Яшчэ прысудзілі велізарныя штрафы – да 1,6 млн рублёў.
У Менскім абласным судзе вынесены прысуд па справе «аналітыкаў Святланы Ціханоўскай». 20 прадстаўнікам экспертнай супольнасці, палітыкам і журналістам завочна прысудзілі ад 10 да 11,5 гадоў зняволення і велізарныя штрафы, паведамляе Генпракуратура.
Усіх прызналі вінаватымі ў змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам; уваходжанні ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці; дапамаганні публічным заклікам да дзеянняў, якія накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь; дапамаганні ўчыненню дзеянняў, якія накіраваныя на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці, учыненых групай асоб.
Аляксандра Дабравольскага таксама прызналі вінаватым у кіраўніцтве «экстрэмісцкім» фармаваннем і «структурным падраздзяленнем, якое ўваходзіць у яго». Яму прысудзілі 11 гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі са штрафам у памеры 240 тысяч рублёў.
Ганне Красулінай, Дзянісу Кучынскаму, Пятру Рудкоўскаму, Аляксандру Шлыку – па 11 гадоў пазбаўлення волі са штрафам ад 40 тысяч рублёў да 1,6 млн рублёў.
На гэта Ганна Любакова ўжо паспела пажартаваць у сацсетках: «Суддзі далі мне 10 балаў!».
Паўлу Усаву прысудзілі 11 гадоў пазбаўлення волі.
Прысуд не ўступіў у сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.
У рэальнасці няма ніякага аб’яднання «аналітыкаў Ціханоўскай». Акрамя таго, некаторыя з асуджаных нават не звязваюць сябе з якімі-небудзь палітычнымі сіламі.