Праўладны актывіст Юрый Васкрасенскі заявіў, што ўлады Беларусі нібы гатовыя вызваляць грамадзян Злучаных Штатаў ў абмен на вяртанне амбасадара ЗША ў Менск. Што хацеў такой заявай данесці афіцыйны Менск? «Белсат» спытаў экспертаў.
Праўладны актывіст Юрый Васкрасенскі ў размове з прапагандыстам Рыгорам Азаронкам заявіў, што Беларусь вядзе перамовы з «амерыканцамі», а ў выніку гэтых перамоваў у Беларусь вернецца амбасадар Злучаных Штатаў.
Таксама Васкрасенскі патлумачыў умовы вызвалення астатніх палітвязняў: 20–30 знакавых палітвязняў не выйдуць, пакуль з Беларусі не будуць знятыя ўсе санкцыі. Васкрасенскі намякнуў, што «падобна, рыхтуецца да абмену» палітвязень, грамадзянін ЗША Юрась Зянковіч. Але сказаў, што не ведае, ці абмяняюць Зянковіча на кагосьці, ці выдадуць проста каб адміністрацыя ЗША гэта ацаніла.
Што значаць гэтыя размовы? Можа, такім чынам Аляксандр Лукашэнка намякае адміністрацыі Доналда Трампа, што Зянковіча абмяняюць на вяртанне амбасадара ЗША ў Менск?
Сігналы з Менску незразумелыя
Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі казаў у перадачы «Zoom» на «Белсаце», што словы Васкрасенскага цяжка ацэньваць, бо той не з’яўляецца афіцыйнай асобай. Зразумела, што ён знаходзіцца ў Беларусі і камунікуе з дзяржаўнымі ўстановамі, таму верагодна, што ён атрымаў дазвол на такія словы.
Кавалеўскі можа сказаць упэўнена толькі адно: дыпламатычныя кантакты між Менскам і Вашынгтонам працягваюцца, ніколі не спыняліся. На сёння стаіць пытанні пра тое, каб адкрыць наноў амбасаду ЗША ў Менску, ды пытанне пра накіраванне амбасадара да гэтага часу не стаяла.
,,«Нават з тым, каб забяспечыць базавую дыпламатычную прысутнасць амерыканцаў у Беларусі, ёсць складанасці, – адзначае Кавалеўскі. – Пакуль мы не бачым прагрэсу ў вырашэнні гэтай праблемы».
Менск, паводле яго, скаваны пэўнымі абмежаваннямі з боку Крамлю: улады Беларусі не хацелі б паказваць нейкі «разварот у бок Захаду», «нармалізацыю адносінаў», бо Крэмль можа «стукнуць па руках». І ўлады Беларусі нібы не ўпэўненыя ў стратэгіі: адначасова адбываюцца вызваленні палітвязняў і рэпрэсіі. Лукашэнка кажа пра тое, што трэба будаваць «унутраныя масты», дыялог, але ў ягоным разуменні гэта азначае поўную капітуляцыю грамадства. Гэтак і нармалізацыя адносінаў з краінамі Захаду: гэта быццам бы прыярытэт праграмы Лукашэнкі на наступныя пяць гадоў, але сігналы ад яго паступаюць вельмі невыразныя, супярэчлівыя і непаслядоўныя.
На думку Кавалеўскага, іншыя краіны маглі б актыўней падыходзіць да праблемаў, з якімі сутыкнулася Беларусь. А гэта і вызваленне палітвязняў, і праблема рэпрэсіяў, і пытанне з мабільнасцю, моцна абмежаванай для беларусаў. Прысутнасць у Беларусі амбасадараў тых краінаў, якія выказваюцца за захаванне незалежнасці і суверэнітэту Беларусі, была б карысная, даводзіць Кавалеўскі. Нават сама іх прысутнасць падкрэслівае незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, ды і было б добра, каб не толькі расейскі ці кітайскі амбасадары дамінавалі і «задавалі тон».
Лукашэнка бачыць «вакно магчымасцяў»?
Паліталагіня Таццяна Чуліцкая падкрэслівае ў каментары «Белсату»: магчыма ўсё, не здзівіцца нічому. Дзеянні амерыканскай адміністрацыі ці дзяржаўнага сакратара ЗША цяжка прадказаць. Могуць і амбасадара вярнуць, нельга выключаць такога, хоць гэта «радыкальны варыянт».
,,«Яшчэ адзін момант, які б я мела на ўвазе, гэта тое, што беларускі бок, Васкрасенскі таксама, вельмі любяць перабольшваць і паказваць тое, чаго няма ў рэчаіснасці», – звяртае ўвагу Чуліцкая.
Яна нагадвае, як летась ува ўсіх беларускіх дзяржаўных медыях распавядалі, што Лукашэнка сустракаўся на нейкім «супервысокім узроўні» з прадстаўніком Дзярждэпу ЗША. З таго, што вядома цяпер, падобна, што ў Беларусь прыязджаў чыноўнік сярэдняга ўзроўню, размаўляў пра палітвязняў і сітуацыю ў Беларусі, а сустрэча была не нейкай лёсавырашальнай, а проста працоўнай. Камунікацыя ідзе на тэхнічным узроўні, але не на такім высокім, як хацеў бы Лукашэнка.
Справа ў тым, што да Штатаў у Лукашэнкі адносна больш паважлівае стаўленне, чым да еўрапейскіх (асабліва невялікіх) дзяржаваў, заўважае паліталагіня. Афіцыйны Менск бачыць сябе вельмі значным геапалітычным гульцом, а адносіны з ЗША, як і з Расеяй, гэта камунікацыя з відавочна моцным геапалітычным лідарам. Такі дыялог «падвышае» саму Беларусь.
Дакладна, што кантакты не разарваныя: Чуліцкая кажа, сведчанні таму – як ў 2020 годзе хутка вызвалілі грамадзяніна Беларусі і ЗША Віталя Шклярава, а ў 2025-м – грамадзянку ЗША Анастасію Нуфэр, хоць не было нават навінаў пра ейнае затрыманне. Ды калі цяпер вядуцца размовы пра вяртанне амбасадара, то наўрад ці ў абмен на вызваленне аднаго палітвязня. Можа, на Зянковіча разам з іншымі, як то з журналістамі «Свабоды» ці з Марыяй Калеснікавай.
Паводле Чуліцкай, зацікаўленасць у гэтым з боку ЗША хутчэй за ўсё, ёсць:
,,«Як спрабуе рабіць адміністрацыя Трампа: хутка вырашыць складаныя пытанні. Беларусь – гэта сапраўды вельмі маленькае пытанне, асабліва зараз і асабліва для амерыканскай адміністрацыі. Разам з тым, гэтае пытанне ёсць».
Суразмоўца дадае: нават калі ЗША не змогуць цалкам вырашыць беларускае пытанне, яны могуць дамагчыся вызвалення палітвязняў (асабліва тых, хто звязаны з ЗША), сказаць «мы здолелі, а мінулая адміністрацыя нічога не змагла», і выправіць амбасадара «вырашаць пытанні і наводзіць парадак».
Ва ўладаў Беларусі, пералічвае Чуліцкая, ёсць зацікаўленасць і ў вяртанні амбасадара, і нейкім «прызнанні легітымнасці», і ва ўдзеле ў патэнцыйных перамовах па Украіне, і ў нейкіх іншых кроках, якія пакажуць, што палітыка адносна Беларусі змянілася.
Паліталагіня згадвае, што мінулая адміністрацыя ЗША заяўляла пра непрызнанне выбараў у Беларусі, а новая адміністрацыя яшчэ не выказвала пазіцыю па Беларусі. Для ўладаў Беларусі адсутнасць пазіцыі – амаль добры знак: раз не крытыкуюць, дык, магчыма, прымаюць! Чуліцкая мяркуе, што беларускі бок цяпер бачыць у адносінах з ЗША «вакно магчымасцяў».
Размовы ідуць, але не пра амбасадара і палітвязняў?
Калі разглядаеш суразмоўцу як праціўніка, то перамовы ці нават размовы пра перамовы могуць весціся не для таго, каб дасягнуць выніку, кажа «Белсату» палітолаг Мікола Пачкаеў. Праз такія размовы ў кантэксце канфлікту можа рабіцца выведванне сапраўдных пазіцыяў, запытаў і інтарэсаў другога боку, ступень зацікаўленасці ў кампрамісах. Аналіз атрыманай інфармацыі тады будзе ўжывацца як падстава для іншых рашэнняў.
,,«Навязанне кантактаў на тэму, цікавую аднаму боку, можа быць скарыстана другім бокам, каб плаўна змяніць тэму на штосьці цікавае яму, – адзначае Пачкаеў. – То бок, для стварэння каналу размоваў на іншую тэму. Таму кантакты сапраўды могуць быць, але гэта не азначае, што з мэтаю атрымаць практычны вынік на тэму, аб якой перш зайшла мова».
Трампа можа цікавіць вызваленне грамадзянаў ЗША (або людзей з падвоеным беларуска-амерыканскім грамадзянствам, як у Зянковіча), дапускае Пачкаеў. Наколькі ж яго цікавяць грамадзяне Беларусі, якія працавалі на радыё «Свабода», сказаць цяжка. Ды вызваленне палітвязняў – «аднаразовая падзея».
Запатрабаванні з боку Лукашэнкі, як лічыць Пачкаеў, гэта хутчэй санкцыі, уведзеныя за ролю ў вайне супраць Украіны. Але іх не здымуць за разавае вызваленне часткі палітвязняў, ды і потым могуць увесці зноў. Лукашэнку можа цікавіць і спыненне падтрымкі ЗША беларускіх палітычных структураў і медыяў у замежжы, але невядома, ці шмат той падтрымкі мае Аб’яднаны пераходны кабінет ці офіс Ціханоўскай – і ці ёсць што Штатам саступаць у гэтым напрамку.
Лукашэнка можа прапаноўваць зрабіць Менск пляцоўкай для перамоваў па Украіне, ды Пачкаеў лічыць, што «ўсе разумеюць»: рашэнне ў гэтым не за Лукашэнкам, а за Пуціным. І іншыя перамоўнікі могуць быць супраць, і ў ЗША няма патрэбы ў Лукашэнку на перамовах.
Вяртанне амбасадара ЗША, на думку Пачкаева, не надта патрэбнае Лукашэнку. Яно магчымае, але для ЗША ўзнікае праблема даверчых лістоў: каб прызначыць амбасадара, трэба фактычна прызнаць Лукашэнку прэзідэнтам. Наўрад ці гэта непераадольная перашкода для Трампа, але якая ў гэтым карысць для нацыянальных інтарэсаў ЗША? Калі б «навязвалася нейкая дынаміка адносінаў», можна было б вярнуць амбасадара, каб потым пагражаць адклікаць у разе непрыязных актаў. Ды пакуль той дынамікі не відаць: для цяперашняга ўзроўню стасункаў хопіць часовага паверанага (chargé d'affaires).
,,«Адзіны аспект, навошта Лукашэнку можа быць цікавае вяртанне амбасадара ЗША, гэта гульня на расейскім напрамку, то бок падвышэнне матэрыяльнай рэнты за свае паслугі Крамлю праз стварэнне карцінкі, што ягоная лаяльнасць дарагога каштуе, бо нібыта ў яго ёсць, калі што, варыянты на Захадзе», – кажа Пачкаеў, падкрэсліўшы словы «можа» і «нібыта».
Суразмоўца не ўпэўнены, што Лукашэнка «такі рызыкант», тым больш у кантэксце вайны ва Украіне, у час якой рэакцыя Крамлю на дэманстрацыю нелаяльнасці можа быць больш агрэсіўнай. Таксама як не ўпэўнены ў тым, што ў ЗША дапускаюць, што Лукашэнка можа пайсці на практычны канфлікт з Пуціным (як то вывесці з Беларусі расейскую ядравую зброю, калі яе сапраўды завезлі) ці хаця б з Кітаем, бо рэжым Лукашэнкі «з гэтых адносінаў жыве», а ЗША ці Еўразвяз яму не заменяць Расеі.
Алесь Наваборскі belsat.eu