Аналітыка

Паліттэхнолаг: Расейскае ГРУ разглядала сцэнар фізічнай ліквідацыі Лукашэнкі

 Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Фота: Contributor / Getty Images
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Фота: Contributor / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Беларусь ператварылася ў дэкарацыю, а Лукашэнка – у чалавека, якога Пуцін зневажае і выкарыстоўвае. Але гэта яшчэ не фінал, упэўнены паліттэхнолаг і публіцыст Расціслаў Мурзагулаў. У каментары «Белсату» ён расказаў пра змену стаўлення Крамля да Менска, магчымыя ўнутраныя расколы і тое, чаму Пуціну варта баяцца помсты з беларускіх кабінетаў.

ГРУ разглядала варыянт забойства Лукашэнкі


Цягам апошніх тыдняў Пуцін неаднойчы публічна зняважыў Лукашэнку: то саджаў далей ад сябе на парадзе 9 траўня, то жартаваў пра «бульбу», выклікаючы не толькі іранічныя каментары, але і істэрыю ў беларускай прапагандзе. «Белсат» спытаў у Расціслава Мурзагулава, ці не сведчаць такія паводзіны пра змену палітыкі Пуціна ў адносінах да Лукашэнкі.

,,

«Лукашэнка для Пуціна – гэта наогул падмайстра, такі “прынясі-падай, адыдзі, не замінай”. Гэта чалавек, якога Пуцін не паважае, не лічыць сабе роўным. І нягледзячы на тое, што Лукашэнка спачатку спрабаваў сябе паводзіць як кіраўнік незалежнай дзяржавы, але за ўсе апошнія гады Пуцін шматразова яго пераціснуў, запрасаваў, прымусіў танчыць пад сваю дудку – вось дакладна так, як ён хоча», – адзначае Мурзагулаў.


На думку суразмоўцы, калі Лукашэнка не хоча прыязджаць кудысьці на патрабаванне Пуціна, то яму могуць паступаць пагрозы.

Паводле інфармацыі Мурзагулава, раней былі нават сцэнары ад ГРУ, якія разглядалі фізічнае знішчэнне Лукашэнкі з падвешваннем адказнасці за гэта на ўкраінскія спецслужбы.

,,

«На самой справе былі паведамленні, я іх бачыў, што калісьці гэрэушнікі прапрацоўвалі на ўсялякі выпадак магчымасць фізічнай ліквідацыі Лукашэнкі, і, значыць, [былі] яшчэ і спробы павесіць гэта на ўкраінскія спецслужбы. То-бок наймалі нейкіх людзей, этнічных украінцаў, або ў Польшчы ўсё гэта рыхтавалі. Цікавыя былі там варыянты», – кажа Мурзагулаў. 


Лукашэнка можа «здаць» Пуціна


Суразмоўца лічыць, што Лукашэнка зрабіў тую памылку, на якую яго вымусіў пайсці Пуцін. Кіраўнік Крамля пачынае таптацца без усялякага сораму па тым чалавеку, які цалкам пад яго падладжваецца. І цяпер ён паводзіць сябе з Лукашэнкам агідна: выказывае гэтыя недарэчныя «дзедаўскія» жарты ў стылі КДБ, маральна знішчаючы і поўнасцю яго прыгнятаючы. Пуцін, відаць, лічыць такі метад эфектыўным, але гэта, на думку Мурзагулава, не зусім так.

У Лукашэнкі, працягвае суразмоўца, нягледзячы ні на што, таксама засталіся рычагі, каб адказаць Пуціну.

«Я ўпэўнены, што ён паспрабуе «зліць» некаторыя пуцінскія сакрэты туды, куды трэба. Бо Лукашэнка разумее: жыццё яшчэ наперадзе доўгае, у яго ёсць дзеці. Я думаю, што цяпер адкрываецца шырокае поле для працы тых людзей і арганізацый, якія ўмеюць падбіраць ключы да такіх «зняважаных і прыніжаных». І, мяркую, такая праца ўжо вядзецца», – кажа паліттэхнолаг.

На ягоны погляд, Лукашэнка – гэта сапраўдная скарбніца каштоўнай інфармацыі, якая здольная паскорыць падзенне пуцінскага рэжыму. А калі Пуцін настолькі зневажае яго, дык маральныя тармазы, відаць, ужо цалкам адключаныя і ў Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка дае каментар расейскім журналістам. Красавік 2025 года. Фота: Contributor / Getty Images
Аляксандр Лукашэнка дае каментар расейскім журналістам. Красавік 2025 года. Фота: Contributor / Getty Images

Беларусь – дэкарацыя пад Пуціным


Мурзагулаў таксама лічыць, што Масква больш не ўспрымае Беларусь як самастойную дзяржаву. У Крамлі Беларусь лічаць сваёй «кішэннай тэрыторыяй». Гэта вітрына таго, як выглядае краіна, якая цалкам лягла пад Пуціна. І, на жаль, адзначае суразмоўца, яна цяпер сапраўды пад ім. Гэта ілюстрацыя таго, як магла б жыць Украіна, калі б яна таксама ўвесь час ішла з Пуціным на кампрамісы – як гэта заўсёды рабіў Лукашэнка і ягоныя набліжаныя, часта пераціскаючы меркаванне беларускага грамадства.

Але ў пэўны момант Лукашэнка і Пуцін могуць пралічыцца і тут.

«Напрыклад, наколькі мне вядома, нават у элітарных колах у Беларусі няма асаблівага захаплення ад таго, што яны цалкам ляжаць пад Пуціным і не варушацца. Асабліва гэта заўважна было пасля таго, як Лукашэнка з цяжкасцю ўтрымаўся ва ўладзе – часткова дзякуючы Пуціну. Тады ў Беларусь пачалі прыязджаць гэтыя пуцінскія чэкісты, людзі з «заграбушчымі» рукамі, і пачалі ўсюды шныраць і камандаваць. І тады сярод уладных структураў, унутры беларускай эліты, пачаўся роспачлівы гоман», – кажа Мурзагулаў.

Як толькі з’явіцца магчымасць скінуць з сябе гэтыя аслабелыя пуцінскія лапы, а яны, на думку суразмоўцы, рана ці позна аслабнуць, то беларуская эліта абавязкова гэтым скарыстаецца. Бо так абыходзіцца з незалежнай краінай, якая мае міжнародна прызнаныя межы і суверэнітэт – гэта, вядома, «свінства рэдкаснае». І калісьці гэта атрымае адпаведную ацэнку, лічыць Мурзагулаў.

Раман Шавель belsat.eu 

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10