Прапагандыстка Вольга Бондарава сярод «змагароў» і «дзяржпераваротчыкаў» назвала Ганну Сялук, якая з’яўляецца нявесткай Аляксандра Лукашэнкі. Але пасля выдаліла апублікаваны пост. Што гэта было: шалёны стрэл ці самастрэл?
«Колькі ні пішуць патрыёты аб тым, што непрыгожа да патрыятычных мерапрыемстваў прыцягваць змагароў і дзяржпераваротчыкаў, пральня [так Бондарава, па ўсім відаць, называе Міністэрства культуры] упарта працягвае іх цягнуць. Каторы раз мы сустракаем прозвішча змагаркі Ганны Сялук на канцэртах з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі», – напісала прапагандыстка ў сябе ў тэлеграм-канале.
Скрыншот паста Вольгі Бондаравай. (Фота: Бондарева. Без купюр / Telegram)
Такую рэакцыю ў Бондаравай выклікала праграма святочных мерапрыемстваў у Менску, прымеркаваная да 9 траўня.
Паведамленне правісела ўсяго некалькі хвілін, а пасля было выдаленае.
Прапагандыстка не ўпершыню чапляецца да некаторых праўладных артыстаў, падазраючы іх у недастатковай лаяльнасці. Гэтым разам дасталося і Ганне Сялук (сапраўднае імя Ганна Сяргееўна Лукашэнка, жонка Дзмітрыя Лукашэнкі), якая з’яўляецца аўтаркай вялікай колькасці прапагандысцкіх песень, у тым ліку прысвечаных свайму свёкру.
Але трэба адзначыць, што гэта не першы камень у агарод Ганны Сялук. І, па ўсім відаць, Бондарава ведае, што робіць. Упершыню пост з закідамі, што за плячыма нявесткі Лукашэнкі хаваюцца «артысты-змагары», яна апублікавала яшчэ ў ліпені 2023 года.
,,
«Так, артысты-змагары выконваюць песні за аўтарствам Ганны Сялук. Рэжысёры-змагары, накшталт Моцка, здымаюць кліпы на гэтыя песні. Ганне, члену сям’і Лукашэнкі, іх прадставілі менавіта як паважаных і годных людзей. І з чаго б ёй не давяраць экспертнай думцы функцыянера ад культуры высокага звяна? У выніку на публіку гэта выглядае як ідэалагічны раскол унутры сям’і прэзідэнта», – пісала Бондарава.
Belsat
Але ў той раз яна ўсё спіхнула ўсё на «пральныя тэхналогіі» («прачечные технологии» у арыгінале), рассыпаўшыся ў кампліментах перад Сялук за «ідэалагічна правільныя» песні. Аднак гэтым разам нешта пайшло не так.