Надоечы прапагандыст Юрый Васкрасенскі, а потым палітык Зянон Пазняк падкінулі дроваў у агонь дыскусіі наконт вызвалення палітвязняў. У дэмакратычных сілах няма адзінства ў гэтым пытанні: хтосьці выступае за прымус Менску да перамоваў праз санкцыйны ціск, хтосьці – за неадкладныя перамовы, каб як мага хутчэй выцягнуць людзей з-за кратаў.
«Пакуль не будуць скасаваныя ўсе санкцыі, не будзе адкрытае неба, памежныя пераходы, ніхто з іх, з гэтых 20-30 асобаў-завадатараў, не выйдзе. Усё. Кропка. Прасіце сваіх гаспадароў, каб касавалі санкцыі з нашых прадпрыемстваў, мы ўсіх тады выпускаем, аддаём вам і жывіце там з імі як хочаце, толькі там, а не тут», – заявіў Юрый Васкрасенскі ў эфіры з Грыгорыем Азаронкам.
Падобна, прапагандыст выставіў умовы для пачатку перамоваў: раніцою – крэслы, увечары – грошы.
«Васкрасенскі бярэ на сябе занадта вялікую ролю гаварыць ад імя дзяржавы, ад імя Беларусі, прычым ён гаворыць менавіта так, як ён нібыта нейкая важная афіцыйная асоба. Але, тым не менш, агульны пасыл зразумелы: рэжым гатовы вызваліць палітзняволеных у абмен на адмену санкцыяў і на прызнанне Лукашэнкі кіраўніком Беларусі», – сказаў «Белсату» палітычны аглядальнік радыё «Свабода» Валер Карбалевіч.
Чалец каманды Віктара Бабарыкі, сакратар Каардынацыйнай рады Іван Краўцоў у каментары «Белсату» назваў Васкрасенскага праўладным інфлюэнсерам:
«Не думаю, што "запрашэнне" на нейкія перамовы дасылаецца праз блогераў. Ёсць афіцыйныя дыпламатычныя каналы і каналы спецслужбаў. Што датычыць гэтага меркавання, то, безумоўна, касаванне або змякчэнне санкцыяў у любым выпадку – адно з актуальных пытанняў на парадку дня. Як і з іншага боку – спыненне арыштаў і вызваленне асуджаных паводле палітычна матываваных справаў».
Лідар руху «Вольная Беларусь» Зянон Пазняк фактычна падгуляў Васкрасенскаму, заявіўшы ў адмысловым звароце, што варта ісці на перамовы і касаваць санкцыі, абы выцягнуць вязняў з-за кратаў. Палітык назваў цяперашнія ўлады тэрарыстычным рэжымам і падкрэсліў: з тэрарыстамі таксама вядуць перамовы:
«У Еўропе мяркуюць так: будзем ціснуць гэтымі санкцыямі на рэжым, пакуль ён не выпусціць палітвязняў. Але ўжо пяты год ціснуць, а людзі ў турме паміраюць, губляюць здароўе, выходзяць адтуль калекамі. Гэты рэжым – тэрарыстычны. Калі тэрарысты бяруць закладнікаў, яны ставяць нейкія свае ўмовы, то трэба ім ставіць другія ўмовы – заўсёды з тэрарыстамі так абыходзяцца, каб не знішчылі людзей, якія ў іх у закладніках. У дадзенай сітуацыі можна пайсці на тое, каб зняць тыя санкцыі, якія ім шкодныя».
Пазняк прывёў у прыклад Ізраіль, які дамовіўся з «Хамасам» пра вызваленне закладнікаў, і заклікаў заходніх палітыкаў «ісці на перамовы з гэтым варварскім рэжымам і ратаваць людзей».
«Лукашэнка пачаў выпускаць, яны даюць знакі, што яны гатовыя ісці на перамовы. Давайце гандлявацца з тэрарыстамі, але вынік гэтага – жыццё чалавека, гэта найважнейшае. Іншага выйсця няма, трэба з бандытамі ісці на гэтыя перамовы, каб вызваліць нашыя жыцці», – упэўнены палітык.
Адначасова ён падкрэсліў, што на такіх перамовах абавязкова мусіць абмяркоўвацца спыненне рэпрэсіяў, каб месца вызваленых вязняў не занялі іншыя.
Карбалевіч на гэта заўважыў: хто перашкаджае Зянону Пазняку пачаць перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам?
«Пагатоў Лукашэнка пра яго даволі пазітыўна выказаўся на нядаўняй прэсавай канферэнцыі. Калі ласка. Калі не хоча ехаць сам у Менск, няхай пашле тэлеграму: "Аляксандр Рыгоравіч, давайце будзем весці з вамі перамовы". Хацеў бы я паглядзець, які будзе адказ», – кажа суразмоўца «Белсату».
Ён таксама звярнуў увагу, што ў Брусель запрашаюць Святлану Ціханоўскую, а не Пазняка:
«Пазняк ужо хутка трыццаць гадоў як за мяжою. Здавалася б, за гэты час можна было б усталяваць моцныя сувязі з заходнімі краінамі, лабісцкія структуры стварыць, быць сваім чалавекам ва ўсіх уладных кабінетах на Захадзе. Але чамусьці гэтага абсалютна не атрымоўваецца. Чаму Пазняк не лабіюе сваёй ідэі праз еўрапейскія структуры? Чаму ніхто яго не пытаецца пра гэта?»

Пры гэтым Паліна Шарэнда-Панасюк, якая прайшла праз катаванні рэпрэсіўнай машыны і нядаўна была вызваленая, не сумняваецца, што выцягнуць людзей з-за кратаў можна толькі з дапамогаю моцных санкцыяў, эканамічнай блакады краіны.
«Калі я чую пра перамовы з Лукашэнкам, мне робіцца смешна. Лукашэнка – несамастойная фігура, гэта расейская марыянетка. З Лукашэнкам патрэбны толькі ціск. Тое, што выйшла я, – гэта не вынік дамоваў з рэжымам, гэта не тое, што Лукашэнка пайшоў на нейкія саступкі. Мы дайшлі да пэўнай кропкі, мы даціснулі сітуацыю са мною. Санкцыі дзейнічаюць. З размоваў з гэтымі людзьмі бачна, як яны раз'юшаныя гэтымі санкцыямі. Калі мы адмовімся ад санкцыяў і не даціснем рэжыму, што значыць, што праз пэўны час будуць новыя палітвязні. Патрэбная жорсткая эканамічная блакада гэтага рэжыму», – сказала актывістка на прэс-канферэнцыі ў Вільні 10 лютага.
Бадай, найвядомейшы прыхільнік санкцыйнага ціску – старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка. У каментары «Белсату» ён настойвае, што без саступак уладаў у Менску плёну ў справе вызвалення вязняў не будзе:
«Рэжым дакладна ведае, што варта зрабіць для таго, каб санкцыі былі паслабленыя або нават прыпыненыя. Канкрэтна ў кантэксце рэпрэсіяў, парушэнняў правоў чалавека і звязаных з гэтым санкцыяў – гэта спыненне тых самых рэпрэсіяў, палітыкі дзяржаўнага тэрору, прыпыненне дзейнасці рэпрэсіўных законаў, вызваленне людзей з турмаў, рэабілітацыя ўсіх асуджаных паводле палітычных матываў, у тым ліку завочна. І ў гэтым кірунку можна рухацца і нават дайсці да круглага стала. Але трэба мяняць унутраную палітыку рэжыму. І тут мяч цалкам на ягоным баку. Аднак рэжым замест гэтага прапаноўвае ўльтыматумы. Так не працуе».
Паводле Латушкі, цяперашнія ўлады маюць «спыніць тую дзейнасць, што сталася прычынаю санкцыяў, або працягваць гэтую дзейнасць, тупаць нагамі і ставіць неадэкватныя ўльтыматумы».
«У першым выпадку ёсць падставы размаўляць і дамаўляцца, у іншым жа выпадку размаўляць няма пра што», – упэўнены кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
Адначасова ён канстатаваў, што за вызваленне палітвязняў немагчыма скасаваць санкцыі, уведзеныя, напрыклад, за саўдзел Беларусі ў вайне ва Украіне:
«Разлічваць на змякчэнне і пагатоў прыпыненне санкцыяў, звязаных з агрэсіўнымі вонкавымі дзеяннямі рэжыму, немагчыма без спынення гэтых дзеянняў, без змены вонкавай палітыкі, без прыняцця бачных канкрэтных захадаў, якія б прадэманстравалі, што гэтая палітыка насамрэч змянілася і вяртання да яе больш не плануецца».
Латушка таксама не лічыць, што прыклад Ізраілю і «Хамасу» пасуе Беларусі:
«Гэта ў пэўнай ступені папулісцкае і несур’ёзнае параўнанне. Тыя, хто яго робяць, забываюць, якой была рэакцыя Ізраілю на агрэсію "Хамасу". Яны забываюць, што Ізраіль знішчыў амаль усё вайскова-палітычнае кіраўніцтва "Хамасу". Яны забываюць, што Ізраіль зліквідаваў велізарную колькасць баевікоў, інфраструктуры, тэхнікі».
Да думкі, што ў нашым выпадку ізраільска-хамасаўкі варыянт не спрацуе, схіляецца і Валер Карбалевіч:
«Сапраўды, з тэрарыстамі вядуць перамовы пра вызваленне палітвязняў. Праблема ў тым, што Ізраіль вызваляе сваіх людзей і ідзе на перамовы з "Хамасам", а беларуская апазіцыя не можа ісці на перамовы наўпрост з рэжымам Лукашэнкі. Нейкія пасярэдніцкія структуры – ну, яны могуць слухаць, скажам, палітыкі заходнія, але ў іх ёсць свае інтарэсы, якія не абавязкова супадаюць з інтарэсамі беларускіх дэмакратычных сілаў».
А вось паплечнік Бабарыкі Іван Краўцоў упэўнены, што замірэнне на Блізкім Усходзе, хай сабе і часовае, сведчыць: дамовіцца можна, была б воля.
«Ёсць падыходы, як дасягаць выніку ва ўмовах недаверу двух бакоў. Гэта паступовы рух, калі ўмовы выконваюцца паэтапна, і наступны этап не надыходзіць, калі любы з бакоў не выконвае папярэдняга, і гэта разнастайнасць саступак з усіх бакоў, гэта не чорнае і белае: мяняем санкцыі на палітвязняў», – адзначае Краўцоў.
Ён кажа, што існуюць розныя «плюшкі», якімі можна зацікавіць Менск: «Вяртанне амбасадараў, адкрыццё мяжы, персанальныя санкцыі, фінансавыя санкцыі, транспартавае злучэнне. Гэтыя абмежаванні істотна больш гнуткія і могуць аператыўна карэктавацца ў залежнасці ад прагрэсу дээскалацыі».
І натуральна, што такія гіпатэтычныя дамоўленасці з уладамі мусяць прадугледжваць спыненне рэпрэсіяў, канстатаваў суразмоўца «Белсату».

Галоўны дарадца абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка запэўнівае: Офіс спрабуе розныя шляхі і інструменты, каб дамагчыся вызвалення людзей і спынення рэпрэсіяў. І перамовы, дарэчы, ужо ідуць:
«Рэжым баіцца прамога дыялогу, таму мы размаўляем праз міжнародных партнёраў, гэта і асобныя краіны, і міжнародныя арганізацыі. Каналаў камунікацыі больш чым дастаткова. Праблема ў тым, што спробы дыялогу ўпіраюцца ў глухую сцяну: рэжым не прызнае, што ў Беларусі ёсць палітвязні, маўляў, няма пра што размаўляць. Былі розныя размовы, у тым ліку абмен Анджэя Пачобута на адкрыццё памежнага пераходу, ці змякчэнне асобных санкцыяў узамен на палітвязняў і спыненне рэпрэсіяў. На жаль, саюзнікі, якія вядуць такі дыялог, кажуць, што рэжым папросту недамоваздольны».
Як даводзіць Вячорка, да Лукашэнкі няма даверу:
,,«Ён кажа адно, а робіць зусім іншае. Усё ўпіраецца ў асабістыя страхі і фобіі Лукашэнкі. Што казаць, калі ён баіцца адпускаць нават старых і хворых? Ён нават у іх бачыць пагрозу для сябе і сваёй улады».
Дарадца Ціханоўскай прызнаў, што пакуль спрацаваў толькі гуманітарны шлях, але не палітычны. Ідзецца пра вызваленне вязняў з гуманітарнага спісу: «Гэта тое, над чым працавалі нашыя саюзнікі і міжнародныя структуры. І мы вітаем гэтыя вызваленні, і яны павінны працягвацца».
Франак Вячорка ўпэўнены, што санкцыйны ціск патрэбны, каб прымусіць улады вызваліць палітвязняў і спыніць рэпрэсіі:
,,«Санкцыі – акурат той інструмент, што можа дапамагчы. Калі рэжым спыняе рэпрэсіі, вызваляе людзей, то, натуральна, санкцыі, што былі ўведзеныя за парушэнні правоў чалавека, могуць быць змякчаныя ці прыпыненыя. І рэжым гэта ведае. Калі рэпрэсіі працягваюцца і ўзмацняюцца, то павялічваюцца і санкцыі».
Пры гэтым агучанага Васкрасенскім ультыматуму палітык не ўспрымае ўсур'ёз. Кажа, што такая «прапанова» – толькі маніпуляцыя.
«Здзеклівыя словы Васкрасенскага не больш чым гульня. "Зніміце санкцыі, а потым, можа быць, калі-небудзь пагаворым пра вызваленне людзей" – гэта толькі пацвярджае няздольнасць рэжыму да дыялогу. І гэта дакладна ніякі не сігнал. Калі б спынілі рэпрэсіі і вызвалілі, напрыклад, тысячу чалавек з турмаў – гэта можна было б назваць сігналам. А пакуль мы бачым толькі словы, маніпуляцыі і гульні з лёсамі людзей», – падсумаваў Вячорка.

Іван Краўцоў пры гэтым не бачыць праблемы ў тым, што бальшыня санкцыяў супраць Беларусі ўведзеная не за парушэнні правоў чалавека, а за іншыя правіны, у тым ліку за прымусовую пасадку ў Менску самалёта «Ryanair»:
«Сіметрыя тут неабавязковая, паглядзіце, як Доналд Трамп мяняе тарыфы на ахову мяжы з Мексікаю. Прычына, з якой санкцыі ўводзяць, неабавязкова адпавядае прычыне, з якой яны прыпыняюцца або адмяняюцца. Гэта найперш палітычная пастанова, а не працэдурная. Чаму дасюль дзеюць санкцыі на забарону палётаў, якія ўмовы іх касавання? Раман Пратасевіч і Соф’я Сапега фармальна на волі».
Зрэшты, суразмоўца «Белсату» ўжо не мае спадзеваў, што ЕЗ дапаможа выцягнуць беларускіх палітвязняў. Спадзевы засталіся толькі на ЗША:
,,«Я не раблю стаўкі на Еўропу. Мяркую, гэты момант прапушчаны, хаця для Беларусі больш выгодныя перамовы былі б акурат з ЕЗ, аднак момант сышоў. Раблю стаўку на ЗША, але для іх Беларусь – частка вялікай гульні, а не каштоўнасць сама па сабе. Дамовіцца будзе цяжэй».
Валер Карбалевіч таксама не выключае, што Белы дом можа неяк спрычыніцца да пэўнай адлігі ў нашай краіне, аднак адзначае: прагназаваць штосьці вельмі цяжка.
«Новая адміністрацыя ЗША стварае даволі вялікі элемент няпэўнасці і нявызначанасці. Таму цяпер шмат невядомага ў гэтай формуле», – кажа аналітык.
Паводле яго, перспектывы вызвалення палітвязняў змрочныя, бо для Захаду гэта не прыярытэтная праблема, пакуль трывае вайна, і дэмакратычныя сілы амаль не маюць уплыву на Брусель. Таму, як мяркуе Карбалевіч, дыскусія пра тое, узмацняць санкцыі ці змякчаць, схаластычная:
«Ад дэмакратычных сілаў тут нічога не залежыць. Тут залежыць збольшага ад пазіцыі заходніх краінаў, а пазіцыя заходніх краінаў арыентуецца не столькі на пазіцыю беларускай апазіцыі, колькі на нейкія іншыя чыннікі. І галоўным чынам яна грунтуецца на тым, што Беларусь падтрымоўвае Расею ў яе агрэсіі супраць Украіны. То бок асноўная частка санкцыяў – гэта санкцыі за вайну. І без вырашэння гэтай праблемы пытанне палітвязняў тут не вельмі моцны чыннік. Вось у чым праблема».
Як канстатуе эксперт, улады Беларусі не могуць спыніць падтрымання Крамля ў вайне. Таму, на думку Карбалевіча, сітуацыя пакуль тупіковая.
Сцяпан Кубік belsat.eu