Аналітыка

Вайна з «Хамасам»: Ізраіль не выйграў, але прайграў Іран

Вынік авіяудару Ізраіля. Сектар Газа, 16 студзеня 2025 года. Фота: Hasan N. H. Alzaanin/Anadolu via Getty Images
Вынік авіяудару Ізраіля. Сектар Газа, 16 студзеня 2025 года. Фота: Hasan N. H. Alzaanin/Anadolu via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Самая доўгая араба-ізраільская вайна, падобна, завяршаецца перамір’ем, якое набудзе моц 19 студзеня. Хоць сам канфлікт дагэтуль не вычарпаны, і перспектываў яго развязання таксама нябачна. Тым не менш, ён ужо моцна паўплываў на сітуацыю ў свеце, а дасягнутае перамір’е, магчыма, паказвае, як будуць спрабаваць памірыць Расею з Украінай.

Урад Ізраілю ў ноч на 18 студзеня зацвердзіў здзелку з «Хамасам» па спыненні агню ў Газе і вяртанні закладнікаў. 24 чальцы ўрада прагаласавалі за, восем – супраць. Раней ваенна-палітычны кабінет рэкамендаваў ураду зацвердзіць прапанаваны план, ухваліў яго і прэзідэнт Іцхак Герцаг. Раней у звароце да нацыі ён назваў пагадненне «правільным і неабходным крокам».

 

Пагадненне набудзе моц у нядзелю, 19 студзеня, а 08:30. У «Хамас» назвалі яго «паваротным момантам у канфлікце» з Ізраілем. Пры гэтым кіраўнік арганізацыі ў Газе Халіль аль-Хея, падзякаваўшы Расеі і іншым краінам, якія падтрымалі арганізацыю, падкрэсліў, што супрацьстаянне з Ізраілем працягнецца.

 

Умовы здзелкі

 

Першы этап пагаднення працягнецца 42 дні, за якія ізраільскія войскі выведуць з густанаселеных раёнаў сектару Газа, а жыхары поўначы змогуць вярнуцца ў свае дамы. Правяраць іх на наяўнасць зброі будуць прадстаўнікі Катара і Егіпта. Ізраільскія войскі застануцца толькі ў буфернай зоне ў сектары Газа не далей як 700 метраў ад мяжы, а таксама ў Філадэльфійскім калідоры ўздоўж мяжы з Егіптам, каб не дазволіць кантрабанду зброі.

 

З першага дня будзе дазволены ўвоз гуманітарнай дапамогі, штодзень 600 грузавікоў, у тым ліку з палівам для электрастанцыі і абсталяваннем для расчысткі завалаў, аднаўленчых працаў і для дзейнасці больніц. Таксама Ізраіль дазволіць ААН і звязаным арганізацыям ажыццяўляць гуманітарную дзейнасць ва ўсіх раёнах сектару Газы. Будуць дастаўлены палаткі (200 тысяч) і караваны (60 тысяч) для размяшчэння тых, хто страціў свае дамы ў вайне.

Пратэстоўцы, якія заклікаюць да вяртання закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ў сектары Газа, рэагуюць пасля таго, як 15 студзеня 2025 года было дасягнута пагадненне аб спыненні агню ў Газе і вызваленні закладнікаў. Тэль-Авіў, Ізраіль-15 студзеня. Фота: Amir Levy/Getty Images
Пратэстоўцы, якія заклікаюць да вяртання закладнікаў, якія ўтрымліваюцца ў сектары Газа, рэагуюць пасля таго, як 15 студзеня 2025 года было дасягнута пагадненне аб спыненні агню ў Газе і вызваленні закладнікаў. Тэль-Авіў, Ізраіль-15 студзеня. Фота: Amir Levy/Getty Images
Сем'і людзей, забітых і выкрадзеных з фестывалю «Supernova», які праходзіў побач з мяжою сектару Газа, моляцца за сваякоў у першую гадавіну атакі. Пасля нападу на тэрыторыі фестывалю валанцёры знайшлі не менш за 260 целаў, шмат маладых людзей выкралі і адвезлі ў якасці закладнікаў у Газу. Рэ'ім, Ізраіль. 7 кастрычніка 2024 года. Фота: Leon Neal / Getty Images

Разрастанне канфлікту і палонныя, якія не вярнуліся: год вайны Ізраілю з «Хамасам»

Аналітыка

Падчас першага этапу «Хамас» павінен вызваліць 33 закладнікаў, жывых і мёртвых: жанчын, дзяцей, пажылых людзей, хворых і параненых цывільных. У пагадненні падкрэсліваецца, што мэта здзелкі – вызваленне ўсіх ізраільскіх закладнікаў, як жывых, так і загінулых, прычым не толькі тых, хто быў захоплены «чорную суботу« 7 кастрычніка 2023 года, а і тых, якія «былі затрыманы ва ўсе перыяды».

 

У адказ плануецца вызваліць з ізраільскіх турмаў 1904 палестынцаў. Сярод тых, чые іімёны ўжо апублікаваныя, значная частка адбывае пажыццёвае зняволенне за забойствы або дапамогу забойству. Гэта прадстаўнікі «Хамасу», ФАТХа, «Ісламскага джыхаду» і іншых груповак. Большасць з іх – мужчыны 40-60 гадоў, якія дзясяткі гадоў знаходзіліся ў ізраільскіх турмах. Ізраіль абавяжацца не арыштоўваць вызваленых палестынцаў зноў на падставе тых жа абвінавачанняў, яны таксама не будуць абавязаны падпісваць якія-небудзь дакументы ў якасці ўмовы свайго вызвалення.

 

Перамовы адносна дэталяў другога этапу пачнуцца не пазней за 16-ы дзень дзеяння першага. Плануецца, што будзе абвешчанае поўнае спыненне ўсіх ваенных дзеянняў і варожых актаў, пасля чаго павінна пачацца вызваленне ўсіх астатніх ізраільскіх закладнікаў у абмен на пэўную колькасць палестынскіх зняволеных. Ізраіль павінен будзе цалкам вывесці войскі з сектару Газы.

 

На трэцім этапе, які таксама працягнецца 42 дні, будзе праведзены абмен целамі паміж бакамі пасля іх выяўлення і ідэнтыфікацыі. Будзе распачата рэалізацыя плана аднаўлення сектару Газы тэрмінам на тры-пяць гадоў пад наглядам і з удзелам Егіпта, Катара, ЗША і міжнародных арганізацыяў. Будуць адкрытыя памежныя пераходы і аблегчанае перамяшчэнне людзей і тавараў.

Ізраіль 10 кастрычніка: Дзвяры і сцяна дома, дзе некалькімі днямі раней былі забітыя мірныя жыхары ў выніку нападу баевікоў “Хамаса” на гэты кібуц недалёка ад мяжы з газай. Ізраіль, Кфар-Азе, 10 кастрычніка 2023 года. Фота: Alexi J. Rosenfeld/Getty Images
Ізраіль 10 кастрычніка: Дзвяры і сцяна дома, дзе некалькімі днямі раней былі забітыя мірныя жыхары ў выніку нападу баевікоў “Хамаса” на гэты кібуц недалёка ад мяжы з газай. Ізраіль, Кфар-Азе, 10 кастрычніка 2023 года. Фота: Alexi J. Rosenfeld/Getty Images

Самая доўгая вайна

 

Вайна пачалася з нападзення «Хамасу» на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 года. Тады загінулі каля 1200 ізраільцянаў, больш як 250 былі захопленыя. У адказ Ізраіль пачаў ваенную аперацыю ў сектары Газа. Паводле падкантрольнага «Хамасу» Міністэрства аховы здароўя, за час баявых дзеянняў загінулі больш як 46 тысяч жыхароў рэгіёну. Цагаль заяўляе пра забойства каля 17 тыс. вайскоўцаў «Хамасу». Баявыя страты Ізраілю склалі каля 1000 чалавек. Амаль усё насельніцтва сектару Газа (каля 2 млн чалавек) было вымушана пакінуць свае дамы. Звыш 60 % будынкаў там поўнасцю разбураныя або значна пашкоджаныя. 

 

Сам канфлікт стаў самай доўгай вайной у гісторыі Ізраілю. Першая дамоўленасць паміж Ізраілем і «Хамасам» была дасягнутая праз шэсць тыдняў пасля пачатку вайны, 22 лістапада 2023 года. Тады бакі спынілі агонь на чатыры дні, на волю выйшлі 110 закладнікаў і 240 палестынцаў, якія знаходзіліся ў турмах Ізраілю. 2 снежня перамовы зайшлі ў тупік, і агонь аднавіўся. Зрываліся і іншыя перамовы, у тым ліку пасля забойства Ізраілем у Тэгеране палітычнага лідара «Хамасу» Ісмаіла Ганіі.

 

У сярэдзіне снежня, ужо пасля таго, як прэзідэнтам ЗША быў абраны Доналд Трамп, бакі зноў сталі казаць аб тым, што перамірʼе блізка. У студзені 2025 года, праз больш як 15 месяцаў баявых дзеянняў у Газе, дэлегацыі Ізраілю і «Хамасу» дамовіліся ў Досе (Катар) пра замірэнне. Прадстаўнікі ЗША і Катару таксама паставілі подпісы пад пагадненнем. Гарантам здзелкі таксама стаў Егіпет.

,,

Не выключаецца, што на Ізраіль і «Хамас» мела ўплыў змена адміністрацыі ў ЗША, прызначаная на 20 студзеня. Трамп папярэдзіў, што калі да моманту ягонага ўступлення на пасаду закладнікі не будуць вызваленыя, то «расплата будзе жорсткай». Стыў Ўіткаф, пасланнік Трампа на Блізкім Усходзе, таксама наведаў Катар і Ізраіль.


Перамовы паскорыліся яшчэ і пасля таго, як Ізраіль дасягнуў асобнага пагаднення аб спыненні агню з ліванскай групоўкай «Хізбула», што пачала абстрэльваць Ізраіль ракетамі адразу пасля нападу «Хамасу» ў кастрычніку 2023 года. Пасля эскалацыі канфлікту з Ізраілем «Хізбула» пагадзілася на спыненне агню ў лістападзе, што спрыяла ізаляцыі «Хамасу».

 

У адным са сваіх пастоў Трамп напісаў, што «эпічнае пагадненне аб спыненні агню ўдалося заключыць толькі дзякуючы нашай гістарычнай перамозе ў лістападзе». Ён паабяцаў, што яго адміністрацыя працягне імкнуцца да міру і складаць угоды ў імя бяспекі ўсіх амерыканцаў і іх саюзнікаў. У сваю чаргу дзейны Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што план спынення агню распрацоўваўся «цягам апошніх шасці ці сямі месяцаў, інтэнсіўна, але ціха, з арабскімі партнёрамі і іншымі». Паводле яго, «гэта канчатковае заканчэнне вайны».

 

Не мір, а прымусовае замірэнне

 

Аднак эксперты не настолькі аптымістычныя ў сваіх ацэнках. Журналістка Марʼяна Беленькая, якая вядзе тэлеграм-канал «Фалафельная», у каментары «Медузе» адзначае, што вайна паміж Ізраілем і «Хамасам» не скончаная, і калі яна скончыцца, невядома. «Але ў гэтым раўндзе, відаць, перамагае «Хамас»», – дадае яна.

 

«”Хамас” захоўваецца і можа адрадзіцца ў любы момант, але разбураная ягоная вайсковая інфраструктура. Пытанне, наколькі яно можа функцыянаваць і кантраляваць сектар Газа. … Падобна на тое, што пакуль магчымасці для гэтага ў яго застаюцца. Не такія, як былі да 7 кастрычніка. Але пакуль “Хамас” застаецца ўладай у сектары Газа. А гэта тое, што Ізраіль хацеў прынцыпова змяніць», – кажа Беленькая.

 

Паводле яе, так атрымалася таму, што абвешчанае Ізраілем імкненне знішчыць ваенную інфраструктуру «Хамасу» і ліквідаваць яго як палітычную сілы ў сектары Газа супярэчыла іншай мэце вайны – вызваленню закладнікаў. На думку Беленькай, «Хамас» можа падаць пагадненне як сваю перамогу.

 

Пра тое, што замірэнне паміж Ізраілем і «Хамасам» толькі «прамежкавае» піша ў сваім тэлеграм-канале «Пески Аравии» і Ілія Куса, аналітык Украінскага інстытуту будучыні. Ён адзначае, што бакі не абавязваліся спыніць вайну ў доўгатэрміновай перспектыве.

,,

«Шмат у чым, гэтая дамова была навязаная бакам, асабліва Ізраілю праз тое, што ўсе стаміліся ад вайны і жадаюць нейкай стабілізацыі і прадказальнасці, уключаючы новую адміністрацыю Трампа. Паколькі доўгатэрміновага вырашэння ізраільска-палестынскага канфлікту на сёння няма, то ўсе вырашылі вярнуцца да старога добрага замарожвання. А яно ніколі не заканчвае канфлікты», – падкрэслівае аналітык.


Лідар «‎Хамасу» Ях'ю Сінўара прысутнічае на цырымоніі ўшанавання памяці камандзіраў групоўкі, якія загінулі падчас апошніх ізраільскіх авіяўдараў у Газе, сектар Газа. 24 траўня 2021 года. Фота: Ashraf Amra / Anadolu Agency / Getty Images

Тэрарыст №1 загінуў. Як гэта паўплывае на канфлікт на Блізкім Усходзе?

Аналітыка

Паводле яго, пагадненне прапісанае так, што «там заўсёды знойдзецца нейкая шчыліна, якой любы бок можа апраўдаць зрыў дамоўленасцяў і вяртанне да баявых дзеянняў». Частка пытанняў агулам яшчэ няўзгодненая і пакінутая «на потым». Таксама не тлумачыцца, хто будзе плаціць за аднаўленне Газы і ці будуць грошы прывязаныя да палітычных патрабаванняў. Не вырашае дамова і пытанне статусу Газы, хто будзе надалей кіраваць сектарам і якой будзе будучыня Палестыны агулам.

 

«Міжнародныя гульцы будуць чапляцца за гэты дрэнны кампраміс, бо нічога іншага на гарызонце пакуль няма. Адміністрацыі Трампа будзе выгадна трымаць перамірʼе на плыву, каб прадаваць яго як завяршэнне ўсіх войнаў і ўмацоўваць міратворчы імідж Трампа, які ён будаваў падчас выбарчай кампаніі. Паралельна, будуць спрабаваць згенераваць нейкае рашэнне для ізраільска-палестынскай праблемы, але я сумняваюся, што яго знойдуць. Справядлівага для ўсіх рашэння няма, а на кампраміс па такім пытанні зараз ніхто з бакоў не гатовы ісці», – мяркуе Куса.

 

Як вайна змяніла свет

 

Пры гэтым вайна «Хамасу» з Ізраілем вельмі моцна паўплывала на сітуацыю на Блізкім Усходзе і нават у свеце. Сваёй дзёрзкай атакай 7 кастрычніка 2023 года, баевікі з сектару Газа выклікалі хвалю падтрымання ад сваіх прыхільнікаў па ўсім свеце. Але рашучы адказ Ізраілю адбіў у іх ахвоту наўпрост падтрымліваць «Хамас», хоць такія заклікі да арабскай вуліцы гучалі неаднаразова.

 

Падтрымаць «Хамас» баявымі дзеяннямі ў рэшце вырашыліся толькі групоўкі, так ці інакш звязаныя з Іранам і сам Тэгеран. Але ў выніку аперацыяў Цагалю ліванская «Хізбула», якая найбольш уцягнулася ў супрацьстаянне, фактычна страціла сваё найвышэйшае кіраўніцтва і значную частку актыву, і была вымушаная пайсці на замірэнне. Удзел «Хізбулы» ў канфлікце з Ізраілем моцна аслабіў яе пазіцыі ў Ліване, дзе ўпершыню з 2022 года атрымалася абраць прэзідэнта. Як вынік пасады прэзідэнта і прэм’ер-міністра занялі празаходнія палітыкі, абранне якіх раней блакавала «Хізбула».

Пахаванне Баевіка "Хезбалы", забітага На Поўдні Краіны. Бейрут, Ліван, 22 кастрычніка 2023 года, Manu Brabo/Getty Images
Пахаванне Баевіка "Хезбалы", забітага На Поўдні Краіны. Бейрут, Ліван, 22 кастрычніка 2023 года, Manu Brabo/Getty Images

Сам Іран, нягледзячы на гучныя пагрозы Ізраілю і абстрэлы з яго боку, паўнавартасна ў вайну так і не ўступіў. Вынікам гэтага сталася таксама тое, што Іран і «Хізбула» не здолелі абараніць ад паўстанцаў саюзны рэжым Башара аль-Асада ў Сірыі, які яны падтрымлівала вайсковым чынам з 2011 года.

 

«Гэтая вайна запусціла ланцуговую рэакцыю. Быў нанесены вялізны ўдар па «Хізбуле». Як следства, крыху знізіліся рэгіянальныя амбіцыі Ірану. Рэгіён ледзь не аказаўся ўцягнуты ў прамую вайну паміж Ізраілем і Іранам. Гэтага пакуль удалося пазбегнуць – але застаецца пытанне, ці канчаткова. Прынамсі, тое, што было цяжка ўявіць яшчэ некалькі гадоў таму, адбылося», – кажа Беленькая.

 

Сярод наступстваў гэтай вайны яна называе таксама ўзмацненне еменскіх хусітаў, якія здолелі «практычна поўнасцю заблакаваць сусветны гандаль праз Чырвонае мора», рост нявызначанасці ў Іраку, куды з Сірыі вярнуліся праасадаўскія групоўкі, і ўзмацненне ўплываў Турэччыны, Саудаўскай Аравіі і ААЭ.

 

«Усё гэта, з аднаго боку, можа быць лепшым для Ізраілю. Гэта можа прывесці да пашырэння Аўраамавых пагадненняў, утаймаваць амбіцыі Ірану. Але можа выйсці і наадварот: арабскія краіны ўзмоцняць ціск на Ізраіль, каб дабіцца стварэння палестынскай дзяржавы», – мяркуе Беленькая.

 

У сваю чаргу ўкраінскі аналітык Куса ў адмысловым відэа заяўляе, што пагадненне паміж Ізраілем і «Хамасам» паказала контуры, паводле якіх новая адміністрацыя ў ЗША будзе прасоўваць магчымае перамір’е паміж Украінай і Расеяй.

 

«Логіка абсалютна такая ж, ва ўмовах, калі няма доўгатэрміновага рашэння: яго тут няма, і па нашаму яго няма і не будзе. Будзе спроба зрабіць стаўку на замарожванне, улічваючы рэаліі, якія склаліся зараз, ваенна-палітычныя, эканамічныя», – мяркуе ён.

 

На яго думку, «усе будуць чапляцца за гэтае замарожванне «столькі, колькі змогуць».



Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10