Стоячы аднойчы пад пякельным сонцам на пляцу зонаўскай «лакалкі», гэты чалавек даў сабе слова: «Калі выжыву, вярнуся да сваёй любові – да саксафону». Выжыў, хоць за некалькі месяцаў да вызвалення з калоніі другі раз ускрыў сабе жылы ў ШІЗА. Не з адчаю і слабасці, а каб дапамагчы іншым. Сёння былому палітвязню Сяргею Гуню можам дапамагчы ўсе мы. І не толькі ў аднаўленні здароўя, а і ў ажыццяўленні ягонай мары аб саксафоне і новым «месцы сілы» – з яйкамі ўсіх колераў вясёлкі.
«Гэй, а красоўкі мае трапілі ў кадр?» – пытаецца былы палітвязень Сяргей Гунь, якога фатаграфуем у цэнтры Варшавы. «Трапілі. А што не так з красоўкамі?» – здзіўлены мой калега-фатограф. «Ды ўсё так, хай будуць! Проста я іх у Беларусі яшчэ набыў, у 2022 годзе, толькі раз надзеў – і мяне забралі. Цяпер па Варшаве хадзіць будуць», – смяецца Сяргей.
Чырвоныя «адыдасы», якія прыехалі з Сяргеем з Беларусі, трапляюць у кадр.
Яшчэ калі дамаўляліся на спатканне, на прапанову пафоткацца Сяргей адказвае жартаўлівым СМС: «Шкада, што не паспею троху схуднець за ноч». Былы кавээншчык і івэнт-менеджар, ён і на чужыне працягвае жартаваць. Нам трэба «быць на пазітыве», упэўнены Сяргей.
«Я не паміраю, працягваю жыць і маю грандыёзныя планы!»
А навошта худнець? Прызнаецца, што за пяць месяцаў пасля выезду з Беларусі набраў каля 10 кг. Нібыта – лішніх. Але гэта калі параўноўваць з тым, колькі важыў на віцебскай зоне «Віцьба-3», дзе адбываў прысуд – два з паловай гады.
«Ведаеш, стрэс, дэпрэсіі – ну і па-іншаму троху арганізм працуе. А калі тут столькі ўсяго смачнага, а не сечка без нічога, як на зоне, то цяжка стрымацца», – пасміхаецца Сяргей.
Улюбёная ягоная страва тут – звычайныя курыныя яйкі. Але да тэмы курэй і птушкагадоўлі мы яшчэ вернемся. Вельмі пазітыўная тэма.
«Нам, былым палітвязням, трэба гаварыць пра пазітыў, я лічу. Бо вы вось распавядаеце, як там невыносна, як там людзі пакутуюць, і праходзяць праз катаванні, і паміраюць. Але ж у вас і магчымасці няма даваць нейкі пазітыў, бо на гэта, груба кажучы, і маральнага права як бы не маеце. А ў нас яно ёсць: я прайшоў праз усё, я пакутаваў – і я не паміраю, я жыву, працягваю жыць і маю грандыёзныя планы!» – запэўнівае былы палітзняволены Сяргей Гунь.
Не варта «плакацца», «пакутнікі ўжо нікому не патрэбныя», лічыць ён.
«Ну згода, я там «пакутнуў». Але ж тут у мяне зараз гара магчымасцяў. Я прыехаў і жыву ў нармальнай цывілізаванай краіне, хаджу ўсюды не азіраючыся, камунікую з людзьмі, а калі міма праязджае аўтамабіль з мясцовымі паліцыянтамі – у мяне ўнутры нічога нават не варухнецца. Атмасфера іншая, і яна прасякае цябе наскрозь. Проста афігенна! І як тут можна гараваць?» – разважае наш суразмоўца.
Прызнаецца, што са стану раўнавагі яго выводзяць хіба навіны пра тое, што ў Беларусі працягваюць «браць людзей», пра тое, што пасля ўзлому «Беларускага гаюна» магчымая новая хваля рэпрэсіяў, што ўсё гэта доўжыцца і доўжыцца. І няма прасвету…
«Не, я не сяджу і не шкадую. Мяне злосць бярэ! Апроч злосці – ніякіх эмоцыяў. Злосць на тых, хто гэта ўсё робіць там. І, натуральна, я дасылаю ў космас гэтую энергетыку, і яна, рана ці позна, дасягне мэты, таму што я не адзін – нас мільёны», – пасміхаецца Сяргей Гунь.

«Я праўда хацеў там памерці ў гэтым ШІЗА»
Сяргею 44 гады. Ён скончыў Гомельскі мастацкі каледж імя Сакалоўскага (саксафон), працаваў у аркестры цырку-шапіто, потым паступіў на факультэт музычнага мастацтва ўніверсітэту культуры, вучыўся, граў у КВЗ (каманда «Коза ностра»), а пасля заканчэння адкрыў у Менску сваё івэнт-агенцтва («Krona»). Жарты, крэатыў, музыка. У гэтым усё ягонае жыццё.
Але, трапіўшы ў абцугі лукашэнкаўскага рэжыму, гэты чалавек даваў сваім катам годны адпор. Ён некалькі разоў трымаў сухія галадоўкі на Акрэсціна і ў СІЗА і два разы ўскрыў сабе жылы ў ШІЗА калоніі № 3 пад Віцебскам. У гэтым няма пазітыву, але абмінуць гэта немагчыма.
Сяргей падцягвае ўгару рукаў пінжака і паказвае парэзы на запясці.
«Нічога страшнага, у мяне ад працы ў вёсцы больш шрамаў засталося», – Сяргей Гунь зноў жартуе.
Першы раз «ускрыўся» шчыпчыкамі для абразання пазногцяў. Другі – абломкам шрубы (самарэза).
Пасля першай спробы самагубства яго змясцілі ў турэмную псіхушку на тэрыторыі калоніі «Віцьба-3» (псіхіятрычная лякарня рэспубліканскага значэння, куды прывозяць асуджаных з усёй Беларусі). Там правёў тры тыдні («Такі санаторый, дзе можна было адаспацца, бо ў ШІЗА магчыма было паспаць толькі 3 гадзіны ўначы, і тое заходамі па 15 хвілін»).
Пасля псіхушкі (пра яе ён распавядае насамрэч куды больш) Сяргея вярнулі ў тую ж камеру штрафнога ізалятару. І ён зрабіў гэта другі раз. «Я думаў, яны нейкія высновы зробяць пасля першага разу – аж не», – тлумачыць нам.
«Ускрыўся», ведаючы, што да вызвалення заставалася ўсяго 5 месяцаў.
«Ну, я… дапускаў імавернасць, што гэта можа быць апошняе дзеянне ў маім жыцці. Ведаеш, там няважна, колькі застаецца сядзець… Бо як на гэта можна спакойна глядзець? Трэба было нешта рабіць. А ты нічога не можаш, апрача таго, што паказаць ім…» – спрабуе тлумачыць экс-палітвязень.
«Канцэртная дзейнасць» – так былы кавээншчык і саксафаніст кажа пра свае спробы самагубства ў камеры ШІЗА.
«Я праўда хацеў там памерці ў гэтым ШІЗА. З'явілася б сурʼёзная нагода: палітзэка кінулі ў ШІЗА і ён там памёр. Чалавека катавалі і проста забілі. Жэсць. І я верыў, што сваімі дзеяннямі я змагу дапамагчы ўсім іншым хлопцам, якія сядзяць на зоне. Маўляў пасля такой смерці ўлады задумаюцца і больш не будуць кідаць людзей у гэтую катавальню ні за што», – кажа Сяргей.
«Сапраўды верыў, што твая смерць магла нешта змяніць?» – нашае пытанне.
«Кардынальна – напэўна, не. Але тым самым узмахам крыла матылька, праз які дзесьці потым уздымаецца цунамі – цалкам сабе магла быць. Стварыла б нейкія такія ланцужкі…» – адказвае былы палітвязень.
Пасля другой спробы цунамі не ўзнялася, але турэмнікі «ўсчалі кіпіш». Сяргея паставілі на яшчэ адзін прафулік – суіцыдны, і перавялі даседжваць тэрмін у ПКТ, дзе асуджаным выдаюць коўдру з матрацам, раз на тыдзень прыносяць кнігі і дзе можна мець свой кубак і нават кіпяцільнік. У ПКТ Сяргей правёў 4 месяцы, але апошнія 10 сутак няволі зноў адбываў у ШІЗА. Агулам адседзеў у штрафным ізалятары віцебскай калоніі 50 сутак.

Дапамогі шмат, але яна расцярушаная і неарганізаваная
Калі запытваемся ў былога палітвязня, ці хацеў бы выкінуць цяпер з памяці тыя дні, ён не задумваецца: «Не, нічога не хачу забываць». І гаворыць пра важнае.
«І псіхолаг, і псіхіятр мне кажуць адно і тое ж: трэба даць псіхіцы ўзнавіцца. Таму што мы там сядзім круглыя суткі ў стрэсе і страху. Людзі ў Беларусі жывуць і баяцца, але ў іх ёсць магчымасць хоць алкаголю нейкага выпіць і троху расслабіцца. У турме такой магчымасці няма. Там сістэма наладжаная такім чынам, каб ты баяўся без перадыху. І за гэтыя гады твая псіхіка заціскаецца, камянее, як той біцэпс, які быў у доўгім напружанні – расціснуць яго потым складана, гэта доўгі працэс.
З псіхікай тое самае. Каб яе расціснуць – патрэбны, як мінімум, год, кажуць спецыялісты. І гэта не да поўнага аднаўлення. Уяві сабе, што ў цябе велізарная рваная рана, абы-як зашытая, яна зажыве, але каравы шрам застанецца. Так тлумачыў мне псіхолаг. Тое самае і з псіхікай былых палітвязняў. Гэты шрам застаецца, яго трэба зажывіць, каб працягнуць нармальнае жыццё… Але ці маем мы год на аднаўленне? Ці хаця б паўгода?.. З гэтым праблема», – кажа Сяргей Гунь.
І праблема не ў тым што былыя палітвязні атрымліваюць мала дапамогі. Дапамогі нібыта шмат, лічыць Сяргей. Каб яе не было, учорашнія палітвязні вымушаныя былі б на другі дзень па эвакуацыі з Беларусі ісці на працу ў таксі ці курʼерам і працягваць жыць у стрэсе, а гэта падоўжыла б працэс аднаўлення шматкроць.
Праблема ў тым, што гэтай дапамогі ўсё адно недастаткова, «каб хаця б паўгода быць у спакоі» (а патрэбны ж – год!), і, па-другое, яна вельмі «расцярушаная і неарганізаваная».
«Хацелася б сабраць да кучы ўсе гэтыя магчымасці з фондамі, структураваць неяк. Унесці прапановы, каб усё гэта нейкім чынам абʼяднаць. Каб было, напрыклад, як у паліклініцы: прыходзіш, і ў адным месцы ў цябе і тэрапеўт, і афтальмолаг, і ўролаг і г.д. Бо знайсці гэтыя ўсе магчымасці ў стане паслятурэмнага стрэсу, а потым ездзіць з аднаго канца гораду ў другі – на гэта не хапае ні сіл, ні нерваў», – кажа былы палітвязень.
Ён заўважае, што вялізным плюсам такога абʼяднання дапамогі, якая ідзе зараз з розных фондаў, была б магчымасць пабачыць адразу, чаго насамрэч бракуе і як гэты недахоп, не марудзячы, папоўніць.
«Калі гэта ўсё будзе сабрана ў адно і сістэматызавана, то дапамога будзе куды больш прасцейшая і будзе працаваць эфектыўней. Стане магутнай», – мяркуе Сяргей Гунь.
,,Пакуль што былыя палітвязні, якія ўжо знаходзяцца на эміграцыі, самі спрабуюць выконваць ролю гэткага інтэгратара і правадніка па тэрыторыі магчымасцяў для тых, хто прыехаў сёння і прыедзе заўтра. Спрабуюць аптымізаваць працэсы, як кажа Сяргей.
«А для мяне інкубатар – гэта ікона»
Сяргей Гунь у Варшаве пяць месяцаў. Шрам ад «рванай раны» на псіхіцы цалкам яшчэ не зажыў (а шрамы на запясці – на ўсё жыццё). Але ўжо лягчэй, кажа ён. Ходзіць да псіхолага, вучыць польскую, сустракаецца з сябрамі – таксама былымі палітзняволенымі. На нашае пытанне, ці шукае працу, адмоўна хістае галавой.
«Пакуль не шукаю. І працаваць не хачу. Увогуле лічу, што працаваць – гэта ісці ў рабства. Я катэгарычна супраць таго, каб людзі працавалі, але гэта не значыць, што трэба быць гультаём і трутнем. Гэта значыць, што трэба рабіць тое, што табе цікава. Я, калі мне штосьці сапраўды цікава, магу рабіць да знямогі, «пахаць» проста і не задумвацца, як мне цяжка. Вось такі фармат мне патрэбны, і да гэтага зараз іду», – дзеліцца Сяргей.
І тут мы вяртаемся да ўжо абяцанай курынай тэмы.
У кастрычніку 2020 года Сяргея на горкі яблык збілі амапаўцы (з машыны здымаў, як людзей падчас маршу пенсіянераў закідвалі дымавымі шашкамі). Апрытомнеў толькі ў шпіталі. Потым будуць адміністратыўкі і Акрэсціна. У сярэдзіне 2021-га Сяргей з'ехаў у вёсачку на Лагойшчыне, каб перачакаць, зрабіць перадышку. І, «нечакана для сябе», пачаў займацца птушкагадоўляй. Захапіўся!
«Купіў там закінуты дамок яшчэ раней. Ён мяне навучыў усяму таму, што я зараз умею і што ведаю ў сэнсе курынай гаспадаркі. Быў месцам маёй сілы. Чатыры месяцы, аж да затрымання і пасадкі, я ёй займаўся. У мяне былі яйкі ўсіх колераў вясёлкі: сінія, зялёныя, чырвоныя… Утрыманне селену ў некаторых было проста шалёным – вельмі карысныя. Ну і куры ж хатнія – у мяне і выгул, і жучкі, і павучкі. І ўсё гэта куры ядуць. А я пры гэтым яек тады не еў, тых каляровых нават не пакаштаваў ні разу. Сеў потым у турму і думаю: эх, зараз бы яйка зʼеў. А няма!» – успамінае Сяргей Гунь.
Пагалоўе курэй хацеў давесці да паўтары тысячы (меў ужо 600 птушак 22 пародаў), каб «наладзіць усё і зарабляць сабе на яйках, пакуль у вёсцы сядзіш». Прадаваў іх у тым ліку ў сваім «Інстаграме». З такім падыходам («Птушкагадоўля – гэта як мастацтва для мяне, як музыка ці маляванне») і з такой адданасцю справе быў бы зараз яйкавым магнатам усяе Беларусі, калі б праз чатыры месяцы за ім не прыехалі людзі ў чорным. Ні яйкі, ні птушкі іх не цікавілі…
Сяргей перавёз з Беларусі ў Польшчу інкубатар. Сябры рагаталі: «Навошта табе там ён? Толькі грошы на перавозку патраціш».
«А для мяне інкубатар – гэта ікона», – кажа Сяргей Гунь.
Ягоная мара (пра другую мару – крыху ніжэй) – знайсці і набыць дзе-небудзь пад Варшавай ці ў Мазавецкім ваяводстве занядбаны хутар і стварыць там яшчэ адно месца сілы для ўсіх беларусаў у выгнанні. Іншымі словамі, стварыць экавёску, куды можна будзе прыехаць не толькі адпачыць, але і стаць удзельнікам яскравай тэматычнай імпрэзы («Я ж – івэнтар!»).
Ну і, натуральна, там будуць куры.
«У мяне ўжо аж рукі свярбяць! Таму і хачу ўжо на наступным тыдні паездзіць ды разгледзецца. Ці мала дзе знайду які кавалачак зямлі, каб паставіць намёт і запусціць інкубатар, таму што гэта якраз зараз трэба рабіць. Трэба ўкласці яйкі ў інкубатар у лютым. Было б ідэальна. Каб у чэрвені куркі пачалі першыя яйкі несці», – тлумачыць Сяргей.
Адна з ідэяў – зрабіць экавёску ў выглядзе мапы Беларусі. «У мяне шмат увогуле ідэяў наконт яе. І я спадзяюся, што ў мяне атрымаецца знайсці магчымасці і сродкі на гэта», – дадае наш суразмоўца.
Калі Сяргей даведваецца, што зусім недалёка ад месца, дзе гутарым, ляжыць велізарнае «Сіняе яйка» («Niebieskie jajo») – скульптурная кампазіцыя на пляцы Пяці рагоў, узрушваецца. Праз паўгадзіны будзем фатаграфавацца на тле інсталяцыі.
Але перад тым – пра яшчэ адну мару Сяргея Гуня.

«Саксафон – адно з першых, што я хачу ў сабе аднавіць»
«Аднойчы летам, калі стаяў на лакалцы – а гэта такі пляц на зоне, агароджаны калючым дротам – на вечаровай праверцы і знемагаў ад 35-градуснай спёкі ў чорнай турэмнай робе, чакаючы вертухая і ледзь не губляючы прытомнасць, мне прыйшло зверху няўтольнае жаданне – і я загадаў: калі выжыву ў гэтых бязлітасных умовах – зноў зайграю на саксафоне. Калі наканавана выйсці адсюль калі-небудзь – што б там ні было, зраблю тое, што ўжо доўгія гады нашэптвае мне сэрца – вярнуся да сваёй любові і зноў буду лавіць кайф ад улюбёнага інструмента. Я ўпэўнены, рана ці позна, змагу назапасіць грошай і ажыццявіць сваю мару – узяць у рукі сапраўдны «Selmer» і зайграць…» – гаворыць Сяргей Гунь.
Жаданне «вярнуцца да сваёй любові» Сяргей увасобіў у малюнку, які зрабіў у турэмнай камеры (навучыўся маляваць у зняволенні). Ён і саксафон.

Саксафон «Selmer» каштуе ў Польшчы мінімум 2000 еўра. У заяўцы на збор сродкаў для Сяргея на платформе «Bysol» (на 11 лютага было сабрана амаль 3000 еўра) няма такога пункту расходаў, бо грошы там звычайна збіраюць на самае неабходнае – каб вытрываць на чужыне.
Але, можа, мы маглі б дапамагчы Сяргей Гуню і ў ажыццяўленні ягонай мары аб саксафоне?..
«Саксафон – гэта адно з першых, што я хачу ў сабе аднавіць», – прызнаецца Сяргей.

Марафон марафонаў – каб падтрымаць палітвязняў
І яшчэ пра адну рэч. Былыя палітвязні рыхтуюцца зараз да ўдзелу ў Варшаўскім паўмарафоне (21,09 км, але можна заяўляцца і на 5 км), які стартуе 30 сакавіка. Пабягуць за сваіх сяброў і ўсіх «палітычных», якіх дагэтуль утрымліваць за кратамі ў лукашэнкаўскіх турмах. Акрамя нумароў, на іх майках будуць жоўтыя біркі палітвязняў. Але плануюць яны пабегчы не толькі ў Варшаве, а і ў іншых гарадах Еўропы і свету. Зладзяць Марафон марафонаў у падтрымку палітвязняў.
Ідэя гэтага праекту пакуль на стадыі планавання. Былыя палітвязні абмяркоўваюць яе супольна, але ўсе згодныя з тым, што гэтая акцыя павінна быць, нягледзячы ні на што, пазітыўнай. Марафон марафонаў мусіць несці пазітыў, пра які на самым пачатку нашай размовы і казаў Сяргей Гунь. Ён мае ўжо шмат крэатыўных ідэяў наконт марафону.
«Пабяжыш 21 кіламетр?» – пытаемся скептычна.
«Слухай, я ж ва ўніверсітэце быў чатырохразовым чэмпіёнам у кросе. Праўда, на дыстанцыі, 1 км, але вось: я і бягун яшчэ, не толькі саксафаніст і аматар птушак ды яек (смяецца). Так што ўсё ў парадку. Тым больш, бяжым не дзеля выніку, а каб нагадаць еўрапейцам пра сітуацыю ў Беларусі, пра нашых сяброў, пра палітычных зняволеных», – адказвае Сяргей Гунь.
«Заадно скінеш свае дзесяць лішніх кілаграмаў?» – смяёмся.
«У тым ліку! Цяпер бачыш, колькі ў мяне матывацыі, каб надалей жыць і працягваць ствараць пазітыў? Цэлы вагон!» – рэагуе Сяргей Гунь.
Сяргей Гунь правёў за кратамі 712 дзён. Пасля вызвалення эвакуяваўся з Беларусі. На радзіме застаўся ягоны няпоўнагадовы сын, з якім, не мае магчымасці камунікаваць. Маці сына і былая жонка Сяргея – салістка духавога аркестру МУС, аўтарка гімну менскай міліцыі і сяброўка нявесткі Лукашэнкі Ганна Благава.
Зміцер Міраш belsat.eu