Пасля таго як сталася вядома пра выцек звестак з бота «Беларускага Гаюна», тэлеграм-каналы, звязаныя з сілавікамі, паказалі першага затрыманага праз выцек. Праект «Digital Intelligence Team» высветліў, што гэта работнік Мазырскага НПЗ Максім Нікіценка.
Паводле звестак «Digital Intelligence Team», Максіму Нікіценку 42 гады, ён з Мазыра, у апошнія гады працаваў на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. У яго ёсць жонка і двое дзяцей.
«Digital Intelligence Team» дае рэкамендацыі, як засцерагчы сябе ў сітуацыі, калі сілавікі палююць на беларусаў, у тым ліку ў інтэрнэце:
1. Калі вы ў Беларусі: тэрмінова перагледзьце сваю лічбавую бяспеку. Выдаліце старыя ўліковыя запісы, ачысціце перапіскі, змяніце налады прыватнасці.
2. Калі ёсць найменшыя сумневы ў бяспецы – падумайце пра выезд у бяспечныя краіны. Рэпрэсіі ўзмацняюцца, і ўнутры краіны ніхто не можа гарантаваць абароны.
3. Мяняйце Telegram-акаўнты хоць бы раз на год.
4. Калі вы пісалі ў пратэстныя боты, абавязкова азнаёмцеся з рэкамендацыямі «Кіберпартызанаў»!
Пра ўзлом тэлеграм-бота праекту для маніторынгу вайсковай актыўнасці ў Беларусі «Беларускі Гаюн» сталася вядома 4 лютага. Сілавікі атрымалі доступ да ліставанняў бота, куды людзі адпраўлялі інфармацыю пра перамяшчэнне расейскіх войскаў.
Бот з'явіўся 28 лютага 2022 года пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну. Ужо вясной 2022 года кіраўнік праекта Антон Матолька распавёў, што ў бот напісалі 10 тысяч чалавек.
Арсен Рудэнка belsat.eu