Ужо пяты год беларусы бягуць за мяжу ад рэпрэсіяў. Часта – не маючы нічога для пачатку новага жыцця. У эміграцыі ўсё больш беларусаў-пенсіянераў. За апошнія 2 – 3 гады павялічылася колькасць выпадкаў бяздомнасці сярод беларускіх уцекачоў. Якія праблемы штодня вырашаюць беларусы, што былі вымушаны ўцякаць з радзімы ад пераследу? Куды ісці па дапамогу? Разбіраемся ў нашым матэрыяле.
«У мяне няма сродкаў, каб плаціць за кватэру»
«На мяне завялі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі. <..> мы выехалі з Беларусі. <…> Нам з жонкай па 64 гады: і затрыманне, і ўцёкі забралі ў нас нямала здароўя. У кожнага з нас – цэлы букет хранічных хваробаў. <…> я страціў працу. Нават ту невялікую пенсію, якую налічваюць жонцы, мы не можам выкарыстоўваць, бо скончыўся тэрмін дзеяння карткі».
«Мы вымушаныя былі пакінуць радзіму. <…> страцілі магчымасць працаваць і зарабляць, назбіраліся пазыкі за арэнду жытла, камунальныя паслугі і навучанне сына ва ўніверсітэце. Мы звяртаемся па дапамогу, каб пакрыць запазычанасці».
«Я прыехала ў Польшчу адна. <…> Сутыкнулася з падазрэннем на рак грудзі. Дыягназ, на шчасце, не пацвердзіўся, але кожныя паўгода я павінна абследавацца. Цяпер рыхтуюся да аперацыі. <…> Працадаўца другі месяц затрымлівае заробак. У мяне няма сродкаў, каб плаціць за кватэру».
Гэта толькі малая частка з гісторыяў беларусаў, апублікаваных на сайце Фонду салідарнасці BYSOL.
«Зборы, якія цяпер абвяшчаюць беларусы – лакмусавая паперка стану беларускай дыяспары за мяжой», – заўважае сябра Управы партыі БХД Яўген Дудкін, які таксама быў вымушаны выехаць з Беларусі і цяпер знаходзіцца ў Польшчы.
Кідаецца ў вочы вялікая колькасць збораў на лячэнне, вырашэнне медычных праблемаў, аплату жытла – пытанні базавай бяспекі.
«Я размаўляў з беларусамі, якія праз пагаршэнне ўласнага здароўя мелі праблемы з аплатай жытла. І гэта датычыць не толькі праблемаў з фізічным здароўем, але і выпадкаў страты псіхічнай раўнавагі, дэпрэсіі, праз якую таксама можна згубіць магчымасць працаваць, а значыць, плаціць за жытло. Гэта вельмі моцна б’е па людзях», – кажа Яўген.
Часам такія сітуацыі прыводзяць да страты даху над галавой. Наш суразмоўца распавядае, што ў 2022 годзе група беларусаў жыла ў закінутым доме ў цэнтры Варшаве. А нядаўна актывісту давялося дапамагаць беларусу, які ноччу апынуўся на вакзале.
«На станцыі метро «Centrum» раздаюць ежу бяздомным, дык там шмат расейскамоўных, сярод якіх у тым ліку – беларусы. Праблема бяздомнасці існуе, і на сённяшні дзень я не бачу, каб хтосьці мэтанакіравана займаўся яе даследаваннем», – кажа Яўген.

«Эмігранты – у першай групе рызыкі»
Пра тое, якая карцінка вымалёўваецца са збораў на BYSOL, мы запыталіся ў дырэктара фонду Андрэя Стрыжака. Паводле яго, цяпер зборы можна падзяліць на некалькі катэгорыяў.
Першая – гэта просьбы аб экстраннай дапамозе, калі людзі ратуюцца ад пераследу на радзіме і не маюць запасу грошай для ўладкавання за мяжой. У такой сітуацыі часцей просяць сродкі на арэнду жытла на першы час.
Другая катэгорыя – зборы, прысвечаныя прафесійнай перакваліфікацыі, настрыфікацыі дыпломаў – грошы просяць на вучобу.
Асобна ідуць зборы, якія адкрываюць людзі, калі сутыкаюцца з праблемамі са здароўем – уласным ці дзяцей, і не ў стане самастойна аплаціць лячэнне. Такія зборы могуць быць як адразу пасля пераезду, так і праз некаторы час за мяжой, калі чалавек трапляе ў крытычную сітуацыю.
«Нават калі атрымалася ўладкавацца, ёсць праца, усё роўна эмігранты – у першай групе рызыкі, бо ў іх няма рэзервнага варыянту, падушкі бяспекі, – заўважае кіраўнік BYSOL. – Напрыклад, чалавек працуе таксістам, а ягоную машыну падчас залевы заліла ў падземным гаражы вадой – ён губляе сродак, якім зарабляе на жыццё. Ці чалавек атрымлівае траўму, ці захварэў і губляе працу – ён адразу трапляе ў небяспечнае сацыяльнае становішча і вымушаны прасіць аб дапамозе».
Асобна Андрэй выдзяляе зборы на беларускіх ветэранаў расейска-украінскай вайны, якія скончылі службу і пераязджаюць у Еўропу.
З 3 красавіка 2021 года на сайце BYSOL быў размешчаны 881 індывідуальны збор. На працягу гэтага перыяду ў год людзі данацілі каля 1 мільёну – 1 мільёну 100 тысячаў еўраў. Сума застаецца больш-менш стабільнай, у той час як колькасць ахвярадаўцаў расце.
,,«Сёлета ў нас 12% – 14% рост колькасці прыватных донараў. За 20 дзён студзеня данаты зрабілі ўжо 1500 чалавек. У 2024 годзе 23 тысячы чалавек ахвяравалі грошы на зборы на нашай пляцоўцы», – кажа Андрэй Стрыжак.
На сістэмную дапамогу патрэбныя бюджэты на ўзроўні дзяржаўных
Лепш за ўсё грошы збіраюцца на гісторыі, у якіх чалавек выступае з адкрытым імём і тварам, дзе ёсць сям’я, дзеці і нейкія раптоўныя хваробы. Людзі, якія данацяць, параўноўваюць сваю сітуацыю з той, у якую трапіў чалавек, што просіць аб дапамозе – спрацоўвае эмпатыя, зазначае Стрыжак.
Менш ахвотна данацяць на ананімныя зборы, а таксама мужчынам у сярэднім узросце – дзейнічае стэрэатып, што гэтая катэгорыя людзей здольная сябе пракарміць.
«Мы імкнемся гэта пераадолець і распавядаем, што ў чалавека, які прайшоў праз турму, катаванні, можа не быць ні фізічнага, ні псіхічнага, ні эмацыйнага рэсурсу адразу ўбудавацца ў жыццё», – кажа кіраўінк фонду.
Патрэба ў зборах не знікае, бо з кожным годам павялічваецца колькасць беларусаў за мяжой, а сярод іх – шмат людзей пенсійнага ці перадпенсійнага ўзросту, у якіх пагаршаецца здароўе. Дапамога такім людзям павінна быць сістэмнай, кажа Андрэй Стрыжак. У той час як данат – гэта амаль заўсёды эмоцыя, якая ўзнікае спантанна як водгук на нейкую канкрэтную гісторыю. Нашмат радзей людзі вырашаюць сістэмна дапамагаць.
Эфектыўная падтрымка ўразлівых групаў можа ажыццяўляцца толькі з дапамогай сур’ёзных сродкаў, якія паступаюць у вызначаным аб’ёме і ў акрэслены тэрмін, што дазваляе планаваць, зазначае Стрыжак: «Ці ў стане мы, беларусы, цяпер, не маючы ўласнай дзяржавы, будучы гасцямі ў розных краінах, без пэўнасці ў сваім статусе, сфармаваць такую сістэму – пытанне дыскусійнае. Ніхто насамрэч пакуль не спрабаваў, хоць я ведаю, што ёсць некалькі ідэяў у калегаў наконт такога развароту сацыяльнай падтрымкі. Паглядзім, як ён будзе рэалізаваны і ці будзе ўвогуле. Тое, што робім мы – гэта, хутчэй, хуткая дапамога. Для сталай сістэмнай падтрымкі патрэбныя бюджэты на ўзроўні дзяржаўных, бо людзей шмат, грошай на дапамогу патрэбна шмат, і аднымі данатамі гэтае пытанне дакладна не закрыецца».

У лепшай сітуацыі за мяжой беларусы, якія атрымалі статус уцекача, а з ім – і доступ да дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі, зазначае Стрыжак. Горш тым, што маюць гібрыдны статус – гуманітарны від на жыхарства ў Літве, дадатковую абарону ў Польшчы. Але пытанне сацыяльнай дапамогі для іх – перамоўнае, лічыць Стрыжак і кажа, што гэта задача палітыкаў – лабіраваць яго на міжнародным і нацыянальным узроўні тых дзяржаваў, дзе цяпер шмат беларусаў.
«Сацыяльнае напружанне сярод беларусаў за мяжой расце»
Яўген Дудкін бачыць вырашэнне сацыяльных праблемаў беларусаў за мяжой у інтэграцыі ў мясцовыя грамадствы і карыстанне з той дапамогі, якую прапаноўваюць дзяржавы.
«Важна, каб беларусы ў эміграцыі мелі нейкі цэнтр, які б дапамагаў атрымліваць інфармацыю аб тым, куды можна звярнуцца да дзяржаўных ці пазадзяржаўных інстытуцыяў у той ці іншай краіне. Вельмі часта, з таго, што я бачу, людзі ўпадаюць у разгубленасць з прычыны адсутнасці ведаў пра тыя ці іншыя арганізацыі, якія аказваюць дапамогу не толькі грамадзянам, але і мігрантам», – кажа Яўген.
На думку беларуса, у стварэнні такога цэнтру маглі б дапамагчы дыяспары і партыйныя актывісты за мяжой, якія маюць досвед, кампетэнцыі ў розных сферах, а таксама кантакты з сябрамі замежных партыяў. Палітыкі, паводле спадара Дудкіна, мусяць распрацоўваць праграмы і стратэгіі, а затым з дапамогай фондаў і НДА ажыццяўляць іх. І найперш гэтыя стратэгіі павінны быць цяпер накіраваныя на зніжэнне сацыяльнага напружання сярод беларусаў за мяжой, якое, на думку нашага суразмоўцы, расце.
«Гэтае напружанне могуць выкарыстаць беларускія ўлады – пашыраць дэпрэсію сярод беларусаў у эміграцыі, каб яны не бачылі вынікаў, не верылі ў сваю перамогу. Гэта можа быць выкарыстана ў тым ліку супраць тых дзяржаваў, дзе жывуць беларусы», – зазначае Яўген.
На думку актывіста, беларускія палітыкі могуць наладжваць кантакты з мясцовым самакіраваннем у Літве і Польшчы, казаць пра сацыяльныя патрэбы беларусаў, а таксама дапамагаць у інтэграцыі беларусаў у мясцовыя грамадствы.
«Калі мне кажуць, што няма дапамогі беларускім мігрантам за мяжой, я разумею, што чалавек проста не валодае інфармацыяй. Такой дапамогі шмат, – кажа Яўген. – І нам, замест таго, каб ствараць арганізацыі, якія дублююць функцыі дзяржорганаў, варта было б проста дапамагаць беларусам звяртацца ў тую ці іншую польскую інстытуцыю, вывучаць мову, заканадаўства, карыстацца дэмакратычнымі правамі і свабодамі. Ці гатовыя беларускія палітыкі сесці за круглы стол і выпрацаваць стратэгію інтэграцыі беларусаў у мясцовыя грамадствы ды не ствараць ровар, а проста добра паглядзець, як усё працуе там, дзе мы ёсць?».

Асноўныя выклікі ў эміграцыі
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Вольга Зазулінская згодная, што за мяжой усё больш беларусаў з уразлівых групаў, якія патрабуюць дапамогі. Сярод асноўных выклікаў, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой, Вольга вылучае:
- Пагаршэнне умоваў пражывання.
У сітуацыі, калі ў чалавека няма дастаткова грошай, каб арандаваць жытло, часткова можа дапамагчы сетка шэлтараў, дзе можна пажыць месяц – два пасля ад’езду, зазначае наша суразмоўца.
- Цяжкі псіхалагічны стан, выкліканы рэпрэссіямі і разрывам стасункаў са сваякамі, сябрамі, стратай наладжанага побыту, маёмасці.
- Праблемы з доступам да медычных паслугаў. Яны ўзнікаюць на этапе, калі чалавек толькі выехаў з краіны па гуманітарнай візе, яшчэ не мае дазволу на жыхарства, месца працы. У далейшым медычнае абслугоўванне залежыць ад таго, які ў рэлаканта від легалізацыі і ці працуе ён, ці самастойна набывае медстрахоўку.
«Да цяжкасцяў, звязаных з вымушанай рэлакацыяй, дадаецца яшчэ стос праблемаў, які ўзнікаюць ужо падчас пражывання ў іншай краіне. Напрыклад сям’я разыходзіцца, і калі разам яны могуць неяк забяспечваць штодзенныя патрэбы, то паасобку гэта ўдвая складаней. Калі есць дзеці, то яны, часцей за ўсе, застаюцца з маці, у якой павялічваецца фінансавая нагрузка, і добра, калі бацька працягвае дапамагаць фінансава», – кажа Вольга.
Якія групы самыя ўразлівыя за мяжой?
Сярод уразлівых групаў у замежжы прадстаўніца АПК вылучае наступныя:
- Пенсіянеры. Яны могуць атрымоўваць пенсійныя выплаты з Беларусі толькі да таго моманту, пакуль не скончыцца тэрмін дзеяння беларускай банкаўскай карткі. Акрамя таго, з рахунку могуць спісвацца сродкі на пагашэнне штрафаў, калі іх прызначыць суд у Беларусі. Пенсіянерам нашмат цяжэй знайсці працу, адаптавацца і прыняць, што яны страцілі ўсё, што раней здабывалі сваёй працай.
- Людзі з інваліднасцю.
- Сола-мамы і цяжарныя жанчыны.
- Дзеці.
«Дзеці складана перажываюць ад’езд з краіны, іншае, чужое асяроддзе, іншую мову, адсюль складанасці ў наладжванні каммунікацыяў і новых стасункаў. Шмат у каго псіхалагічная наступствы мае перажытае на радзіме. Некаторыя бацькі дзяцей, што рэлакаваліся ў Польшчу ці Літву, дзе беларускія дзеці навучаюцца разам з украінскімі, паведамлялі пра булінг маленькіх беларусаў з боку ўкраінцаў, які пачаўся пасля 24 лютага 2022 года», – кажа Зазулінская.
Каб пераадолець гэтую праблему, беларуская «Служба хуткай гуманітарнай дапамогі» (у яе ўваходзяць «Страна для жизни», Dissidentby, BYSOL і By_Help) сумесна з польскімі актывістамі і партнёрскімі арганізацыямі ў 2024 годзе арганізавалі ў Польшчы інтэграцыйны летнік, куды былі запрошаныя дзеці з сем’яў беларусаў, якія пацярпелі ад рэжыму, і дзеці з украінскіх сем’яў, якія з’ехалі ад вайны. Былі таксама дзеці-палякі.
«Гэта добры досвед, які паказаў неабходнасць арганізацыі такіх летнікаў надалей. Дзеці сталі сябрамі, на практыцы разумеючы як магчыма сябраваць па-над межамі», – кажа Вольга.

Чым можа дапамагчы Аб’яднаны пераходны кабінет?
Цяпер часцей, чым два ці тры гады таму, з’яўляюцца выпадкі бяздомнасці беларусаў за мяжой, заўважае прадстаўніца АПК:
«Хтосьці здольны справіцца з цяжкасцямі пра якія я казала вышэй, камусьці складана. Праблема ў тым, што па розных прычынах людзі, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі, не заўседы звяртаюцца, напрыклад, за псіхалагічнай падтрымкай на тым этапе, калі магчыма перадухіліць больш катастрафічныя наступствы. Другая справа, калі чалавек не можа забяспечваць сябе праз тое, што хварэе і не мае магчымасці працаваць. Тут шмат залежыць і ад падтрымкі тых, хто знаходзіцца побач, і ад таго, наколькі чалавек сам разумее праблему і звяртаецца па дапамогу».
Беларусам, якія трапляюць у складаныя сітуацыі ў эміграцыі, асабліва ўразлівым групам, Зазулінская раіць звяртацца па кансультацыю да прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы ў бот Аб’яднанага пераходнага кабінету, альбо на паштовую скрыню АПК. Хутка запрацуюць сацыяльныя сеткі прадстаўніцтва, праз якія таксама можна будзе даслаць запыт.
«Па-другое, варта звяртацца за кансультацыяй ў дапаможныя арганізацыі альбо фонды, дзейнасць якіх накіраваная на дапамогу беларусам у вымушанай эміграцыі. Па-трэцяе – звяртацца ў мясцовыя дзяржаўныя і недзяржаўныя арганізацыі краіны пражывання, дзейнасць якіх можа дапамагчы ў вырашэнні праблемы», – рэзюмуе Вольга Зазулінская.
Прадстаўніца АПК зазначае, што на сённяшні дзень няма беларускага сацыяльнага фонду ў замежжы ці нейкай сацыяльнай касы, з якой беларусы ў крытычных выпадках маглі б атрымаць дапамогу, але пра падобны праект можна казаць на перспектыву.
Ганна Ганчар belsat.eu