Гісторыі

«Марычка была любіміцай». Камандзір Мірашнічэнка расказаў «Белсату» пра Марыю Зайцаву, якая загінула ва Ўкраіне

Марыя Зайцава.
Марыя Зайцава. Фота: Hospodářské noviny
podpis źródła zdjęcia

Смерць Марыі Зайцавай ускалыхнула беларускую грамадскасць. Маладая дзяўчына з Гомеля загінула на перадавой на Данбасе на наступны дзень пасля ейнага дня нараджэння. Ёй споўнілася 24 года. Марыю запомнілі па фатаграфіі 9 жніўня 2020-га. 


Тады каля стэлы сілавікі ўжылі супраць дэманстрантаў шумавыя гранаты, гумовыя кулі і слёзацечны газ. Марыя атрымала раненне. У шпіталі хуткай дапамогі мэдыкі паставілі дыягназ: выбухавая траўма, чэрапна-мазгавая траўма, траўматычнае пашкоджанне барабаннай перапонкі, аскепкавыя раненні вока, скроні, пашкоджанне рукі. Пазней дзяўчына выехала на лячэнне ў Чэхію, а адтуль ва Украіну, каб добраахвотнікам адправіцца на фронт.


Колішні камандзір легіёну, які пару месяцаў сышоў з падраздзялення па стане здароўя і цяпер праходзіць лекаванне за мяжой, палкоўнік Руслан Мірашнічэнка з пазыўным Санта расказаў пра Марыю.


- Я пазнаёміўся з Машай недзе ў кастрычніку-лістападзе 2022 года. Гэта быў самы пачатак фармавання 2-га міжнароднага легіёна. У той перыяд я атрымаў дазвол ад Глаўкама на фармаванне легіёна з замежных добраахвотнікаў. Спачатку планавалася, што гэта будзе пляцоўка толькі для грузінскіх і беларускіх добраахвотнікаў. Калі вы паглядзіце на нашу першапачатковую сімволіку, то ўбачыце прапоры ўкраінскі чырвона-чорны, беларускі бел-чырвона-белы і сцяг Сакартвела. На канец 2022 і пачатак 2023 года ў нас большасць складалі беларускія і грузінскія добраахвотнікі. Вось тады наша Марычка ў нас і з'явілася.


- У яе такі дзіцячы твар, што нават цяжка ўявіць яе байцом.


- Так, вы маеце рацыю. Я, як толькі яе ўбачыў першы раз, падумаў: «Што гэта за дзіця ў нас тут такое? Старшакласнік з выгляду». Кажу ёй: "Дзіця, а ты што тут робіш?" А яна на мяне так глядзіць, маўляў, дзядзька, ты чаго? «Ваяваць прыйшла», - кажа. Ну я адразу змяніў тон. Па ёй было бачна, што ў яе высокая матывацыя.


- Куды ж такое дзіця можна было адправіць?


- У яе былі навыкі аказання першай медычнай дапамогі. А ў нас тады быў беларускі хлопец медык з пазыўным Ювелір. Ён і ўзяў над Марычкай шэфства. Не буду называць яго імя. Ён таксама гераічны хлопец. Цяпер праходзіць курс рэабілітацыі ў шпіталі пасля цяжкага ранення. Вось ён вучыў яе тактычнай медыцыне.


- Як хутка Марыя трапіла на перадавую?


- У чэрвені 2023-га мы паехалі на ўсход. Гэта была мяжа паміж Луганскай і Данецкай абласцямі. Серабранскі лес. Мы тамака трымалі абарону 14 месяцаў.


Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінская артылерыя. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінская артылерыя. Фота: Генеральний штаб ЗСУ / Facebook

- Той самы Серабранскі лес?! Дык нават на фотаздымкі таго, што ад яго засталося, страшна глядзець. Доўга ж там ішлі баі.


- Гэта было на самой справе беспрэцэдэнтна — інтэрнацыянальнае падраздзяленне 14 месяцаў трымала пазіцыі і не рухалася з месца. Такіх выпадкаў яшчэ не было. Наша задача была заняць мяжу ў Серабранскім ляснічастве. І мы яе выканалі. Такое было ўпершыню ў гісторыі Ўкраіны, каб інтэрнацыянальны легіён гэтулькі трымаў абарону.


- Але гэта ж такое выпрабаванне моцнае. На Марыю гэтая абарона неяк паўплывала?


- Калі мы вярнуліся, яна спачатку некаторы час выконвала свае задачы, а потым падышла да мяне і папрасілася на перадавую. Так што не спалохалася, а наадварот, вырашыла, што мусіць быць непасрэдна ў акопе.


- Гэта моцна адрознівалася ад таго, што яна рабіла раней?


- Ёсць такое паняцце як эвакуацыя параненых і загінуўшых з пярэдняга краю. У акопах не павінна заставацца параненых і загінуўшых. Іх трэба аднесці на пэўную кропку. Гэта можа быць 300-500 метраў, але часам бывае і кіламетр і больш. З "нуля" трэба данесці да кропкі, дзе іх могуць прыняць.


- Туды на машыне не пад'едзеш? А як тады?


- Рукамі. На сабе ... Яна падышла да мяне і кажа: «Камандзір, я павінна быць у акопе. Таму што мае навыкі дадуць магчымасць выратаваць нечыя жыцці, калі аказаць дапамогу адразу на месцы». Ведаеце, пакуль прыедзе эвакуацыйная брыгада, бо неабходна і спыніць кроў і стабілізаваць стан. У нас тады не хапала баявых медыкаў у акопе. Наогул у той момант я адчуў змешаныя пачуцці: з аднаго боку там патрэбныя такія медыкі, з другога - мне проста шкада вось гэтага дзіцяці. Па акопах жа неміласэрна б'е артылерыя. Але я, бачачы агонь у вачах і такі цвёрды яе намер, сказаў: «Добра, Машка, так і быць. Толькі будзь асцярожная».


- І як доўга яна выконвала функцыі медыка на нулі?


- Гэта было са жніўня па лістапад 2023 года. Маша была паранена аскепкам у руку. Раненне даволі сур'ёзнае. Яна працяглы перыяд была на рэабілітацыі ў шпіталі.


- Гэта раненне паўплывала неяк на яе баявы дух? Бо досыць выпадкаў, калі добраахвотнік пасля першай кантузіі ці раненні вырашае больш не ваяваць.


- Ну, гэта не пра Марыйку. У яе наогул ніякіх сумневаў не было. У самым пачатку мінулага года яна падышла да мяне з прапановай. Сказала, што жадае вучыцца на снайпера. У нас заўсёды ўлічваюцца пажаданні байца. Я параіўся з камандзірам снайперскай групы, спытаў у інструктара па агнявой падрыхтоўцы. Усе яны сказалі, што Марычка паказвае вельмі добрыя вынікі на стрэльбішчы і на агнявым рубяжы. Яна спачатку вучылася ў падраздзяленні, а потым мы яе адправілі на снайперскія курсы.


- А што яе магло падштурхнуць да такога рашэння?


- На яе вельмі моцна паўплывала смерць пабраціма з пазыўным Мінск. Не буду называць яго імя ў інтарэсах бяспекі. Яна з ім сябравала. Гэта было ў жніўні 2023-га. Ды і потым мы таксама ж неслі страты. Гінулі пабрацімы. У Марычкі паступова адужэла жаданне помсціць за загінуўшых таварышаў і гэта зразумела. Для яе гэта было важна.


- Добры снайпер з яе выйшаў?


- Так. Вельмі добры і дзейсны. Яна працавала над сваім эмацыйным станам. Яна эмацыйная, гарачая. А снайпер павінен быць стрыманым. І вось тут вялікае значэнне мае падтрымка камандзіраў і пабрацімаў. Яна ў яе была.


- Снайпер павінен быць стрыманым. А якім чалавекам была Марыя?


- Яна была вельмі добразычлівая. Яна вельмі светлы і сонечны чалавек. Марычка была любіміцай. Яе любілі ўсе.


- Яна была адзіная дзяўчына ў легіёне?


- У нас ёсць яшчэ дзяўчаты - медыкі, дроншчыцы. Нават ёсць мінамётчыца. Так. Цяжка, але ў яе атрымліваецца. Нашы дзяўчаты ваююць нароўні з хлопцамі. Але калектыў, вядома, з большага мужчынскі.


- Снайперам быць, мусіць, небяспечна. З таго боку таксама можа быць снайпер… Наступіў гэты фатальны дзень. Наогул, ці можна на вайне сказаць: «Сёння ў мяне прадчуванне нейкае. Можа я не пайду сёння на перадавую»?


- Такіх сітуацый не ўзнікае. Па графіку яна павінна была працаваць у той дзень у пары. Яны пайшлі як звычайна. Напарнік з ёю быў, але я не магу назваць ні імя ягонага, ні нават пазыўнога. Снарад разарваўся побач з Марычкай. Напарнік застаўся ў жывых. Ён цэлую ноч быў каля яе. Потым сам удзельнічаў у эвакуацыі. Сёння раніцай цела Марыйкі забралі. І зараз яна з намі. Тое, што яна загінула, вялікае гора для нас усіх. Яе ж усё вельмі любілі. Мы тут усе добраахвотнікі і таму мы ўсё як адна сям'я. Мне цяжка казаць. Калі і дзе будуць пахаванні пакуль казаць не магу і гэта толькі з меркаванняў бяспекі. Скажу пазней.


Любоў Лунёва belsat.eu


больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10