навіны

Новы віток затрыманняў, шалёны рост завочных судоў, клетка ў жаночай калоніі. Трэнды рэпрэсіяў у 2025 годзе

Сход ветэранаў АМАП
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Сход ветэранаў АМАП. Менск, Беларусь. 3 лютага 2025 года. Фота: Милиция Минска / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Выглядае, што сілавікі спяшаюцца перад тым, як скончыцца тэрмін даўніны ў «народным» артыкуле 342. Крымінальны кодэкс мяняюць, але гэты тэрмін застанецца стары. Што яшчэ новага прыдумалі сілавікі ў плане рэпрэсіяў, расказваюць праваабаронцы «Вясны».

Паседжанне ў Генеральнай пракуратуры, у цэнтры – Андрэй Швед. Фота: Генеральная прокуратура Беларуси / Telegram

У 2024 годзе за «палітыку» ў Беларусі асудзілі 1500 асобаў – нікога не апраўдалі

навіны

У Беларусі адбываецца новы віток затрыманняў і судоў паводле артыкулу 342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»), які з выбараў-2020 называюць «народным» за шырокае выкарыстанне супраць удзельнікаў мірных пратэстаў. Радыё «Свабода» паразмаўляла з юрыстамі і прыйшло да высновы: сілавікі спяшаюцца, бо можа скончыцца тэрмін даўніны.


Паводле артыкулу 342 у Беларусі асудзілі агулам не менш за 3110 чалавек – пра столькі ведае праваабарончы цэнтр «Вясна». Імаверна, судоў было значна больш, бо праваабаронцам вядома не пра ўсе справы: шмат якія падазраваныя і іхныя сваякі баяцца розгаласу. І мноства справаў яшчэ не дайшло да суда. Толькі ў студзені праваабаронцы «Вясны» даведаліся пра новыя палітычныя суды супраць 89 чалавек – і 55 з іх судзілі паводле артыкулу 342.


Праваабаронцы звяртаюць увагу на тое, што ўсё часцей сілавікі прыходзяць з гэтым артыкулам да людзей сталага веку. Пенсіянерам хіба робяць ільготу: да суда не змяшчаюць у СІЗА, а даюць заставацца ўдома пад парукі. Чаму так узяліся за пенсіянераў, невядома. Але пра артыкул маюць здагадку: сканчаецца час, калі ім можна карыстацца.


За злачынствы ў Беларусі, згодна з Крымінальным кодэксам, можна караць не бясконца. Артыкул 83 КК РБ прадугледжвае розныя тэрміны даўніны для злачынстваў рознай цяжкасці. Паводле артыкулу 342 тэрмін даўніны – 5 гадоў. Масавыя рэпрэсіі, звязаныя з выбарамі, распачаліся ў траўні 2020 года, масавыя пратэсты былі збольшага задушаныя ў лістападзе 2020-га. А значыць, за марш 16 жніўня 2020 года трэба паспець прыцягнуць да адказнасці да 15 жніўня 2025-га.


Як кажа юрыстка «Вясны», для сілавікоў гэта значыць «або зараз, або ніколі»: калі зараз не скарыстацца артыкулам 342, потым давядзецца прывязваць «злачынствы» да больш цяжкіх артыкулаў. А юрыстка арганізацыі «Respect – Protect – Fulfill» расказвае, што сілавікам далі ўстаноўку «паспець затрымаць як мага больш людзей, бо летам-восенню канчаецца тэрмін даўніны».

Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская на маршы беларусаў супраць бязвыбараў у Варшаве, Польшча. 26 студзеня 2025 года. Фота: Белсат

Вызваленне палітвязняў: душыць санкцыямі ці пачынаць перамовы?

Аналітыка

«Пакаянныя аўдыё», ціск на сваякоў эмігрантаў, паўторная «кампенсацыя шкоды» – што яшчэ прыдумалі сілавікі


Праваабарончы цэнтр «Вясна» апісвае новыя тэндэнцыі ў палітычных рэпрэсіях за апошні год.


Тое, што раней было «пакаяннымі відэа», становіцца «пакаяннымі аўдыё». Затрыманых за «экстрэмізм» раней прымушалі абгаворваць сябе і публікавалі відэа гэтага, цяпер жа або хаваюць твары затрыманых, або даюць аўдыё без карцінкі. Гэтыя аўдыё публікуюць у TikTok, замаскаваўшы пад «агляд навінаў».


Ад пачатку 2024 года сілавікі пачалі пераследаваць за атрыманне дапамогі сваякоў палітвязняў, а таксама тых, хто ім дапамагае. Акрамя таго, з мінулага студзеня трываюць рэйды па сваяках людзей, якія з'ехалі за мяжу: ад іх патрабуюць угаворваць родных вярнуцца ў Беларусь праз «камісію для вяртання».


ГУБАЗіК і Дэпартамент фінансавых расследаванняў з мінулага года прымушае паўторна «кампенсаваць шкоду» людзей, затрыманых за ахвяраванні арганізацыям, названым «экстрэмісцкімі». Сілавікі і раней патрабавалі ад людзей перавесці адвольныя сумы «на дабрачыннасць», цяпер жа патрабуюць гэтага паўторна ад тых, хто ўжо заплаціў ім «выкуп».


Колькасць завочных судоў «расце ў геаметрычнай прагрэсіі», адзначае «Вясна». За мінулы год спецыяльнае вядзенне для завочнага суда распачалі супраць прынамсі 105 чалавек. Спецыяльнае вядзенне ўсё часцей ужываюць супраць непублічных і немедыйных асобаў. Завочныя суды ператвараюцца ў канвеер: гэтак, у «справе аналітыкаў Ціханоўскай» асудзілі адразу 20 чалавек. Трох чалавек завочна асудзілі ўжо двойчы.


Летам мінулага года праваабаронцы даведаліся пра навінку ў жаночай папраўчай калоніі № 4 у Гомлі: на дварэ між жылой і вытворчай зонамі паставілі клетку плошчаю паўтара на два метры, куды жанчын садзяць на час ад гадзіны да трох-чатырох. Часта жанчын спецыяльна змяшчаюць туды ў халоднае надвор’е. Змяшчэнне ў такую клетку можа азначаць пазбаўленне абеду, а часцей за ўсё азначае таксама змяшчэнне ў штрафны ізалятар.


Асуджаным з палітычных матываў усё часцей не даюць копіяў судовых дакументаў: ні даведкі з ізалятару, ні пастановы аб прызнанні падазраваным, ні копіі міліцэйскіх пратаколаў. А без копіі пратаколу і пастановы суда немагчыма абскардзіць судовую пастанову.


За апошнія тры месяцы мінулага года ў сямі гарадах Беларусі былі затрыманыя і атрымалі цялесныя пашкоджанні 32 асобы, у тым ліку 10 транссэксуалаў, небінарных людзей і актывістаў ЛГБТК-супольнасці. Пераслед ЛГБТК-супольнасці чыняць на ўзор рэпрэсіўнай палітыкі расейскіх уладаў: дэманстрацыю аднаполых стасункаў і трансгендарных людзей афіцыйна прыраўнялі да дэманстрацыі парнаграфіі.

Выява з дакладу «Беларускага хельсінкскага камітэту» аб правах чалавека ў Беларусі. Выява: Belhelcom.org

Улады «адкусілі» вялікі кавалак правоў беларусаў, цяпер ператраўліваюць наступствы – аналіз БХК

навіны

Што прыдумалі ў Крымінальным кодэксе


Закон «Аб зменах кодэксаў у пытаннях крымінальнай адказнасці» афіцыйна апублікавалі 20 лютага. «Вясна» пераказвае найважнейшыя змены.


Папраўкі пашыраюць спіс артыкулаў, паводле якіх беларусаў можна будзе судзіць завочна. Напрыклад, за «дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь», «знявагу Лукашэнкі», «глумленне з дзяржаўных сімвалаў».


Некаторыя санкцыі артыкулаў дапоўненыя больш мяккімі відамі пакаранняў. Напрыклад, санкцыя паводле ч. 1 арт. 328 КК («Незаконны абарот наркатычных сродкаў») дапоўненая арыштам – ужо не абавязкова абмежаваннем ці пазбаўленнем волі. Вось толькі тэрміны пазбаўлення волі ў Беларусі па-ранейшаму неабмежаваныя: сумна вядомы артыкул 411, які дазваляе дадаваць пакаранне практычна без доказаў віны, застаўся без зменаў.


Таксама ўводзіцца новы артыкул 375-3 («Несанкцыянаваны распаўсюд інфармацыі аб размяшчэнні або перамяшчэнні падраздзяленняў, узбраення, вайсковай тэхнікі ды боепрыпасаў»). Санкцыя паводле яго прадугледжвае штраф, або арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін, пры здзяйсненні групай, або з карыслівых памкненняў, або тое, што пацягнула цяжкія наступствы, – да шасці гадоў.


Зняць судзімасць будзе цяжэй. Для зняцця судзімасці датэрмінова неабходна даказаць, што асоба вядзе законапаслухмяны лад жыцця, і дачакацца заканчэння не менш як паловы тэрміну судзімасці. Аднак новая рэдакцыя змяшчае дадатковыя ўмовы зняцця судзімасці датэрмінова: кампенсаваць шкоду, выплаціць атрыманы злачынным шляхам прыбытак, быць уладкаваным на працу. Апошняе, адзначаюць юрысты, асабліва складана, бо наймальнікі найчасцей адмаўляюцца браць на працу людзей, якія адбылі пакаранне паводле палітычных артыкулаў.


За менш цяжкае злачынства (такое, за якое максімальнае пакаранне складае 6 гадоў пазбаўлення волі) непаўналетняму ад 3 сакавіка не будуць прызначаць пазбаўлення волі. Раней выключэнне тычылася толькі злачынстваў, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі. Але пад новыя правілы не трапляюць замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства і «экстрэмісты».


21 траўня набудуць моц змены адносна змяшчэння пад варту. Гэтая мера стрымання не будзе ўжывацца да непаўналетняга; да жанчын ці самотных мужчынаў, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў або дзяцей з інваліднасцю, і да хворых на цяжкія захворванні (падазраваных або абвінавачаных у менш цяжкіх злачынствах, не спалучаных з замахам на жыццё і здароўе чалавека). Выключэнне таксама не распаўсюджваецца на «экстрэмістаў».


Частка 3 артыкулу 59 КК, якая прадугледжвае, што смяротнае пакаранне ў парадку памілавання можа быць замененае пажыццёвым пазбаўленнем волі, выключаная. Новая рэдакцыя Крымінальнага кодэксу не ўтрымлівае дадатковых абмежаванняў для памілавання прысуджаных да смяротнага пакарання. Гэта азначае, што асуджанага могуць проста вызваліць, як раней зрабілі з Рыка Крыгерам.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10