навіны

Павел Латушка адказаў, якія правяранні бяспекі праходзіла Мельнікава

Анжаліка Мельнікава на сустрэчы з дэпутатамі Бундэстагу. Берлін, Нямеччына. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай Share Facebook X Telegram
Анжаліка Мельнікава на сустрэчы з дэпутатамі Бундэстагу. Берлін, Нямеччына. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай Share Facebook X Telegram
podpis źródła zdjęcia

Калі сцісла, то BELPOL кажа, што правяранне зніклай спікеркі Каардынацыйнай Рады было недастатковым, а НАУ адказвае, што дастатковым.

Прадстаўнік ініцыятывы BELPOL Уладзімір Жыгар у інтэрв’ю «Жыццё-маліна» 31 траўня заявіў, што правяраць Анжаліку Мельнікаву мусіў «той, хто яе прывёў».


«Той, хто яе прывёў, мусіў цалкам яе праверыць. Усе вось гэтыя нюансы, што цяпер усплываюць: што муж ездзіў у Беларусь, дзеці [ездзілі ў Беларусь], нешта яшчэ – усё гэта трэба было праверыць тады. Бо ўсё гэта не тое, каб выклікае параною, якая часта бывае ў беларусаў (што тут агент, там агент, хтосьці нешта спытаў – усё, агентура). Гэта сітуацыя, калі ў чалавека вось такое ў сям’і. Гэта значыць, што ў гэтага чалавека ўжо ёсць месца, на якое сістэма можа ў нейкі момант націснуць. Значыць, гэты чалавек не можа, не мусіць падымацца вышэй за пэўны ўзровень у іерархіі», – кажа Уладзімір Жыгар. 


На абвінавачванне праз сваю прэс-службу адказаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Ён падкрэсліў, што расчараваны выказваннем Жыгара і што Мельнікава прайшла неабходныя правяранні бяспекі.


«Анжаліка Мельнікава прайшла правяранне ініцыятывы «Кіберпартызаны», старшынёй фонду якой яна была. Адначасова, з нашай ініцыятывы, яна прайшла правяранне BYPOL, на базе якога, у тым ліку, была створаная арганізацыя BELPOL.


Анжаліка Мельнікава таксама праходзіла паліграф, арганізаваны гэтай жа ініцыятывай BELPOL.


Пры атрыманні польскага грамадзянства яна ў абавязковым парадку прайшла правяранне Агенцтва ўнутранай бяспекі, Агенцтва выведкі, Памежнай службы Польшчы, Агенцтва контрвыведкі і МУС Польшчы.


Якія дадатковыя правяранні мусіла правесці каманда НАУ, зыходзячы з вышэйназванага? Просім таксама браць пад увагу, што НАУ, як і ўсе нашыя дэмакратычныя ініцыятывы, ёсць цывільнай, а не вайсковай арганізацыяй», – напісаў Павел Латушка.


27 траўня Павел Латушка сказаў, што непакоіцца за жыццё Анжалікі Мельнікавай:


«Цяпер апытваюць сведкаў у гэтай крымінальнай справе – як сябраў Каардынацыйнай рады з розных фракцыяў, гэтак і чальцоў каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. На жаль, я абмежаваны абавязкамі пра невыдаванне хады аператыўных следчых дзеянняў. Але разам з тым я магу выказаць уласнае меркаванне: у мяне ёсць асцярогі за жыццё Анжалікі Мельнікавай».


Нагадаем: некалькі дзён таму стала вядома, што зніклая ў канцы сакавіка спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава магла мець рамантычныя стасункі з мужчынам, які ёсць агентам спецслужбаў Беларусі.


Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўразвязу 26 лютага 2025 года.


Паводле «Кіберпартызанаў», у сакавіку з рахунку фонду Мельнікавай былі выведзеныя вялікія сумы грошай, што прызначаліся для «Кіберпартызанаў» і Каардынацыйнай рады. Агулам з рахунку вывелі $ 150 тысяч.


Пасля гэтага яна кантактавала з паплечнікамі з Каардынацыйнай рады праз відэасувязь, але не праз асабістыя сустрэчы: казала, што хварэе. 25 сакавіка перастала выходзіць на сувязь. 13 сакавіка ейны тэлефон выкарыстоўвалі для доступу да файлаў Каардынацыйнай рады з беларускага IP-адрасу – імаверна, тэлефон быў на тэрыторыі Беларусі.


Дзе Анжаліка Мельнікава цяпер, невядома.


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10