Колькасць зваротаў да фонду «BYSOL» пасля атрымання доступу сілавікамі да звестак «Беларускага Гаюна» працягвае расці. Пра гэта паведамляе кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак.
«Больш як 150 зваротаў на гарачую лінію @help_bysol у пытаннях, звязаных з «Беларускім Гаюном», за чатыры дні. Даем кансультацыі, перанакіроўваем на партнёраў, адпраўляем на эвак[уацыю] пры пільнай патрэбе», – адзначыў кіраўнік «BYSOL» у Facebook.
У выніку несанкцыянаванага ўваходу раніцай 5 лютага невядомыя атрымалі доступ да чату з ботам маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн». Сілавікі хваліліся скрыншотамі перапісак, у тым ліку даволі свежых: ад 26 студзеня 2025 года. Фонд «BYSOL» заклікаў тых, хто непакоіцца праз узлом, звяртацца на гарачую лінію @help_bysol. Вядомае імя прынамсі аднаго затрыманага пасля выцеку звестак з бота «Беларускага Гаюна». За першы дзень пасля паведамлення пра ўзлом «BYSOL» атрымаў 50 зваротаў з просьбаю аб эвакуацыі з Беларусі.
«Беларускі Гаюн» спыніў працу 7 лютага. Матолька намякаў у X, што гэтага патрабаваў ГУБАЗіК у абмен на меншыя тэрміны для тых, каго асудзяць за сувязь з праектам. Два гады таму Матолька казаў, што ў бот пісалі 30 тысячаў чалавек. Сярод звестак, якія выцеклі з боту праекту, былі ўнікальныя ідэнтыфікатары карыстальнікаў мэсэнджару – Telegram ID.
Як казаў «Белсату» эксперт у галіне лічбавай бяспекі Мікалай Кванталіяні, гэта не зусім узлом: імаверна, чалавек, які меў спасылку для падключэння да гэтага чату, быў затрыманы.
Паводле звестак «Нашай Нівы», на мінулым тыдні якраз затрымалі хлопца і дзяўчыну, якія працяглы час былі ў вышуку і хаваліся пад Менскам. Імаверна, праз тэлефон дзяўчыны сілавікі і атрымалі доступ да чату. Але выданне адзначае: сябры затрыманай кажуць, што ў перапісцы з Матолькам, якую паказалі сілавікі, стыль паведамленняў не адпавядае таму, як звычайна піша тая дзяўчына.
Прадстаўніца «Кіберпартызанаў» Юліяна Шаметавец казала «Белсату», што гэты і папярэднія ўзломы адбываюцца не праз звышпрасунутыя тэхнічныя магчымасці сілавікоў, а хутчэй праз памылкі і нядбайнасць тых, каго ўзламалі.
Якуб Хруст belsat.eu