, гэта мафія, групоўка людзей, якая зарабляе вялікія грошы за кошт грамадства, за кошт краіны. Яны ўсё робяць для асабістага ўзбагачэння, а каб людзі працягвалі на іх працаваць, ім трэба хлусіць. Трэба казаць: людзі, вы працуеце для дабра дзяржавы. Пастаянная брахня. І калі з'яўляюцца людзі, якія спрабуюць задаць пытанне «а што насамрэч адбываецца» – іх забіваюць, «закрываюць» ці выганяюць з краіны. Каб не перашкаджалі. Гэта мафія, паўтару.


– Не баішся ўжо пра гэта казаць?


– А чаго мне цяпер баяцца? Гэта факт. Тое, што ёсць на самай справе. Гэта праўда.


«У мяне нічога не было, каб нешта губляць»


– Ты каля трох месяцаў у Варшаве. Экс-палітвязень Сяргей Гунь у нядаўняй размове з намі казаў, што дапамогі нібыта шмат, але яна расцярушаная і яе ўсё адно не хапае, каб былыя палітзняволеныя хоць паўгода пажылі ў спакоі пасля турмы. Згодны з ім?

– Можа, і так. Наконт дапамогі, то гэта сапраўды няпроста. Пакуль быў у Беларусі, атрымаў 500 долараў ад «Bysol», потым яны зладзілі
збор для мяне. Пазней былі іншыя арганізацыі, якія дапамаглі – адна, другая. А ў астатнім дапамагаюць звычайныя людзі. І тое таму, што мяне Vadimati пачаў у сваім «сторыс» пазначаць. Дзякуючы гэтаму людзі даведаліся, што я ўвогуле такі існую. А калі не свецішся, то цябе і няма па сутнасці. Проста няма.

З легалізацыяй сам разбіраўся, з дапамогай тых, хто ўжо праз гэта прайшоў. Збіраеш карцінку з розных кавалкаў інфармацыі. Добра было б, каб быў які-небудзь праваднік, аператар нейкі. Ці хаця б канкрэтная інструкцыя, як гэта працуе, каб па пунктах. Таму што ты ў шоку пасля пераезду – ні мовы не ведаеш, ні як пачаць рэальна жыць. Мне, як «палітычнаму», нават з мовай ніхто не дапамог. А я лічу, гэта самае простае, што можна было б зрабіць. На курсы я так і не змог запісацца.

А ёсць жа людзі, якія сапраўды выйшлі з зоны з парушанай псіхікай, якіх паламалі там. Ім і да кучы ўсё гэта сабраць цяжка. Ім з усім цяжка…

Праваслаўны вернік і былы палітзняволены Андрэй Аўсіевіч. Варшава, Польшча. 23 лютага 2025 года. Фота: Белсат
Праваслаўны вернік і былы палітзняволены Андрэй Аўсіевіч. Варшава, Польшча. 23 лютага 2025 года. Фота: Белсат

– «Якіх паламалі там». Цябе не паламалі?

– Не, не паламалі. Я насамрэч максімальна нармальна ўсё перанёс. То бок я разумеў, што мяне чакае, разумеў, чаму я там. І таму з псіхікай маёй усё ў парадку.


– На што патраціш грошы са збору на «Bysol»?


– Я там заяўляў, што частка пойдзе на ноўтбук, але яго я ўжо набыў. Вучуся працаваць з 3D-графікай, якой яшчэ да пасадкі пачаў займацца. Жыву пакуль што ў шэлтары, але праз некаторы час давядзецца шукаць сваё жыллё. І сабраныя грошы будуць якраз дарэчы. Ну і на асабістыя нейкія патрэбы патрачу, бо прыехаў сюды з адным партфелем у руках.


– Пачынаеш новае жыццё…


– Па сутнасці, так. Але не сказаў бы, што ў Беларусі было хоць нейкае жыццё. У Беларусі ты проста, як гэта сказаць… проста знаходзіўся. Бо я не з тых людзей, якія згубілі ўсё. У мяне нічога не было, каб нешта губляць. Я насамрэч зʼехаў з нуля на нуль, можна так сказаць.


Андрэю Аўсіевічу 30 гадоў. Ён з Горадні, сын святара, які служыў у Свята-Пакроўскім кафедральным саборы. Быў затрыманы ў траўні 2021 года і асуджаны на тры з паловай гады калоніі па двух артыкулах – арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці»). Па словах Андрэя, узялі яго насамрэч за каментар, у якім патрабаваў пазбавіць візы дачку аднаго генерала, якая вучылася ў Польшчы (гэты эпізод не фігураваў у ягонай справе, як і прозвішча генерала, якое былы палітвязень не памятае – пост публікаваўся на канале «Чорная кніга Беларусі»). Андрэй адбываў тэрмін у ПК-15 у Магілёве. Выйшаў на волю ў чэрвені 2024 года.
    

Зміцер Міраш
belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10