У выніку несанкцыянаванага ўваходу раніцай 5 лютага быў атрыманы доступ да чату з ботам маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», якая займаецца адсочваннем перамяшчэння расейскай вайсковай тэхнікі, паведамляе пра ўзлёты знішчальнікаў, ракетаў і беспілотнікаў.
«Мы не ведаем, які аб’ём звестак мог быць спампаваны за той час, пакуль у старонняга акаўнту быў доступ. Я адразу хачу сказаць, што ў гэтай сітуацыі спрацавала чалавечая памылка, і гэтая памылка была мая, – напісаў журналіст і стваральнік тэлеграм-каналу Антон Матолька. – Калі вы дасылалі інфармацыю, якая можа вас ідэнтыфікаваць, ці пісалі з акаўнтаў, якія могуць вас ідэнтыфікаваць, вы пад пагрозай. На гэты момант крытычныя ўразлівасці выпраўленыя, але я разумею, што, на жаль, мы не змаглі цалкам абараніць людзей».
Усім, хто карыстаецца адным акаўнтам у «Telegram» доўгі час, Матолька раіць выдаліць яго і стварыць новы, а ў будучыні рабіць гэта хаця б раз на год.
Ініцыятыва «Беларускі Гаюн» штодня атрымлівае каля тысячы паведамленняў, фотаздымкаў і відэа пра перамяшчэнне расейскіх войскаў і тэхнікі ў нашай краіне. Улады Беларусі прызналі праект экстрэмісцкім, аднак з таго часу аўдыторыя каналу толькі павялічылася.
Надзея Вольная belsat.eu