А 21:00 паводле мясцовага часу ў суседняй краіне завяршыліся прэзідэнцкія выбары. Экзітпол сведчыць, што перамог кандыдат ад кіроўнай кааліцыі Рафал Тшаскоўскі, ён набраў 50,3 %.
Вынікі экзітполу абвесцілі ў медыях. Згодна з гэтай інфарацыяй, Рафал Тшаскоўскі з кіроўнай Грамадзянскай кааліцыі атрымаў 50,3 %, ягоны канкурэнт, Караль Наўроцкі, якога падтрымлівае апазіцыйная партыя «Закон і справядлівасць», – 49,7 %.
Гэта экзітпол інстытуту «Ipsos», праведзены на замову тэлеканалаў TVN24, TVP і «Polsat News».
Медыі адзначаюць, што гэта сацыялагічнае апытанне, статыстычная хібнасць можа сягаць 2 %, розніца паміж кандыдатамі зусім невялікая, таму варта чакаць афіцыйных вынікаў Дзяржаўнай выбарчай камісіі Польшчы. Іх плануецца абвесціць раніцою 2 чэрвеня.
Экзітпол таксама сведчыць, што за ліберала Тшаскоўскага больш галасавалі ў гарадах. Напрыклад, у населеных пунктах, дзе жывуць больш за 500 тысячаў чалавек, ён атрымаў 67,8 %, а кансерватар Наўроцкі – 32,2 %. У малых паселішчах – наадварот. У вёсках Наўроцкаму аддалі перавагу 63,4 % выбарнікаў, Тшаскоўскаму – 36,6 %.
Паводле экзітполу, у другім туры галасавання ўзялі ўдзел 72,8 % выбарнікаў (у першым туры было 67,31 %). Гэта рэкордная яўка на прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы.
У першым туры Тшаскоўскі набраў 31,36 % (паводле экзітполу – 30,8 %), Наўроцкі – 29,54 % (паводле апытання – 29,1 %).
Сцяпан Кубік belsat.eu