навіны

Ілан Маск распавёў, чаму з’явіўся з сіняком пад вокам на развітальнай канферэнцыі ў Белым доме

Ілан Маск падчас прэс-канферэнцыі ў Авальным кабінеце 30 траўня 2025 года. Фота: Kevin Dietsch / Getty Images
Ілан Маск падчас прэс-канферэнцыі ў Авальным кабінеце 30 траўня 2025 года. Фота: Kevin Dietsch / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

На прэс-канферэнцыі ў Белым доме Ілан Маск стаяў побач з прэзідэнтам Доналдам Трампам і казаў пра сыход з афіцыйнай пасады ва ўрадзе. Але больш за гэта журналістаў зацікавіў сіняк у яго пад вокам.

Спачатку пра паходжанне гематомы Маск пажартаваў: «Побач з Францыяй я не быў», відавочна маючы на ўвазе нядаўняе відэа з кадрамі, на якіх прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон атрымаў па твары ад сваёй жонкі.


Але потым Ілан Маск удакладніў, што сіняк пакінуў адзін з 12 ягоных дзяцей – сын Ікс (так, як і назва сацсеткі Маска Х), піша Washington Post.


«Я сказаў: «Давай, удар мяне ў твар». І ён ударыў. У той момант я амаль нічога не адчуваў, а потым, здаецца, з'явіліся сінякі», – распавёў ён. – Нішто не параўнаецца з ударам пяцігадовага дзіцяці ў твар».


Сын Маска, Ікс, поўнае імя якога – X Æ A-Xii Musk, – адно з дзяцей Маска і Клэр Бушэ, больш вядомай як Граймз. Паводле маці, імя малы атрымаў ад назваў любімага самалёта-выведніка, матэматычнай зменнай і штучнага інтэлекту.

Нагадаем, Маск напісаў у Х пра свой сыход праз дзень пасля таго, як заявіў, што «расчараваны» законапраектам Доналда Трампа аб бюджэце. Гэты праект бюджэту быў адным з галоўных складнікаў палітычнай стратэгіі Трампа, што сведчыць пра адрыў Маска ад прэзідэнта ЗША, якому ён дапамог пераабрацца ў 2024 годзе.


«Вялікі, прыгожы» законапраект Трампа ўключае падатковыя льготы на некалькі трыльёнаў долараў і павелічэнне выдаткаў на абарону. На думку Ілана Маска, гэта падрывае працу, якую ён зрабіў для Трампа дзеля скарачэння выдаткаў. Маск спыніў фінансаванне замежнай дапамогі ЗША, а таксама скараціў каля 260 тыс. з 2,3 млн федэральных цывільных работнікаў. Пасля незадаволенасці з боку грамадзянаў Маск заявіў, што «DOGE проста становіцца хлопчыкам для біцця за ўсё».


Маск, які меў прыватныя канфлікты з некаторымі чальцамі кабінету міністраў Трампа, спачатку абяцаў у рамках DOGE скараціць федэральны бюджэт «прынамсі на 2 трлн долараў», потым зменшыў гэтую мэту ўдвая, а ўрэшце – да 150 млрд долараў.


Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10