навіны

Замірэнне, абмен палоннымі, аніякіх абмежаванняў для ЗСУ: што Украіна прапануе Расеі ў Стамбуле

img
Міністр замежных справаў Турцыі Хакан Фідан (у цэнтры) на трохбаковых расейска-ўкраінска-турэцкіх перамовах у Стамбуле. 16 траўня 2025 года. Фота: Murat Gok/Anadolu via Getty Images
podpis źródła zdjęcia

2 чэрвеня ў Стамбуле мае адбыцца другі раўнд перамоваў украінскай і расейскай дэлегацыяў. На першай сустрэчы бакі дамовіліся, што падрыхтуюць праекты мірных дамоваў, і агенцтва «Reuters» апублікавала мемарандум, распрацаваны ў Кіеве. Гэтыя прапановы сталіся вядомымі пасля дзёрзкай аперацыі СБУ супраць расейскай стратэгічнай авіяцыі.

Расейская дэлегацыя ўжо выправілася ў Стамбул на другую сустрэчу з украінцамі. Яе, як і ў першы раз, ачольвае дарадца Уладзіміра Пуціна Уладзімір Мядзінскі.


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пацвердзіў удзел у гэтых перамовах, дэлегацыю зноў узначаліць міністр абароны Рустэм Умераў.


На першай сустрэчы 16 траўня бакі дамовіліся, што падрыхтуюць бачанне таго, як скончыць вайну. У Крамлі казалі, што свой праект абнародаваць не будуць, бо «перамовы мусяць весціся ў закрытым, а не публічным рэжыме».


Цяпер агенцтва «Reuters» апублікавала ўкраінскі мемарандум – прапановы Кіева, што будуць абмяркоўвацца ў Стамбуле.


Вось што ў дакуменце:


  • Поўнае і безумоўнае спыненне агню ў небе, на зямлі і на моры як неабходны фон і перадумова для мірных перамоваў;
  • Захады ўмацавання даверу: безумоўнае вяртанне ўсіх дэпартаваных украінскіх дзяцей, абмен усімі зняволенымі паводле прынцыпу «ўсіх на ўсіх», вызваленне Расеяй усіх цывільных закладнікаў;
  • Невяртанне агрэсіі: мэта перамоваў – узнаўленне сталай асновы для трывалага міру і бяспекі і забеспячэнне таго, каб агрэсія не паўтарылася;
  • Украіна мусіць атрымаць надзейныя гарантыі бяспекі;
  • Украіну не прымушаюць да нейтралітэту, яна можа самая выбраць, ці быць ёй часткаю еўраатлантычнай супольнасці і рушыць да чалецтва ў ЕЗ. Чалецтва Украіны ў NATO залежыць ад кансэнсусу ў альянсе;
  • Не дапускаюцца абмежаванні на колькасць, дыслакацыю і іншыя параметры ЗСУ, а таксама на размяшчэнне на тэрыторыі Украіны войскаў сяброўскіх краінаў.


Тэрытарыяльныя спрэчкі адсоўваюцца на другі план. У мемарандуме адзначаецца, што «міжнародная супольнасць не прызнае тэрытарыяльныя заваяванні Расеі з лютага 2014 года», аднак зыходны пункт перамоваў – цяперашняя лінія фронту.


«Тэрытарыяльныя пытанні абмяркоўваюцца толькі пасля поўнага і безумоўнага спынення агню», – напісалі ўкраінцы ў дакуменце.


Што датычыць санкцыяў супраць Расеі, то яны могуць паступова касавацца, аднак пры ўмове іхнага ўзнаўлення «пры неабходнасці». Заблакаваныя расейскія актывы або выкарыстоўваюцца для адбудовы Украіны, або вяртаюцца пасля выплаты рэпарацыяў.

Наступствы абстрэлу расейскімі войскамі гораду Мікалаева, Украіна. 25 траўня 2025 года. Фота: Serhii Ovcharyshyn/NikVesti.com/Global Images Ukraine via Getty Images
Наступствы абстрэлу расейскімі войскамі гораду Мікалаева, Украіна. 25 траўня 2025 года. Фота: Serhii Ovcharyshyn/NikVesti.com/Global Images Ukraine via Getty Images

Пасля заўтрашняй сустрэчы ў Стамбуле Кіеў прапануе працягнуць перамовы наконт галоўнага: спынення агню на 30 дзён з магчымасцю працягу кожныя 30 дзён, маніторынгу замірэння «пад кіраўніцтвам ЗША і пры падтрыманні трэціх краінаў», рыхтавання асабістай сустрэчы Зяленскага і Пуціна. На гэтым этапе ў перамовах маюць удзельнічаць ЗША і Еўропа.


І, нарэшце, апошні пункт плану – сустрэча лідараў Украіны і Расеі, якія мусяць узгадніць палажэнні мірнай дамовы:


  • Поўнае і сталае спыненне баявых дзеянняў – умовы, маніторынг, санкцыі за парушэнне;
  • Гарантыі бяспекі і непаўтарэнне агрэсіі;
  • Тэрытарыяльныя пытанні;
  • Эканоміка, кампенсацыі, адбудова;
  • Падпісанне канчатковай мірнай угоды.
Чытайце таксама:
Аперацыя СБУ: момант атакі на расейскую авіябазу. 1 чэрвеня 2025 года. Скрыншот: generalstaff_ua / Telegram

«Масква ў пэўным шоку». СБУ атакавала ў Расеі 40 вайсковых самалётаў

Украінскі мірны план з'явіўся пасля аперацыі СБУ супраць расейскай стратэгічнай авіяцыі. У Кіеве паведамляюць, што былі атакаваныя 40 самалётаў на аэрадромах у чатырох вобласцях Расеі, у тым ліку Іркуцкай, якая зазнала абстрэл упершыню з пачатку поўнамаштабнай вайны.


Гэтую аперацыю Служба бяспекі Украіны рыхтавала паўтара гады. Спачатку ў Расею завезлі дроны, потым – драўляныя дамкі. Гэтыя дамкі, пад дахам якіх схавалі беспілотнікі, цяжкавікамі давезлі да авіябазаў, дахі дыстанцыйна адчынілі, і дроны распачалі атаку.


У СБУ сцвярджаюць, што пашкодзілі або знішчылі 34 % стратэгічных носьбітаў крылатых ракетаў на галоўных авіябазах Расеі. Нанесеную шкоду ацанілі ў $ 7 млрд.


У Мінабароны Расеі абстрэл вайсковых цэляў назвалі «тэрарыстычным» і запэўнілі, што «ўсе атакі былі адбітыя», хаця ў Мурманскай і Іркуцкай вобласцях «адбылося ўзгаранне некалькіх адзінак авіяцыйнай тэхнікі».


Расейскае ведамства згадвае яшчэ адзін аэрадром – у Амурскай вобласці, аднак там з нейкіх прычынаў атака сарвалася. Цяжкавік, што перавозіў дроны, паводле неафіцыйных звестак, загрэў на аўтатрасе.

Кіраўнік СБУ Васіль Малюк з макетамі атакаваных расейскіх авіябазаў. Фота: SBUkr / Telegram
Кіраўнік СБУ Васіль Малюк з макетамі атакаваных расейскіх авіябазаў. Фота: SBUkr / Telegram

Былы галоўны рэдактар закрытай расейскімі ўладамі радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў у сваім Telegram-канале напісаў, што гэтай аперацыяй Украіна паказала гатовасць і ўменне атакаваць цэлі ў любым месцы на тэрыторыі Расеі:

,,

«Маўляў, мы гатовыя працягваць і без спынення агню, мы не такія слабыя, як вы там сабе думаеце, ваш наступ нічога не змяняе ў нашым змаганні. Гэта ўзмацненне перамоўнай пазіцыі. Цяпер чарга за Расеяй, што яна прадэманструе».


Падобнае меркаванне – у карэспандэнта «ВВС News Україна» Святаслава Хаменкі. Ён адзначыў, што атака беспілотнікаў на расейскія аэрадромы – навочнае сведчанне таго, што ў вайне яшчэ не ўсё вырашана. Фота спаленых бамбавікоў журналіст назваў «картамі ўкраінскай дэлегацыі» на перамовах з Масквою:


«Здаецца, не дарма Уладзімір Зяленскі заявіў, што дэлегацыя Украіны ўсё-ткі выправіцца ў Стамбул і ачоліць яе менавіта міністр абароны Умераў, толькі пасля таго, як гэтыя фатаграфіі, то бок карты, былі прадэманстраваныя на ўвесь свет».


Пры гэтым палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман раней у размове з «Белсатам» не выключаў, што з увагі на поспех украінскіх спецслужбаў Расея ў апошні момант можа адмовіцца ад сустрэчы 2 чэрвеня. Паводле аналітыка, аперацыя СБУ шакавала Маскву.


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10